Партал Tuzin.fm прадстаўляе рэйтынг 100 найвялікшых беларускіх песень, складзены на падставе апытаньня 90 экспэртаў.
Мы ня знаем сваёй музыкі. Гэта неаспрэчны мэдычны факт. Вядома ж, далёкім водгульлем з савецкіх часоў гучыць, запісаныя на падкорцы, «Завіруха» і «Касіў Ясь». Канечне ж, кожны другі, пабудзі ты яго сярод ночы, назаве хоць пару тройку беларускіх песень – «Купалінка» і «Рэчанька» абавязкова будуць сярод іх. Цалкам магчыма, што на застольлі і старэйшыя, і маладзейшыя могуць зацягнуць разам калі не «Надзеньку» і «За туманам», дык дакладна «Бывайце здаровы» і «Чарку на пасашок». Але глябальна мы нічога ня ведаем. «У лідэрах беларускія ансамблі савецкіх часоў, статус беларускамоўных выканаўцаў — маргінальны», – такую выснову зрабіў пакойны ўжо дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі па выніках сацыялягічнага апытаньня, якое засьведчыла, што 40% беларусаў ня ведаюць ніводнага (!) беларускага выканаўцы, а тыя, хто ведае, можа назваць толькі трыяду «Песьняры»-«Сябры»-«Верасы». І тое ня факт, што ідэнтыфікуюць іх з выкананьня.
Маладзейшыя ведаюць больш, але таксама маюць пэўнасьць, што «Зорка Вэнера», «Рушнікі» і «Купалінка» – народныя творы, не заўжды адрозьняць Вольскага ад Вайцюшкевіча, раньні «Ляпіс» ад «Лепрыконсаў», а тое, што было да зьяўленьня інтэрнэту для іх упісваецца ў паняцьце «цёмны лес». Імёны тых выканаўцаў, якія колісь былі гонарам як беларускай эстрады, так і альтэрнатыўнай сцэны, забытыя абсалютна. Прынамсі ў сеціве. Лічаныя згадкі пра Тамару Раеўскую, Віктара Вуячыча, Ісідара Балоціна, Мікалая Ворвулева, Сьвятлану Кульпу, Нэлі Дзянісаву, Вольгу Аліпаву, Алену Саўленайтэ, першыя беларускія самадзейныя рок-гурты. Яшчэ меней фота. І зусім няма запісаў. Творы, што пяяліся ў 30-80-ыя гг. XX стагодзьдзя ў Беларусі ня тое, што не перавыдаваліся ў нашым стагодзьдзі. Яны збольшага наогул не выдавалася! Прагучалі на радыё – і ўсё. Няма складанак найлепшых песень нашых геніяльных сьпявачак Людмілы Александроўскай і Тамары Ніжнікавай, няма CD-анталёгіі беларускай эстраднай песьні. Што там казаць, народны артыст Сяргей Картэс ня мае дыску, на якім былі б сабраныя яго абраныя творы і дагэтуль нявыдадзены музычны збор твораў «Песьняроў». Ляжаць у архівах (добра, калі яшчэ ляжаць) сотні каштоўных запісаў джазавых, рокавых, блюзавых, арт-рокавых гуртоў, фантастычныя на тыя часы музычныя экспэрымэнты тых жа «Песьняроў» і «Сузор’я». Належным чынам не асэнсаваная роля «Мроі», «Бонды», «Улісу», якія запачаткавалі беларускі незалежны рок…
Гэты рэйтынг – спроба хоць крыху запоўніць прагалы ў веданьні сваёй музыкі. Ён складзены на падставе апытаньня 90 экспэртаў розных пакаленьняў. Тых пэрсонаў, якія зрабілі свой унёсак у разьвіцьцё сучаснай беларускай музычнай культуры – непасрэдна саміх музыкаў, знаўцаў і дасьледчыкаў, культуролягаў, прадусараў, кліпмэйкераў, рэжысэраў, паэтаў-песеньнікаў, гукарэжысэраў, прадстаўнікоў прэсы, радыё і тэлевізіі.
Мы прасілі кожнага назваць тыя песьні, якія на іх думку павінны прысутнічаць у рэйтынгу «100 найвялікшых беларускіх песень». Можна было называць адвольную колькасьць музычных твораў (ад 1 да 100), якія былі запісаныя беларускімі выканаўцамі (артыстам, гуртом, ансамблем) ад зьяўленьня гуказапісу ў Беларусі (30-ыя гг. XX ст.) да нашых дзён. Крытэры выбару – арыгінальнасьць музычнага твору, яго папулярнасьць у шырокіх колах (пры магчымасьці яе вымярэньня паводле вынікаў разнастайных прэмій, узнагародаў, паказьнікаў продажу, посьпеху ў чартах і г.д), значнасьць для жанру. Разглядаліся песьні, створаныя ў жанры папулярнай музыкі ў яе шырокім разуменьні, пад якое могуць падпадаць узорныя творы эстраднай музыкі, року, джазу, фольку, электронікі, мэталу, аўтарскай песьні ды зьмешаных і сумежных стыляў.
У выніковы рэйтынг увайшлі 100 песень. Месца кампазыцыі вызначаецца колькасьцю яе згадак у анкетах апытаных экспэртаў. У выпадках, калі названая песьня існуе ў розных варыянтах выкананьня ў дужках пасьля назвы пералічваюцца тыя, хто яе сьпяваў (але толькі тыя, хто быў названы ў анкетах).
Рэйтынг не прэтэндуе на ўсеахопнасьць, але можа даць уяўленьне пра найлепшыя здабыткі беларускай музыкі. І мы спадзяемся, што з дапамогай яго слухач адкрые для сябе практычна нязьведаны яшчэ беларускі музычны космас.
Тэкст: Сяргей Будкін, пры ўдзеле Віктара Сямашкі.
Апытаньне і складаньне рэйтынгу: Сяргей Будкін, Ганна Кавалёва, Хрысьціна Дарапей, Натальля Стрыжак.