Блог амбасадара Яе Вялікасці Бруса Бакнэла, публікацыі з якога па-беларуску шточацвер з’яўляюцца на нашым сайце, актыўныя чытачы “атакуюць” пытаннямі. І адказам на адно з іх стаў чарговы пост. Гэтым разам на адвечную тэму: “Інтэлігенцыя – хто яны?”. І хоць пытанне ўжо амаль рытарычнае, яго актуальнасць не змяншаецца. Сённяшняя развага Бруса Бакнэла – пра інтэлігенцыю ў Вялікабрытаніі і не толькі.
Адказ на пытанне “Што вы думаеце наконт канцэпцыі інтэлігенцыі?” Алены Белавусавай, чытачкі блогу.
Алена, дзякую за пытанне. Яно спадабалася мне, бо прымусіла задумацца, а ці маем мы такі тэрмін. Таму, паплёскаўшыся на мелкаводдзі інтэрнэту, я правёў невялікае даследаванне. Брытанскую версію я знайшоў, але не ўпэўнены, што яна цалкам адпавядае паняццю “інтэлігенцыя”.
Мяне здзіўляе амбівалентнасць тэрміна “інтэлігенцыя”. Калі я дакладна разумею, гэтае паняцце паходзіць з Расіі дзевятнаццатага стагоддзя і абазначае тую частку грамадства, якая зарабляе на жыццё разумовай, не фізічнай, працай. Зразумела, што гэта яшчэ адно “спрашчэнне паводле Гладуэла”. Але здаецца, што азначэнне мянялася з цягам часу, уключаючы то больш шырокае кола людзей, у тым ліку юрыстаў і прадстаўнікоў іншых прафесій, то больш вузкае (пісьменнікаў і іншых мысляроў). Тэрмін мае і пэўныя канатацыі. Мне вядома, што Ленін і іншыя палітыкі часам ужывалі яго, каб прынізіць людзей, бо інтэлігенцыя была “непрадуктыўнай” у матэрыяльным сэнсе слова (а ў савецкія часы нават інтэлігенцыя павінная была служыць справе пралетарскай рэвалюцыі). Перад тым, у лексіконе Маркса і іншых філосафаў ХІХ стагоддзя, тэрмін меў больш нейтральнае значэнне: носьбіты культуры.
На маю думку, гераізацыя і пераслед мысляроў – гэта зусім не ўнікальная грамадская з’ява. Існуе шмат антыінтэлектуальных традыцый. Але амаль заўсёды антыінтэлектуалы ці антыінтэлігенцыя – гэта такія ж мысляры і інтэлектуалы.
Да таго ж, хто вырашае прыналежнасць да інтэлігенцыі? Ці можаце вы лічыць сябе інтэлігенцыяй? Я назіраю тэндэнцыю да ўжывання тэрміна “інтэлігенцыя” з мэтай стыгматызацыі чалавека ці групы людзей за праявы інтэлекту. Менавіта гэта падаецца мне сутнасцю дэбатаў наконт значэння паняцця “інтэлігенцыя”.
І Брытанія не здаецца мне выключэннем.
У нас вельмі моцная традыцыя эмпірызму. Мы імкнемся верыць таму, а таксама разумець і прымаць тое, што назіраем самі, ці тое, што можа быць даказана фактамі. Нашы самыя выбітныя філосафы сямнаццатага стагоддзя, перш за ўсё Джон Лок, зрабілі гэта часткай нашай культуры.
А з іншага боку, у нас ёсць і даўняя традыцыя скептыцызму. Аддаючы перавагу ідэям, якія могуць быць пацверджаныя фактамі, мы часта насцярожана ставімся да тэорый, заснаваных на логіцы ці чыстым розуме. Гэта, бадай, найвялікшае адрозненне нашай філасофскай традыцыі ад традыцыі нашых блізкіх суседзяў – французаў.
Мы будзем задаваць пытанні, пакуль не ўпэўнімся ў тым ці іншым пункце гледжання на любую праблему. Наш парламент дасюль увасабляе найбольш адметны прыклад гэтай традыцыі, у чым любы, хто мае доступ да BBC Parliament, можа пераканацца сам. Як любая іншая нацыя, брытанцы могуць падазрона ставіцца да розуму і інтэлігентнасці. Часам мы гаворым, што хтосьці “напалову разумнейшы, чым трэба” ці “занадта разумны, на сваю бяду”. Сама па сабе інтэлігентнасць карысці не прынясе, калі яе нельга выкарыстаць на практыцы. Трэба мець дастаткова мудрасці і разважлівасці, каб ведаць, калі выкарыстоўваць інтэлігентнасць, а калі сцерагчыся адказаў, якія здаюцца інтэлігентнымі і правільнымі.
Увогуле, нашая традыцыя скептыцызму даволі мяккая (хаця па нашых газетах гэтага і не скажаш). Аднойчы адзін правы (з палітычнага пункту гледжання) журналіст стварыў тэрмін “балбатлівыя класы” каб даць азначэнне сваім палітычным апанентам. Тады яшчэ Маргарэт Тэтчэр была прэм’ер-міністрам. Мне падаецца, што ідэя была паказаць іх гультаямі-балаболамі, якія шмат гавораць, але нічога не робяць і не ствараюць, а толькі крытыкуюць тыя цяжкія рашэнні, якія даводзілася прымаць ураду лэдзі Тэтчэр.
Тэрмін, аднак, стаў хутчэй ласкальным, чым абразлівым. Мы ўжываем яго ў дачыненні да бліскуча адукаваных, ліберальна настроеных лонданцаў (часцей за ўсё), якія працуюць у СМІ, у культурнай ці творчай галіне. Але не існуе меркавання, што “балбатлівыя класы” ўяўляюць сабой пагрозу ці што іх трэба кантраляваць. З балбатлівымі класамі трэба спрачацца.
Канечне, маёй краіне пашчасціла мець доўгую, паслядоўную гісторыю. Мы – краіна эвалюцыі, не рэвалюцыі, і даўно ўжо не пераследуем ерэтыкоў. Пра СССР пачатку ХХ стагоддзя такога сказаць нельга.
Існуе шмат іншых прыкладаў пераследу мысляроў: хіба што першым класічным прыкладам быў філосаф Сакрат з антычнай Грэцыі, якога прысудзілі да смяротнага пакарання за крытыку афінскай дзяржавы (хоць мне здаецца, што сапраўдная прычына нам невядомая). А страта і пераслед вялікай колькасці людзей мастацтва і іншых прадстаўнікоў інтэлігенцыі ў ранні савецкі перыяд стала трагедыяй для ўсяго чалавецтва.
У адным з першых допісаў у блогу я згадваў, што Чэхаў больш вядомы ў Вялікабрытаніі, чым Пушкін. Асабліва нам падабаюцца п’есы Антона Паўлавіча. Здаецца, што ўсе яго творы ў той ці іншы момант былі прадстаўленыя ў Брытаніі. І хаця меладраматычная істэрыка Ніны ўжо падаецца састарэлай, дакладныя падлікі дзядзі Вані, балбатня і турботы Вольгі, Машы і Ірыны, а таксама слабыя спробы сям’і Ранеўскіх-Гаевых пакінуць сабе сваю маёмасць усё яшчэ выклікаюць водгук у гледачоў, займаюць іх.
Але Чэхаў быў больш чым проста пісьменнікам. Ён шмат падарожнічаў па Расійскай імперыі і спрыяў правядзенню турэмнай рэформы, прымаў пацыентаў, нягледзячы на тое, што сам хварэў на сухоты, браў удзел у абмеркаваннях актуальных пытанняў і дапамагаў іншым пісьменнікам, калі тыя мелі праблемы з уладамі.
У сваіх творах Чэхаў паказваў жыццё і людзей такімі, якімі іх бачыў. Яго сатырычны погляд на мяшчанскае жыццё расіян, фантазіі студэнтаў і спачуванні памешчыкаў прасякнутыя моцнай сімпатыяй і гуманізмам. Мне здаецца, што Чэхаву не спадабаліся б тыя кампрамісы, на якія пайшоў з савецкім рэжымам Максім Горкі, але падазраю, што ён дараваў бы апошняму.
Для мяне Чэхаў – гэта ўвасабленне інтэлігенцыі: сацыяльна і палітычна актыўны, дапытлівы, выдатны пісьменнік і гуманіст. Упэўнены, што калі б Чэхаў жыў сёння, яго ўнёсак у публічнае абмеркаванне некаторых тэмаў было б цікава пачытаць. Ці ёсць сёння пісьменнік, якога можна было б параўнаць з Чэхавым?
Брус Бакнэл, фота – Аляксандр Ждановіч