1 лістапада ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”, арганізаванай Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у сярэдняй школе ў Ганчарах, што на Лідчыне, прайшла сустрэча з прадстаўнікамі часопіса “ПрайдзіСвет”, перакладчыкамі Ганнай Янкутай і Ігарам Крэбсам. На сустрэчы прысутнічалі вучні малодшых і сярэдніх класаў, а таксама настаўнікі.
Спачатку Ганна Янкута расказала пра свае пераклады і прадставіла малодшым школьнікам часопіс “Гарбузік”. Яна прачытала дзве казкі нідэрландскага пісьменніка Тона Тэлегена па-беларуску, якія былі надрукаваныя ў часопісе, а потым правяла для дзяцей конкурсы, у якіх яны маглі выйграць некалькі нумароў часопіса і паштоўкі ад “Будзьмы” з серыі “Не маўчы па-беларуску!”. Спачатку школьнікам трэба было ўспомніць як мага больш беларускіх пісьменнікаў, а пасля адказаць на пытанні віктарыны пра беларускага першадрукара Францыска Скарыну. Пасля гэтага быў самы час успомніць, што ў наступным годзе беларусы будуць адзначаць 500 гадоў з выхаду першай надрукаванай Скарынам кнігі, і расказаць прысутным пра кампанію “Пяцьсотгоднасць”.
Далей Ігар Крэбс расказаў пра свае пераклады казак Вільгельма Гаўфа і зачытаў урыўкі з кнігі пра прыгоды барона Мюнхгаўзэна, папярэдне прапанаваўшы дзецям успомніць, пра якія прыгоды барона яны ўжо чыталі самі. Пасля гэтага госці правялі конкурс сярод старэйшых школьнікаў на веданне беларускай безэквівалентнай лексікі, і самыя смелыя і разумныя ўдзельніцы таксама атрымалі прызы ад “Будзьмы”.
Потым Ганна Янкута і Ігар Крэбс расказалі прысутным пра часопіс “ПрайдзіСвет” і прадставілі дзве апошнія кнігі з серыі “PostScriprum” — “Нататкі пра Шэрлака Холмса” Дойла і “Замак Отранта” Ўолпала з “Франкенштайнам” Шэлі. Ганна Янкута прачытала ўрывак з апавядання “Апошняя справа Холмса” пра прафесара Марыярці, запрасіўшы школьнікаў дачытаць гісторыю ў школьнай бібліятэцы самастойна. Пасля гэтага надышоў час для пытанняў (якіх у настаўнікаў і дзяцей было вельмі шмат) і дыскусіяў пра беларускую мову, літаратуру і пра асобу Францыска Скарыны. Пасля сустрэчы школьная бібліятэка атрымала плакаты кампаніі “Пяцісотгоднасць”, а таксама падарунак ад перакладчыкаў — кніга Дойла “Нататкі пра Шэрлака Холмса”.