Пачатак 90-х гадоў — час, які згадваюць, пра які памятаюць па-рознаму. Для кагосьці гэта бяда, катастрофа, няма каўбасы, а для кагосьці — найлепшы час свабоды, надзеі, новага жыцця і адраджэння Беларусі. Для людзей з другой групы адным з сімвалаў часу быў бард Віктар Шалкевіч.
Нават яго сцэнічная манера — апантаная, завадная, вельмі гучная — да той эпохі была проста немагчымая ў публічнай прасторы. І калі ўжо пры канцы 80-х гэты бард з Гродна пачаў выконваць свае песні, слухачы часта паглядалі на яго не толькі з захапленнем, але і з нейкім жахам. А ён жа яшчэ і спяваў пра такое, што раней проста немагчыма было ўявіць сабе са сцэны, дый проста ў тэксце песні! Самы першы хіт Шалкевіча — “Добрай раніцы, жлобская нацыя!”, візітоўка, самы скандальны яго твор — народжаны якраз у 1991 годзе — выклікаў тады самыя бурныя эмоцыі. Калі ён гучаў — нехта абражаўся і спрачаўся, нехта задумваўся, а нехта пагаджаўся. Але пад абаяннем артыста і запамінальнай мелодыі ўсе здаваліся, і пачыналі падпяваць.
Канечне, аўтару і тады неаднойчы задаваліся пытанні пра “жлобскую нацыю”. Здаецца ж — а гэта першыя гады 90-х, — нацыя адраджаецца, наперадзе ў нас светлая будучыня, мова вяртаецца, незалежнасць прыходзіць, свабоды ўсё болей і болей! А тут бац — і называюць “жлобскай нацыяй”! (Нядоўга, праўда, мы радаваліся.) Праз гады і дзесяцігоддзі гэтае шалкевічаўскае “жлобская нацыя” стала ўстойлівым выразам, выкарыстоўваецца ў прэсе, дае назвы артыкулам, выклікае дыскусіі пра наш народ і тое, што з ім адбываецца. І песня ж гучыць — не састарэла! У ёй гэткі ж запал, у Шалкевіча-артыста такая ж неверагодная энергетыка, уявіць канцэрт без яе гледачы не могуць. У кампазіцыі хутка 30-гадовы юбілей, а Віктару Шалкевічу 9 лютага споўніцца 60 гадоў.
Юбілей — цудоўная нагода не толькі для вялікага канцэрта, але і для ўспамінаў. На пытанні пра тое, адкуль узялася “Жлобская нацыя”, як яе ўспрымалі, ці былі цікавыя гісторыі, юбіляр адказаў сваім расказам:
— Жылі мы калісьці “прыпяваючы”, у БССР, і аднойчы дажыліся да развалу “широка страна моя родная”. Мусілі і беларусы прызнаць сваю незалежнасць, цягнучыся ў хвасце за суседзямі, трэба было пачынаць нешта рабіць, будаваць. Менавіта будаваць, а не адбудоўваць, бо адбудоўваць не было чаго. Пачынаць трэба было з падмурку, і цагліну за цаглінай складаць у незалежнай дзяржаве незалежную, новую беларускую культуру.
Згадаць той час — былі спевы Данчыка, песні Сокалава-Воюша, харошыя і годныя спевы, але гэтага было катастрафічна мала! І многія з маіх аднагодкаў тады ўзялі ў рукі гітары, пачалі наўпрост, сваімі словамі казаць і спяваць са сцэны. На конкурсы бардаўскай песні у мінскім Доме літаратара з’язджаліся сотні маладых дзяўчат і хлопцаў з гітарамі. Песні ў іх былі розныя — і добрыя, і абы-што, але ж удзячная публіка ў зале аднолькава горача пляскала ўсім толькі за тое, што гэта было па-беларуску, галоўнае — на нашай Мове!!!
Дарэчы, тады ўваход на ўсе беларускамоўныя мерапрыемствы быў вольны, бясплатны. І праз гады мне нават адзін з прамоўтараў скардзіўся, наколькі цяжка было пасля таго перыяду прывучыць і прымусіць народ плаціць за білеты на арганізаваныя ім канцэрты айчынных выканаўцаў.
Песні ў мяне тады нараджаліся у галаве на раз, спантанна, лёгка і весела. Так было і са “Жлобскай нацыяй”, год быў прыкладна 91-ы. Памятаю, што словы прыпеву з’явіліся, калі я некуды хутка ішоў, радкі самі выплылі адзін за адным — “Добрай раніцы, жлобская нацыя! Сонца ўзыходзіць лупатае…” А потым трэба было проста сесці за стол і накрэсліць на паперы тое, што табе Нехта надыктаваў. Так было, мне няма ніякага сэнсу маніць.
Калі я ў пачатку 90-х выконваў “Жлобскую нацыю” — абыякавых не было. Камусьці было цікава — за што я так пра нацыю? Хто весела пляскаў у далоні, а хто і скандаліў — праблемы пачаліся адразу! Пасля чарговага фестывалю у мінскім Палацы культуры прафсаюзаў да мяне на сцэну ўварвалася нейкая абураная беларускамоўная жанчына з крыкам: “У вас ізврашчоннае сазнаніе!!! Беларусь адраджаецца!!!” Потым я даведаўся, што гэта была спадарыня Галіна Прыма, дырэктарка першага беларускамоўнага садка ў Мінску, якая праз пэўны час… “зваліла” ў Амерыку, скарыстаўшыся нагодай!
Гледачы і слухачы ў зале таксама часта касавурыліся і патрабавалі больш пазітыву. Наіўныя людзі… Час усё потым расставіў па сваіх месцах. У найлепшыя гады “Жлобская нацыя” нярэдка гучала на Беларускім радыё, а на канцы 90-х кіраўніцтва Гродзенскай тэлерадыёкампаніі адмыслова збіралася на планёрку вырашаць, ці пускаць песню ў эфір. Большасцю галасоў не пусцілі.
Наколькі я ведаю, САМ Зянон Станіслававіч хранічна не пераносіў ні гэтае песні, ні маёй сціплай творчасці. Адным словам, валілі і левыя, і правыя. А я ж не Дон-Кіхот.
Ніколі ў жыцці не ставіў сабе мэту кагосьці абразіць ці павучыць — без мяне хапае вучыцеляў і правадыроў. Проста мастацтва — гэта адначасова і люстэрка, і павелічальнае шкло. Другое нават больш, чым першае. Пра “сінь-васількі” кожны, каму не лянота, можа скласці і заспяваць — а паспрабуйце рэзка і ў вочы! Як напісаў нашмат пазней Максім Жбанкоў, “мало спеть “Добрай раніцы, жлобская нацыя!” Нужно еще иметь мужество ответить за базар”. Дык я магу!
Зусім нядаўна гурт “Белавежская пушча” пераспяваў “Жлобскую нацыю”, пераспяваў па-свойму. Мне спадабалася не таму, што пра мяне памятаюць, проста гэтыя маладыя людзі недзе з той самай плыні, з якой выйшаў і я.
Трохі анекдатычная гісторыя — расказвалі, што на танцах у Сімферопалі калісьці ўсё лета круцілі “Жлобскую нацыю” на танцпляцоўцы, і людзі танчылі з задавальненнем.
А нядаўняя прыгода такая. Вяртаюся ў Гродна летнім ранкам, сыходжу з цягніка. Страшэнны дождж, трэба перачакаць. Побач са мною стаяць ушчэнт змоклыя двое грамадзянаў спецыфічнага “вакзальнага” выгляду. І раптам:
— Скажите, пожалуйста , это не вы Виктор Шалкевич?
— Я. А что случилось?
— Вы должны хорошо знать моего брата. Видите ли, нас сейчас выпустили из милиции, нам плохо и нужно похмелиться. Не могли бы вы одолжить нас рублём, мы бы купили боярышника…
Я аддаў рубель і пайшоў пад дождж. Услед чую ўдзячнае:
— Я с вашим творчеством не очень знаком, но песню “Жлобская нация” знаю!
Першы свой альбом “Правінцыя”, дзе была і “Добрай раніцы, жлобская нацыя!”, я запісаў у 1992 годзе ў Доме культуры мястэчка Азёры, з Іванам Аверкіевым, Сяргеем Ажаганцам і Андрэем Макарэвічам (усе жывыя і здаровыя).Тэхнічна за альбом мне дагэтуль трохі сорамна — бытавы савецкі магнітафон дрэнна выцер папярэдні запіс, і таму праз некаторыя мае песні прабіваўся Pink Floyd! Нягледзячы на гэта, касеты з альбомам “Правінцыя” выдатна прадаліся на “Басовішчы-92”, я там “навыў” песнямі на харошую фірмовую куртку для жонкі. І пасля вырашыў, што усе тыя кампазіцыі варта пакрысе перазапісаць на наступных альбомах у лепшай якасці. У тым ліку і “Жлобскую нацыю”. Прайшло 28 гадоў — новае гучанне, новыя тэхнічныя магчымасці. І песня як новая. Яе просяць, і я з задавальненнем выконваю.
Надзея КУДРЭЙКА
Канцэрт Віктара Шалкевіча ў Мінску — 16 лютага ў Палацы прафсаюзаў.