17-21 верасня ў Магілёве праходзіць штогадовы фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”. Ужо 16-ы раз у горадзе збіраюцца аніматары з розных краін, а конкурсная праграма з кожным годам робіцца ўсё больш разнастайнай і цікавай. Урачыстае адкрыццё фестывалю прайшло на Зорнай плошчы 17 верасня.
Фестываль “Анімаёўка” з’явіўся ў 1998 годзе. Штогод ён праходзіць у сярэдзіне верасня, таму мала хто ўжо памятае, што першапачаткова яго праводзілі ў траўні, і менавіта таму ён атрымаў такую назву — ад словаў “анімацыя” і “май”. Ідэя адкрыцця фестывалю належыць рэжысёру-аніматару кінастудыі «Беларусьфільм» Ігару Воўчаку і генеральнаму дырэктару КУП «Магілёўаблкінавідэапракат» Андрэю Бычкову. За 15 гадоў правядзення фестывалю гледачы змаглі ўбачыць каля 774 мультыплікацыйных фільмаў з розных краін свету. З кожным годам колькасць краін-удзельніц расце. Калі ў 1998 годзе на “Анімаёўцы” было прадстаўлена ўсяго 12 работ ад аніматараў студыі “Беларусьфільм”, то ў 2014 годзе заяўлена 159 фільмаў з 39 краін свету, з якіх толькі 85 ўвайшлі ў конкурсную праграму. Упершыню на фестывалі пакажуць фільмы аніматараў Аргенціны, Бразіліі, Даніі, Ірака, Калумбіі, Сінгапура, Сірыі, ЗША, Харватыі, Швецыі, Славеніі і Нідэрландаў.
У 1999 годзе на фестываль упершыню прыехалі любімыя ўсімі дзецьмі лялечныя персанажы праграм “Мультыклуб” і “Калыханка” — Паца-Ваца, Медзведзяня Топа і Ліса Яна. Гэтыя персанажы сталі свайго роду сімваламі “Анімаёўкі”, а Медзведзяня Топа і Ліса Яна да гэтага часу прыязджаюць на фестывалі.
У 2000 годзе быў аб’яўлены конкурс малюнка “Малюю любімы мультфільм”, які цяпер праходзіць кожны год падчас фестывалю.
У 2001 годзе фестываль выйшаў за межы СНД, і калі да гэтага ў ім удзельнічалі толькі аніматары Расіі, Беларусі і Украіны, то пачынаючы з 2001 года геаграфія “Анімаёўкі” пачала пашырацца.
Спецыяльны прыз фестывалю, які стаў яго сімвалам — “Хрустальны аловак”, — з’явіўся толькі ў 2003 годзе. Штогод вызначаецца Гран-пры фестывалю, а таксама прызы ў асобных намінацыях. З 2004 года акрамя дыпломаў і прызоў пераможцы пачалі атрымліваць і больш каштоўныя падарункі: зліткі золата.
Беларускія студыі толькі на першым часе бралі галоўныя прызы, аднак пасля выхаду фестывалю на міжнародны ўзровень Гран-пры беларускім аніматарам удалося выйграць толькі ў 2009 годзе. «Хрустальны аловак» і дзесяціграмовы залаты злітак атрымалі за фільм «Аповесць мінулых гадоў 3» рэжысёры нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Воўчак, Аляксандр Ленкін і Наталля Хаткевіч.
У гэтым годзе на “Анімаёўцы” будуць прадстаўленыя ўжо традыцыйныя конкурсы малюнка, майстар-класы і сустрэчы з вядомымі аніматарамі, акцёрамі і рэжысёрамі. Адным з гасцей фестывалю сёлета стаў Леанід Якубовіч, творчая сустрэча з якім прайшла 17 верасня.
Марыя Гілёва