15.02.2017 | Гісторыя

“А ў нядзельку параненьку”, або Топ-5 цікавостак пра Аршанскую бітву

Чарговае паседжанне “Цэху жывой гісторыі” прайшло ў клубе Beer-and-Wine за куфлем піва. Дакладчыкам выступіў кандыдат гістарычных навук Алесь Казакоў.

Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 года, з часу якой нядаўна споўнілася 500 гадоў, стала легендай і сімвалам адразу для некалькіх народаў – беларусаў, літоўцаў, палякаў і ўкраінцаў. Гэты дзень і асобу вялікага гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага шануюць усе, акрамя, зразумела, расійцаў, якім застаецца альбо маўчаць, альбо прыводзіць сведчанні, што “ўсё было зусім не так”.

Разам з тым акрамя пафасу і прыгожага міфа існуюць факты, з якімі варта лічыцца, каб глядзець на сваю гісторыю і перамогі цвяроза. Некаторымі з іх акурат і падзяліўся даследчык бітвы, гісторык Алесь Казакоў.

 

30 000 байцоў на 80 000? Не смяшыце!

Ці не галоўным міфам бітвы пад Оршай дагэтуль застаецца колькасны склад ваяроў з боку ВКЛ і Масковіі. Паводле прыгожай легенды, войска ў 30 тысяч пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага перамагло 80-тысячную арду маскавітаў. Але ці так было насамрэч?

Паводле польскіх крыніцаў і сведчанняў агентаў Тэўтонскага ордэна, колькасць войска ВКЛ вагалася паміж 16 і 17 тысячамі. Туды ўваходзілі 4000 кавалерыстаў, 2000 пехацінцаў, 7500 байцоў земскай службы, 2000 польскіх добраахвотнікаў і г.д. Колькасці маскавітаў, нават прыблізнай, дагэтуль не ведае ніхто. Тым не менш арміі памерам у 80 000 не хадзілі па нашых землях прынамсі да часоў Напалеона. Тым больш не ўдзельнічалі ў адной асобна ўзятай бітве.

Вось так паказаў Аршанскую бітву ўкраінскі мастак-баталіст Андрэй Халаменюк

Адкуль жа ўзяліся завышаныя лічбы? Чутку пра 80 тысяч пусціў у сваім данясенні папскі легат, які не прысутнічаў на бітве, але знаходзіўся ў Вільні. Там жа, у сталіцы ВКЛ, яму мроіліся “20 000 чатырохконных вазоў”, што ўжо дае падставы для недаверу. Пра 80 000 кажа і Жыгімонт І у сваіх лістах на Захад: падчас папярэдніх набегаў Масковіі ён называў тую ж лічбу, таму і змяншаць колькасць ворагаў пад Оршай было ўжо неяк “несалідна”.

Тым не менш маскавітаў было аб’ектыўна болей, чым ваяроў ВКЛ. Расійскія летапісы (напрыклад, Пскоўскі) называюць розныя прычыны паразы Масквы: здрада, стомленасць, нечаканы напад Астрожскага… але не называюць толькі адной: колькаснай перавагі войскаў ВКЛ. Такім чынам, у Масковіі цудоўна ведалі, што іхнае войска было большым.

 

“Воіны святла” супраць “протаватнікаў”

Пагаворым пра ўзбраенне. Згодна з найбольш вядомай карцінай невядомага мастака, прысвечанай бітве пад Оршай, мы бачым вельмі яскравы кантраст паміж войскам ВКЛ і Масковіі ў плане рыштунку і ўзбраення. З аднаго боку – закаваныя ў бліскучыя латы ліцвіны, падобныя да ваяроў Гондара ў Толкіна або фантастычных “воінаў святла”, з іншага – апранутыя ў сцёганыя цегеляі (нешта кшталту “ватніка”) барадатыя маскавіты. Не ўсё, аднак, было так адназначна.

”Воін святла” – ваяр ВКЛ у інтэрпрэтацыі невядомага мастака

Войска Астрожскага было надзвычай стракатым. Тут былі і цяжкаўзброеныя кавалерысты, і пяхота з кордамі і дзідамі, і татары, апранутыя на ўсходні манер, і чальцы артылерыйскай каманды, і іншыя. Паказальна, што, згодна з дакументамі, напярэдадні чарговага канфлікту Астрожскі закупаў 50 кальчугаў, а не, скажам, 50 гатычных даспехаў, што каштавала б неймаверна дорага.

А вось войска Масквы, у сваю чаргу, было даволі аднастайным. У маскавітаў не было ні пяхоты, ні артылерыі, выключна конніца. Гэта было надзвычай арыенталізаванае войска, якое паспела пераняць усходнія звычаі вядзення вайны ды індывідуальнага рыштунку байца. Рыштунак складалі сапраўды падшываны цегеляй, вастраверхі шалом, лук і шабля (якія стваралі камплект – сагайдак), часам кап’ё.

 

“Анлайн” з поля бою?

Працягваючы тэму карціны, напісанай у традыцыях Лукаса Кранха, важна адзначыць яшчэ пару момантаў. Доўгі час лічылася, што аўтар сапраўды прысутнічаў падчас бітвы і дасканала ўсё прамаляваў, зрабіўшы “анлайн з-пад Оршы’14”. Але пры дэтальным вывучэнні гісторыкі заўважылі цэлы шэраг хібаў.

Напрыклад, выява гарматы, якую ваяры ВКЛ цягнуць праз пераправу, фантастычна нагадвае аналагічную выяву Дзюрэра. Пэўны час існавала нават спрэчка: хто ў каго змаляваў – “невядомы” ці Дзюрэр? Але малюнак Дзюрэра датуецца 1518 годам, а вось аналіз батальнай карціны паказаў 1530 год напісання альбо нават пазнейшы час. Пытанне, такім чынам, закрытае.

Лёгкі гусар ВКЛ намаляваны ў строі балканскага страдыёта

Звяртае на сябе ўвагу таксама выява гусараў ВКЛ у высокіх шапках-кацялках на галовах ды яшчэ з раскошнымі султанамі і пер’ем. Паколькі карціна лічылася цалкам рэалістычнай, такі погляд даў нават падставы для сучасных рэканструктараў бачыць лёгкую конніцу ВКЛ пачатку XVI ст. менавіта так. Зараз жа гісторыкі схіляюцца да думкі, што мастака натхнілі… страдыёты, балканскія наёмнікі, якіх ён мог неаднаразова бачыць у Заходняй Еўропе, у тым ліку падчас урачыстых парадаў.

Такім чынам, мастак мог зрабіць шыкоўную і фантастычна працаёмкую кампіляцыю з розных выяваў (як у Дзюрэра) і асабістых уражанняў ад вайскоўцаў, якіх бачыў у сваім рэгіёне – напрыклад, недзе ў Нямеччыне.

 

Палонныя маскавіты

Дакладнай колькасці палонных маскавітаў ніхто не ведае, як і агульнай колькасці маскоўскага войска. Лічбы, зноў жа, вагаюцца: ад 380-700 да 1500 чалавек. Апошнюю лічбу называе Жыгімонт І, і зыходзячы з агульнага кантэксту, гісторыкі схільныя ёй давяраць.

Пра поўны разгром маскавітаў сведчыць, што ў палон трапіла ажно 8 ваяводаў. Наступнай катэгорыяй былі заможныя байцы і баярскія дзеці, якіх таксама пакідалі ў жывых і цанілі, бо гэтыя людзі “мелі кошт”. Звычайных ратнікаў у палон зазвычай не бралі альбо пакідалі жыццё, каб выкарыстоўваць падчас цяжкіх фізічных працаў.

Цікавы момант: упершыню палонных рассылалі па замках ВКЛ, што сведчыць пра іх немалую колькасць, з чым дзяржава не сутыкалася раней.

 

Веліч Астрожскага

Падсумоўваючы, можна задацца лагічным пытаннем: калі не было знакамітых 80 000 маскавітаў супраць 30 000 ліцвінаў, у чым веліч Астрожскага як палкаводца?

Па-першае, бітва пад Оршай была ўсё ж такі буйным боем для свайго часу. Напрыклад, у Клецкай бітве ўдзельнічала каля 4-5 тысяч чалавек. Таму “вялікай” ужо ў XVI ст. бітву называлі ўсё ж такі не дарма.

Гетман ВКЛ Канстанцін Астрожскі на сучаснай беларускай манеце

Па-другое, Астрожскі ўсё ж перамог меншай колькасцю ваяроў большую колькасць. Прычым перамог кавалерыю з дапамогай пяхоты і артылерыі, то бок выкарыстаўшы найноўшыя тэхналогіі вядзення вайны на свой час. Пра ягоны ваенны талент сведчыць і тактыка: прапусціўшы частку войскаў ворага наперад, артылерыя і пяхота ўдарылі з засады у левы фланг маскавітаў, што прывяло да яго калапсу. А калі гетман кінуў у бой усе свае войскі – адбыўся ўжо поўны калапс войскаў расійскіх.

Па-трэцяе, гэта была першая буйная перамога ВКЛ ад пачатку “гібрыднай вайны” з Масковіяй у 1480-х, калі асобныя ваяводы рабілі набегі, а князь “умываў рукі”. Тады Літва страціла траціну тэрыторыі – мяжа перасунулася з-пад Мажайска ажно да Смаленска. Захоп маскавітамі Смаленска і стаў апошняй кропляй: Астрожскі адказаў ворагу жорстка і годна.

 

Алесь Кіркевіч, budzma.by

 

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика