Сталенне скрозь булінг, дыджытал-пасткі бацькоўству, антыўтопія сённяшняга дня: якія новыя караткаметражкі здымуць беларускія кінематаграфісты ўжо гэтай вясной.
26 лютага адбыўся пітчынг кінапраектаў-канкурсантаў “Аб’ектыў_на: Правы дзіцяці” — праекта падтрымкі кінематаграфістаў, ініцыяваны Майстэрняй сацыяльнага кіно ў партнёрстве з Амбасадай Каралеўства Нідэрланды і ЮНІСЕФ у Беларусі. Цягам апошніх тыдняў сфармаваліся 10 кінапраектаў, якія прайшлі праз конкурсны адбор сцэнароў і серыю кансультацый з запрошанымі экспертамі праекта: сцэнарыстамі Андрэем Курэйчыкам, Сяргеем Анцалевічам, рэжысёрамі Андрэем Палупанавым, Уладай Сяньковай, Анастасіяй Мірашнічэнкай. Каманды спаборнічалі за магчымасць зняць сваё караткаметражнае кіно, якое ставіць у цэнтр увагі свет дзіцяці альбо падлетка. Усяго пяць кінастужак утвораць кінаальманах, які ўжо ўвосені бягучага года будзе прэзентаваны на вялікіх экранах у 18 гарадах Беларусі.
Адкрываючы пітчынг у Silver Screen velcom cinema, дырэктар Майстэрні сацыяльнага кіно Андрэй Палупанаў, адзначыў, што сама культура пітчынгу, нажаль, пакуль слаба развітая ў беларускай кінаіндустрыі, таму можна спадзявацца, што сустрэча зробіць свой унёсак у гэтым кірунку.
“Калі раней пітчынг праводзіліся толькі ў межах “Лістапада”, і пры гэтым, вядома, не ўсе вырашаліся , то тут прайсці цэлую школу падрыхтоўкі — гэта вельмі добрая прафесійная магчымасць, — адзначыла Улада Сянькова. – Так, мы вучымся пісаць сцэнары, і паспяхова, аднак прэзентаваць свае ідэі — не менш важна“.
Пасля адкрытай прэзентацыі і некалькіх дзён абмеркавання да падтрымкі былі абраныя наступныя праекты:
Сямейная драма-казка, прадстаўленая вачыма дзіцяці. Пяцігадовая дзяўчынка Надзя ўпэўненая, што зможа вярнуць любоў у сям’ю з дапамогай малінавага варэння. Дзеля гэтага яна прадпрымае рашучыя дзеянні… Фільм аб недахопе бацькоўскай увагі, літаральнай “недагледжанасці” дзяцей, праз канкурэнцыю з дэвайсамі, што зацягваюць жывых істот у багны непатрэбнай інфармацыі. Самы эксперыментальны фільм у мастацкім увасабленні заяўленага жанру.
Сацыяльная драма ад аўтара, які напісаў кінасцэнар упершыню ў жыцці, натхнёны рэальнай гісторыяй сваёй блізкай сяброўкі. Разам з айчымам у жыццё дзяўчынкіпадлетка неўзабаве ўваходзяць і сэксуальныя дамаганні з яго боку. Пераадольваючы адсутнасць падтрымкі ад самага блізкага чалавека, яна вымушаная спыніць злачынствы самастойна.
Трагікамедыя з элементамі антыўтопіі аб абсурдным вывараце сістэмы сацыяльнай бяспекі, часта безадносна кропкі на мапе. Маладая інтэлігентная жанчына апынаецца ахвярай свавольства чыноўнікаў, якія адымаюць у яе сына. Абараніўшы правы дзіцяці, яна сутыкаецца з новай, цяпер ужо невырашальнай праблемай.
Сачыце за навінамі праекта на сайце abjektyuna.by.