У ліпені ў Навагрудскім раёне зноў адбыліся археалагічныя раскопкі на селішчы Лаўрышаўскага манастыра. Гэта адно з тых месцаў, дзе ў XIII стагоддзі фарміравалася Вялікае княства Літоўскае. Вынікі раскопак, якія прайшлі пры актыўным удзеле дабраахвотнікаў з Гомельшчыны, раскрываюць карціну тагачаснага жыцця: негледзячы на цяжкі перыяд мангола-татарскага і тэўтонскага нашэсця, тут захоўвалі высокі ўзровень пісьменнасці і нават ведалі шахматы.
Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, манастыр заснаваў каля 1260 года сын вялікага князя літоўскага Міндоўга – Войшалк Міндоўгавіч. Гэта быў цяжкі час для нашых продкаў: з поўдня пагражала мангола-татарскае нашэсце, з захаду – напады тэўтонскіх заваёўнікаў. Каб бараніцца ад гэтай пагрозы, у славянскіх і балцкіх землях Панямоння ўтварылася новая на той час дзяржава – Вялікае княства Літоўскае, якое ў далейшым ўключыла ў сябе практычна ўсе беларускія і балцкія землі. Адным са стваральнікаў гэтай дзяржавы быў і князь Войшалк, які стаў правіцелем ВКЛ у 1264 – 1267 гадах.
ічыцца, што ў манастве Войшалк меў імя Лаўрэнцій, ці Лаўрыш. Верагодна, адсюль і назва вёскі, якая ўзнікла ля манастыра – Лаўрышава. Войшалк кіраваў дзяржавай толькі 3 гады, але пакінуў значны след у летапісах. Нават праз трыста год, у XVI стагоддзі, пра яго распавядаецца ў летапісным зборы: напрыклад, на гэтай мініяцюры як раз і паказана, як Войшалк засноўвае манастыр (князь намаляваны ў чырвонай шапцы). Дарэчы, сёлета імя Войшалка нададзена адной з вуліц у сталіцы Літоўскай Рэспублікі – Вільнюсы.
А царкоўнае паданне кажа, што заснавальнікам манастыра быў яго першы ігумен – Елісей (магчыма, стрыечны пляменнік Войшалка). Як бы там ні было, але Войшалк і Елісей жылі ў адзін час і абодва былі манахамі. У 1514 годзе Елісей быў далучаны да ліку святых на царкоўным саборы ў Вільні. Цяпер манастыр называецца “Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі” і размешчаны каля вёскі Гнесічы, непадалёк ад Лаўрышава. У манастыры ёсць помнік святому прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму, ля якога манах айцец Феадосій распавядаеі ўдзельнікам экспедыцыі аб гісторыі абіцелі (на здымку).
Ад старадаўняга манастыра ў Лаўрышаве да нашага часу дайшла Свята-Успенская царква, якая пабудавана каля 1798 года. Паблізу яе з блаславення епіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя з 2011 г. кожнае лета вядуцца раскопкі. Кіруе імі прафесар гісторыі Сяргей Рассадзін – ураджэнец Гомеля і выпускнік Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.
Археалагічныя раскопкі – гэта вялікая ручная праца. Сёлета на раскопках працавала больш за 60 чалавек: моладзь, студэнты і навучэнцы з настаўнікамі. Яны прыязджаюць дабраахвотна з розных абласцей краіны, з-за свайго інтарэсу да раскопак, а манастыр прадастаўляе харчаванне і месца для пражывання.
Па вечарах у першыя дні экспедыцыі са студэнтамі і школьнікамі праводзяцца заняткі. На іх моладзі распавядаюць, як вядуцца археалагічныя даследаванні. Таксама праводзіцца лекцыя па гісторыі таго часу, да якога адносяцца раскопкі.
На раскопкі завітаў вядомы мастак Канстанцін Качан – ураджэнец вёскі Лаўрышава. Ён адзначыў, што моладзь і школьнікі робяць тут добрую і патрэбную справу, і запрасіў усіх наведаць сваю карцінную галерэю ў Навагрудку. Удзельнікі экспедыцыі пабывалі там падчас экскурсійнай паездкі.
Працы нярэдка перашкаджаюць дажджы, і раскоп залівае вада. Аднак тыя, хто баіцца дожджычкаў, у экспедыцыю не ездзяць. Студэнты працягваюць упарта капаць, а школьнікі перабіраюць культурны слой – пласт зямлі, у якім можна знайсці гістарычныя прадметы.
Чым глыбей раскоп – тым больш старадаўнія знаходкі. Сярод знаходак сёлетняга сезону – фрагмент шахматнай фігуркі (верагодна, ладдзі) XIII – XIV стагоддзяў. Можа быць, гэта фігура з шахмат, якімі граў сам Войшалк? Дагэтуль сярэдневяковыя шахматныя фігуры былі знойдзены ў 15 гістарычных гарадах Беларусі: Полацку, Тураве, Мінску і іншых. Цяпер да “гістарычна-шахматных” гарадоў далучылася вёска Лаўрышава. Таксама знойдзена ўжо другое па ліку пісала (прылада для пісьма) – гэта падцвярджае, што манастыр быў асяродкам пісьменнасці.
Да знаходак больш позняга часу, XVI – XVIII стагоддзяў, адносяцца кафля з выявай “Пагоні” – герба Вялікага княства Літоўскага, фрагмент тачыльнага бруска з надпісам (магчыма, імя ўладальніка – яшчэ не расшыфравана), дэталь шаляў і іншыя прадметы.
Нечаканасцю стала знаходка крэмневага нажа, які адносіцца да мезаліту – сярэдняга перыяду каменнага веку (9 – 5 тысячагоддзі да н. э.). Пасля гэтай знаходкі стала зразумелым, чаму кожны год тут сустракаліся і крэмневыя адшчэпы: яшчэ ў далёкай старажытнасці на месцы будучага манастыра існавала паселішча першабытных людзей.
Аднак праца на раскопе – гэта толькі частка справы. Увесь знойдзены археалагічны матэрыял трэба разабраць і вылучыць з яго найбольш значныя знаходкі, якія патрэбны для далейшага навуковага даследавання. Затым іх мыюць і прасушваюць.
Пасля гэтага знаходкі шыфруюць, фатаграфуюць і ўносяць у вопіс. Цяпер іх можна перадаваць у Мінск, дзе кожная рэч дасць істотную інфармацыю навукоўцам. У далейшым самае цікавае будзе прадстаўлена ў музеі гісторыі манастыра. Такім чынам студэнты і навучэнцы далучаюцца да практычнай справы па даследаванню і захаванню гісторыка-культурнай спадчыны.
У час, які вольны ад працы на раскопках, наладжваюцца пазнавальныя паездкі. Адна з іх – у замак XVI стагоддзя ў гарадскім пасёлку Любча Навагрудскага раёна. Дырэктар фонду “Любчанскі замак” Іван Пячынскі распавядае пра тое, як вядзецца аднаўленне замка (на здымку).
Кожны, хто працаваў у экспедыцыі і выканаў праграму раскопак, зрабіў такім чынам свой маленькі ўнёсак у справу адраджэння Лаўрышаўскага манастыра і ў даследаванне гісторыі Беларусі.
Тэльман Маслюкоў, gomelcivil.org