З 11 красавіка па 1 мая стартуе Трэці міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile (CPM). Фестывальная праграма пройдзе не толькі ў Мінску, але і ў іншых абласных цэнтрах ды буйных гарадах краіны: Брэсце, Магілёве, Мазыры, Гомелі, Гродна, Салігорску i другiх гарадах. Спецыяльная міжнародная праграма фестывалю будзе паказаная і за межамі краіны, а менавіта ў Расіі, Украіне, Малдавіі, Польшчы, Літве, Вялікабрытаніі, Італіі, Германіі, Румыніі, Аўстраліі, Інданэзіі ды Малайзіі.
Паказы кінафестывалю ў Мінску адбудуцца ў кінатэатрах “Цэнтральны” і “Ракета”, а таксама ў творчым цэнтры “Майстэрня”, крэатыўным кластэры “Імагуру”, моладзевым цэнтры “Фіальта”.
У гэтым годзе фестывальная праграма прадстаўленая 150 фільмамі, адабранымі з 80 краін-удзельнікаў. Гасцей фестывалю чакаюць аўтарскія работы з Францыі, Іспаніі, Бразіліі, Ірану ды іншых краінаў, а таксама прагляд фільмаў беларускіх аўтараў. Традыцыйна конкурсная праграма будзе складацца з ігравой, дакументальнай, эксперыментальнай і анімацыйнай секцый.
У гэтым годзе ў праграму фестывалю ўключаная секцыя пад назвай “Чалавек у XXI стагоддзі”, што закранае вострыя праблемы сучаснага грамадства: жыццё мігрантаў, праблемы людзей з інваліднасцю ў грамадстве для “здаровых людзей”, сучасныя стасункі паміж людзмі і гендэрныя праблемы.
Арганізатары ўпэўненыя, што фармат кінафестывалю з’яўляецца найбольш адпаведным інструментам для таго, каб прыцягнуць увагу да наяўных сацыяльных праблемаў. “Кароткаметражнае кіно – кіно, вольнае ад камерцыйнай цэнзуры, кіно самастойных аўтараў, што пасродкам візуальных вобразаў заклікаюць да асэнсавання рэчаіснасці,” – дзеліцца сваім бачаннем Аляксандр Мартынюк, аўтар ідэі фестывалю CPM.
Акрамя кінапаказаў, праграма “Чалавек у XXI стагоддзі” прадугледжвае дыскусіі і абмеркаванне сумесна з запрошанымі экспертамі ў кожнай галіне. Уваход на паказы праграмы бясплатны.
Фестываль наведаюць удзельнікі з Францыі, Швецыі, Іспаніі, Германіі, Венесуэлы, Польшчы ды іншых краінаў, што прадставяць свае работы. Таксама запланаваныя майстар-класы з удзелам замежных гасцей.
Кінафестываль Cinema Perpetuum Mobile гэтага году адрозніваецца ад папярэдніх не толькі новымі кіна-секцыямі, правядзеннем майстар-класаў, але і метадамі арганізацыі адбору фільмаў (перадфестывальнай часткі).
З пачатку восені да канца зімы арганізатары правялі 32 адкрытых папярэдніх прагляды, што праходзілі кожныя выходныя на розных культурных пляцоўках гораду. Усе ахвотныя маглі не толькі першымі паглядзець новае кіно, але і ставіць свае адзнакі прагледжаным фільмам. На падставе атрыманых дадзеных каардынатары фестывалю вызначалі сярэдні бал фільма і яго месца ў рэйтынгу, якое ўлічвалась пры фармаванні конкурснай і пазаконкурснай праграмаў.
Правядзенне перадпраглядаў дазволіла праглядзець усе 800 дасланых на фестываль фільмаў, і абраць найбольш вартыя работы. Апроч таго, кожны ўдзельнік перадпраглядаў здолеў адчуць непасрэдную прыналежнасць да адбору фільмаў. Такога кшталу эксперымент таксама атрымаў станоўчыя водгукі рэжысёраў, што ўдзельнічаюць у фестывалі.
Кінафестываль Cinema Perpetuum Mobile быў заснаваны ў 2011 годзе згуртаваннем энтузіястаў-кінаманаў “Kinaklub.org”. Фестываль накіраваны на прасоўванне незалежнага, аўтарскага кінематографу; подтрымку культурнай разнастайнасці ў кіно, а таксама стварэнне пляцоўкі для дыялогу паміж кінематаграфістамі, кінасупольнасцямі і кінааматарамі па ўсім свеце.
У 2013 годзе ў СРМ узялі ўдзел фільмы болей як з 40 дзяржаваў, а самі паказы прайшлі ў 11 буйных гарадах Беларусі, уключна з Мінскам, а таксама ў 15 іншых краінах свету. У фестывалі 2014 году ў папярэдніх праглядах ўзялі ўдзел болей 800 фільмаў з 79 краінаў.
С дакладнай праграмай мерапрыемстваў можна азнаёміцца на сайце фестывалю.
Праграма III Міжнароднага кінафестывалю Cinema Perpetuum Mobile 2014 г.:
18 красавіка – пятніца
19.00 – Адкрыццё кінафестывалю Cinema Perpetuum Mobile – ЦЭХ, пр. Незалежнасці, 58, к. 6, (праход праз вул. П. Броўкі) левы пад’езд, 2 паверх.
19 красавіка – субота
18.00 – Паказ і дыскусія: «Чалавек у XXI стагоддзі. Жанчына ў XXI стагоддзі» – Творчы цэнтр “Майстэрня”, вул Энгельса, 12.
21.30 – Конкурсны паказ ігравога кіно №1 – кінатэатр Цэнтральны, пр. Незалежнасці, 13.
20 красавіка – нядзеля
18.00 – Паказ і дыскусія: «Чалавек у XXI стагоддзі. Свет без межаў» – творчы цэнтр “Майстэрня”, вул Энгельса, 12.
21.00 – Конкурсны паказ игравога кіно №2 – кінатэатр Цэнтральны, пр. Незалежнасці, 13.
21 красавіка – панядзелак
19.00 – Конкурсны паказ эксперыментальнага кіно – кінатэатр Ракета, малая заля, зав. Рабочы, 3 (ст. метро Пралетарская).
21.00 – Пазаконкурсны паказ анімацыі – кінатэатр Ракета, малая заля, зав. Рабочы, 3 (ст. метро Пралетарская).
22 красавіка – аўторак
19.00 – Конкурсны паказ дакументальнага кіно №1 – кінатэатр Ракета, малая заля, зав. Рабочы, 3 (ст. метро Пралетарская).
21.00 – Конкурсны паказ анімацыі – кінатэатр Ракета, малая заля, зав. Рабочы, 3 (ст. метро Пралетарская).
23 красавіка – серада
18.30 – Прэзентацыя праекта Filmowe Podlasie Atakuje (Беласток, Польшча) і сустрэча з беларускімі рэжысёрамі – творчы цэнтр “Майстэрня”, вул Энгельса, 12.
21.00 – Конкурсны паказ ігравога кіно №3 – кінатэатр Цэнтральны, пр. Незалежнасці, 13.
24 красавіка – чацвер
19.00 – Конкурсны паказ дакументальнага кіно №2 – кінатэатр Ракета, малая заля, зав. Рабочы, 3 (ст. метро Пралетарская).
21.00 – Паказ фільмаў беларускіх аўтараў – кінатэатр Ракета, малая заля, зав. Рабочы, 3 (ст. метро Пралетарская).
26 красавіка – субота
15.00 – Дыскусія ад falanster.by і Пірацкага цэнтра на тэму: “Ці патрэбны капірайт для незалежнага кіно?” – Моладзевы цэнтр “Фіальта”, вул. Мяснікова, 35 (уваход з двара).
18.00 – Паказ пазаконкурснай праграмы “Сюррэалізм у кіно” – творчы цэнтр “Майстэрня”, вул Энгельса, 12.
18.30 – Паказ і дыскусія: “Чалавек у XXI стагоддзі. Стасункі ў XXI стагоддзі” – Імагуру/Фіальта
20.30 – Паказ пазаконкурснай праграмы дзіўнага кіно «Трэш/Дзэн» – творчы цэнтр “Майстэрня”, вул Энгельса, 12.
27 красавіка – нядзеля
12.00 – Майстар клас па стварэнні кіно без мантажу – творчы цэнтр “Майстэрня”, вул Энгельса, 12.
19.00 – Паказ пазаконкурснай праграмы эксперыментальнага кіно – творчы цэнтр “Майстэрня”, вул Энгельса, 12.
28 красавіка – панядзелак
18.30 – Паказ і дыскусія: “Чалавек у XXI стагоддзі. На роўных” – крэатыўны кластэр “Імагуру”, вул Фабрыцыюса, 4.
18.30 – Майстар клас “Стварэнне 100-секунднага кіно”, дзень першы. Арт-Сядзіба, зав. Інструментальны, 6, 105 (ст. м. Парк Чалюскінцаў).
29 красавіка – аўторак
18.30 – Майстар клас “Стварэнне 100-секунднага кіно”, дзень другі. Арт-Сядзіба, зав. Інструментальны, 6, 105 (ст. м. Парк Чалюскінцаў).
30 красавіка – серада
18.30 – Лекцыя “Жывое Кіно” – Цэнтр Сучаснага Мастацтва, мадэратар Вольга Салахеева.
1 мая – чацьвер
17.00 – Закрыццё фестывалю. Узнагароджанне пераможцаў. Паказ лепшых фільмаў. Грушаўскі сквер..