Піт Паўлаў – мабыць, самы вядомы рок-гітарыст краіны – сумесна з самым “цэнтральным” інтэрнэт-кафэ “Союз On Line” адраджае яркі і беспрэцэдэнтны праект “Жывы Гук On Line”, у рамках якога ў свой час гралі канцэрты N.R.M., “Крамбамбуля”, “Нейра Дзюбель” і GARADzKIJA.
З відавочных і неаднаразова раней абгавораных прычынащ гэты праект быў закрыты, і з тых часоў ніхто не рабіў такога: жывы канцэрт і яго адначасовая интэрнэт-трансляцыя ў атмасферы “тут і цяпер”.
27 чэрвеня на “Падворку ЦДА” (летняя веранда інтэрнэт-кафэ) пройдзе першы канцэрт “Жывы Гук On Line” у новым фармаце. У адрозненне ад мінулых канцэртаў, абноўлены праект будзе арыентаваны не на выступ вялікіх “зорак”, а на стварэнне ўнікальнай атмасферы.
Гэта будзе хутчэй не канцэрт, а дзея, на якую зможа прыйсці кожны: ніякіх уваходных квіткоў, у рамках праекту загучыць жывая рок-музыка сучасных беларускіх камандаў, яе можна будзе слухаць, танчыць пад яе, піць піва і размаўляць з сябрамі.
Маладыя амбіцыйныя рокеры краіны, сярод якіх, дарэчы, будзе абвешчаны кастынг на права стаць удзельнікам праекту, у сваю чаргу, атрымаюць добрае сцэнічнае абсталяванне для выступу і самае прыязнае стаўленне публікі (большасць наведнікаў канцэрту “Жывы Гук On Line” – гэта знаёмыя, а то і сябры, сябры сяброў — вялікая тусоўка, дзе кожны пачуваецца вольна і па-гаспадарску).
Пра жаданне ўдзельнічаць у першым канцэрце абноўленага праекту “Жывы Гук On Line” ужо паведамілі даволі паспяховыя мінскія каманды. Тым не менш, арганізатары аб’яўляюць кастынг сярод гуртоў на права ўдзелу ў праекце. Свае запісы, інфармацыю пра гурт, запрашэнні на рэпетыцыі і ўсё, што можа дапамагчы скласці меркаванне пра творчасць каманды, трэба да 15 чэрвеня даслаць на адрас прэс-службы праекту [email protected] або паведаміць па тэлефонах + 375 296 88 61 74 і +375 292 59 96 54.
Каманды, якія прайшлі няжорсткі кастынг, будуць уключаныя ў плэй-ліст праекту і абавязкова выступяць на сцэне ў яго межах.
Такім чынам, у беларускіх прыхільнікаў альтэрнатыўнай музыкі зноў з’явіцца сваё месца, куды можна прыходзіць штовечар, мець зносіны з сябрамі і бясплатна слухаць улюбёную музыку. А дзякуючы трансляцыі жывых канцэртаў “Жывы Гук On Line” у сусветным павуцінні, да беларускай сучаснай музыкі зможа далучыцца ўвесь свет, уключна з мінчукамі, якія з розных прычынаў не змогуць трапіць на выступы ў “Союз On Line”, але ўбачаць усё, што адбываецца, з манітора кампутара.