У Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбылася прэм’ера новага твора Ларысы Сімаковіч “Чатыры здзіўленні Міхаліны”.
Калі абяцаецца прэм’ера ад Ларысы Сімаковіч, то заўжды чакаеш нечага надзвычайнага – яскравай дзеі, нечаканых творчых рашэнняў і музычнай трактоўкі. Апошнія пастаноўкі кампазітаркі зробленыя з выклікам, часам на мяжы фолу. Гэта і “S-музыка”, вольная трактоўка Коласава “Сымона-музыкі” ў жанры пластычнага спектакля, і містэрыя “Дзень Максіма Багдановіча”, дзе ролю паэта сыграла Зелянкоўская, а на філарманічнай сцэне з’явіліся рок-музыкі з N.R.M. уключна. Апошняя гучная прэм’ера – ронда-опера “Люцыян Таполя” паводле Максіма Танка, якая выклікала вельмі супярэчлівую рэакцыю як сярод гледачоў, так і сярод яе ўдзельнікаў.
Але ў “Чатырох здзіўленнях Міхаліны” няма эпатажу і правакацыі, танцораў і вакалістаў. Там наогул нікога няма, акрамя салістаў Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі. Сімаковіч напісала сімфонію для струнных. Гэта вельмі асабісты твор-роздум, які трэба слухаць са светлай галавой і чыстай душой.
“Мой глядач прывык, што на сцэне нешта адбываецца акрамя таго, што гучыць музыка. Але ёсць жанры і віды музыкі, дзе музыка сама за сябе гаворыць. Дзе ўсё расказваецца праз гукавыя вобразы. І наколькі чуйная душа слухача, настолькі для яго і раскрыецца твор”, – сказала кампазітарка перад прэм’ерай.
Яе сімфонія складаецца з чатырох частак – “здзіўленняў”. Кожная з іх розная па настроі – лёгкасць, легкадумнасць і летуценнасць перастае ў адчуванне трывогі, душэўную неўладкаванасць, а то і трагічнасць. Фінал адкрыты, з улюбёным для аўтара знакам прыпынку – шматкроп’ем. Ён нават не акцэнтаваны: як толькі ў чацвёртай частцы сціхае аркестр, зала маўчыць неяк надта ўжо доўга, таму дырыжор Яўген Бушкоў паказвае жэстам, што можна ўжо пляскаць у далоні.
Сама Ларыса прызнаецца, што яна хаваецца за сваю праграму, за гэты прыдуманы вобраз дзяўчыны з рэдкім беларускім імем Міхаліна, каб даць слухачу вольную прастору для асацыяцый і алюзій. “Вядома ж, з кожным вобразам нешта звязана. У нас глыбока сядзіць тое, што ніхто не ў змозе падгледзець, пра што ведаем толькі мы і ніхто болей. І гэты пласт сумлення дыктуе вобразы і вызначае, дзе канкрэтнае абазначэнне, а дзе кампазітар хаваецца за вобраз ды імя”.
І ўсё ж, як бы аўтарка ні хавалася, у “Здзіўленнях” адчуваецца нерв, аголенасць душы і безабароннасць творцы, які ўсё ж пры гэтым наважваецца расказаць пра свае самыя патаемныя думкі.
“Чатыры здзіўленні Міхаліны” былі толькі часткаю вялікага канцэрта з нагоды 85-годдзя Саюза беларускіх кампазітараў. І невядома (як, зрэшты, і з кожным прэм’ерным творам Сімаковіч), ці прагучыць ён яшчэ калі і ці будзе далей прапрацоўвацца. “Гэта можна было б працягнуць у межах аўтарскага вечара. Але я ніколі яшчэ не наважвалася на тое, каб яго зладзіць, бо ведаю, колькі душэўных высілкаў вымагае арганізацыя”, – кажа кампазітарка з больш чым 30-гадовым стажам.
Цяпер Сімаковіч рыхтуе маштабную прэм’еру “Вандроўнік” у жанры “спектакль-гімн”. Паказ запланаваны на 22 студзеня 2014 года на Вялікай сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Дзея прымеркаваная да 70-годдзя Міхася Раманюка, выбітнага этнографа і мастака, які быў найбуйнейшым даследчыкам матэрыяльнай культуры беларусаў XX стагоддзя. Можна не сумнявацца: гэта будзе сапраўдная падзея, як і кожная пастаноўка гэтай незвычайнай кампазітаркі.
Сяргей Будкін