Гурт Akana ў межах праекту «Re:Песьняры» прадстаўляе сваё бачаньне песьні «Калядачкі».
«Калядачкі» – твор народны, узяты і апрацаваны «Песьнярамі» для «Праграмы каляндарна-абрадавых песень» (1979), пасьля яна ўвойдзе ў фільм «20 хвілін з Песьнярамі» ды ў live-альбом «Зачараваная мая» і стане адным з галоўных гітоў ансамблю Мулявіна ў пачатку 80-х. Менавіта гэты твор абраў для выкананьня ў праекце гурт Akana, у які ўваходзяць Ірэна Катвіцкая, Руся і Надзея Чугунова.
«Кампазыцыя “Калядачкі” – вясёлы карнавал для простага народа і рафініраванага арыстакрата. І мяне як этнамузыколяга гэта прывабіла. Я знайшла прататып беларускага напева, на падставе якой“Песьняры”, хутчэй за ўсе, і рабілі сваю кампазіцыю. Шматгалосныя фактуры – гэта тое, што Акана працягвае рабіць па «песьняроўскай» традыцыі. З ўсіх бакоў -гэта “наша” песьня», – тлумачыць кіраўнік гурта Ірэна Катвіцкая. Музыка «Песьняроў» для сьпявачкі знаёмая зь дзяцінства. Ірэна кажа, што заслуга гэтага ансамблю (разам з Генадзем Цітовічам) у тым, што яны зрабілі беларускую народную музыку актуальнай і запатрабаванай: «Яны вывялі «простую сялянку» ў сьвет. Іх творы слухалі як модную, але пры гэтым сваю музыку. Такі быў афіцыйна дазволены фанк на камсамольскай савецкай эстрадзе».
У Akana па выніку атрымаўся арыгінальны твор, з аўтарскім рыфам, гармоніяй і мэлёдыяй, зроблены пад уплывам ад музыкі «Песьняроў». Каб падкрэсьліць сваю павагу да таго, што зрабіў Мулявін, пры канцы кампазыцыі адмыслова ўжытая музычная цытата. «Калядачка» – адна з тых песень, якая будзе гучаць заўжды, – упэўненыя сьпявачкі.