Сёння ў Лісабоне пройдзе першы фінал Еўрабачання. Паколькі мы вельмі шануем нашых чытачоў, мы загадзя адслухалі ўсе песні і, лічыце, пазбавілі вас неабходнасці слухаць гэта самастойна.
Азербайджан. Аёсель Мамедава. X My Heart
Таямнічае “Х маё сэрца” аказалася зашыфраваным дзеясловам “перасякаць”. Пра што там далей, здагадаецца любы сталы глядач музычнага конкурсу песняў пра каханне і мір ва ўсім свеце. Дарэчы, ідэальны пачатак конкурсу: радыёфарматная песня пра каханне, з больш-менш сучасным (для дзесяцігадовай даўніны) саўндам. Калі раптам давядзецца слухаць у фінале яшчэ раз — можна перажыць.
Ісландыя. Ары Оўлаўсан. Our Choice
Калі б песня з такой назвай з’явілася не ў Ісландыі, а ў Ірландыі — усе б загадзя напружыліся. А тут пра што вы думалі? Пра мір ва ўсім свеце. Балада пад фартэпіяна з раптоўным пераходам на фальцэт — калі ласка, аднясіце гэтую песню ў музей “Поля цудаў”, ой, “Еўрабачання”. А ўвогуле цікава: Ісландыя, краіна ў якой жыве людзей удвая меней, чым у Фрунзенскім раёне горада Мінска, — як яны там абіраюць удзельніка Еўрабачання. Мы б прапанавалі цягнуць запалкі.
Албанія. Яўгент Бушпепа. Mall
Албанцы паглядзелі на леташняга пераможцу Еўрабачання і даслалі песню на албанскай мове. Вось гэта заўжды прыемна: замест традыцыйных для конкурсу песняў, складзеных з набору “Словы, з якіх, на думку людзей з дрэннай англійскай, складаюцца хіты. Зрабі сам. Толькі сёння 19,90 еўра, а не 59,90, плюс у дадатак вы атрымаеце бясплатную брашуру “Самыя папулярныя ноты на фартэпіяна ў до-мажоры”, прыемна чуць нацыянальную мову. У астатнім гэта звычайная поп-песня, якая нічым не раздражняе, асабліва нічога не дае, то бок звычайная конкурсная.
Бельгія. Сэнек. A Matter of Time
Ну вось тут шматабяцальны пачатак — крыху соўлу, крыху электронікі, ледзь не трып-хопу, і добра, каб яно так і далей ішло, але на першай жа хвіліне здараецца прыпеў, які ператварае ўсё гэта ў звычайны еўрахіт. Ну, хоць не з набору “Словы, з якіх…”
Чэхія. Мікалас Ёзэф. Lie to me
Эксперыментальны жанр хіп-хоп (з пункту гледжання Еўрабачання) прывезлі сёлета чэхі. Гэтага падалося мала, і ў эксперыментальны жанр хіп-хоп быў дададзены экзатычны інструмент (з пункту гледжання Еўрабачання) — труба. Атрымалася рытмічненька і ненавязліва. Можна нават паслухаць яшчэ раз.
Літва. Ева Засімаўскайтэ. When We’re Old
Пачынаецца так: меланхалічныя акорды на фартэпіяна, пасля ціхі шчымлівы голас, а пасля ўся прыгажосць ляснецца аб прыпеў за аркестрам, хорам, падтанцоўкай і іншым. Знаёмы сцэнар? Але не ў гэтым выпадку. Літоўцы ўвогуле добра арыентуюцца ў меланхалічных баладах, таму ўвесь трэк Ева Засімускайтэ прытрымліваецца першапачатковага настрою. І гэта добра, бо не нагадвае песню “Замыкая круг”.
Ізраіль. Нэта Барзілай. Toy
А вось і адзін з фаварытаў сярод букмекераў. Невялікае лірычнае адступленне: кожны год трохі шкада букмекераў, якія ўжо колькі месяцаў імкнуцца зразумець, якая з еўрабачанскіх песняў сёлета пераможа. У нас ёсць страшнае падазрэнне, што для гэтага букмекеры слухаюць іх неаднаразова. Мужныя людзі, цвікі б рабіць. Але вернемся да песні.
Ізраільцяне любяць дасылаць на Еўрабачанне нешта вясёлае: то ў іх хасіды абяцаюць націснуць на кнопку, то вось сёлета Нэта Барзілай расказвае, што яна не “цацка”. Дарэчы, выглядае як сцёб з тыповай поп-песні, якую дасылаюць на Еўрабачанне. Весела, але не больш за тое.
Беларусь. Alekseev. Forever
Ну а цяпер галоўнае, “гэты трэк мы набліжалі як маглі”. Аляксееў — артыст украінскі, але сёлета прадстаўляе на конкурсе Беларусь. З самай звычайнай для Еўрабачання песняй, вось проста настолькі звычайнай, што з ёй можна было б ездзіць і дзесяць гадоў таму, і летась, і нешта нам падказвае, што яшчэ гадоў пяць мы будзем ездзіць з чымсьці такім жа. Канечне, ідэальным для Беларусі, было б адправіць Віктара Лупасіна з песняй пра “Нос і сумленне”, прынамсі, нас бы доўга не забылі.
Вакол песні Forever ужо адбыўся скандал — маўляў, парушае правілы Еўрабачання (о жах!), цяпер чакаем якога-небудзь скандалу пасля. Бо без яго песня Forever будзе ну зусім сумнай.
Эстонія. Эліна Нячаева. La Forza
А яшчэ Беларусь аказалася заціснутай паміж двума фаварытамі. Эстонская спявачка Эліна Нячаева зрабіла ход канём і праспявала оперападобную песню на італьянскай мове. І зразумела: оперная артыстка як-ніяк. Сказаць, што опера на Еўрабачанні — гэта нешта новае, нельга, але сярод песняў пра каханне і мір ва ўсім свеце заўжды вылучаецца ў лепшы бок. Пакуль самае цікавае, што было ў першым паўфінале.
Балгарыя. EQUINOX. Bones
Балгарска-амерыканска-яшчэ-нейкая-краіна гурт, які сабраўся, каб выканаць адну песню на Еўрабачанні. Вось гэтую. Магчыма, праз важнасць падзеі гурт пішацца праз caps lock. Атрымалася атмасферна. Трэба сказаць, што калі мы кажам “атмасферна” ў фармаце Еўрабачання, то гэта не тое “атмасферна”, якое на альбомах якога-небудзь Ніка Дрэйка, а “атмасферна”, як калі вы ўключылі сярэднестатыстычны радыёэфір.
Македонія. Eye Cue. Lost and Found
Ого. Яшчэ адзін арыгінальны жанр — рэгей. Але такое рэгей, якое, калі што, можна круціць у эфіры так, каб яно не нанесла цяжкіх маральных пашкоджанняў слухачам. Таму рэгей-частка зварочваецца роўна на першай хвіліне, а далей ідзе прыпеў у найгоршай традыцыі поп-музыкі таго гатунку, які мы называем “папса”. Нейкае ніякае.
Харватыя. Франка. Crazy
Адразу можам назваць дзве харошыя песні з такой назвай. Вось гэтую і вось гэтую. Іх і раім паслухаць. Францы трэба аддаць належнае за прыемны вакал, а вось за Lo-o-o-ve і канцэпцыю мы ёй аддаць належнае не можам.
Аўстрыя. Сэзар Сэмпсан. Nobody But You
Тут мы таксама ведаем харошую песню з такой назвай. Вось такую. Што да Сэмпсана, то кар’ера бэк-вакаліста на папярэдніх Еўрабачаннях, відаць, надакучыла, а праспяваць такое самае самастойна хацелася. Менавіта “такое самае”: ацаніце самі.
Грэцыя. Яна Тэрзі. Oneiro Mou
Другая за паўфінал песня на нацыянальнай мове. З грэцкім (трохі ўлоўным) каларытам. Грэкі, дарэчы, любяць прывозіць на Еўрабачанне песні на сваёй мове, і іх прыклад — іншым навука, бо калі б гэтая песня была па-англійску, мы б яе не змаглі адрозніць ад паловы астатніх.
Фінляндыя. Саара Аалта. Monsters
Саара Аалта ўжо пабывала ў фінале брытанскага X Factor, таму пытанняў да яе спеваў няма. А вось да песні ёсць: настолькі тыповую поп-песню, калі прыбраць відэашэраг, цяжка прыдумаць. А гэта фіны, якія любяць нас здзівіць. Здзівілі, дзякуй.
Арменія. Сенак Ханагян. Qami
Яшчэ адна песня на нацыянальнай мове. Але нас больш зацікавіла старонка Ханагяна, у Вікіпедыі, якую цяпер хочуць выдаліць. Прыводзім абраныя цытаты:
Севака Ханагяна, или как зовут его друзья и близкие — Севы, берет свое начало в армянском селе Мецаван, расположенном в Таширской области.
Самым ярким событием в жизни Ханагян считает рождение сына Баграта.
Певец верит в удачу, поэтому никогда не расстается со своим счастливым браслетом.
Рассказывая о курьезных ситуациях на концертах, он признался, что их было много.
“Однажды на концерте в Ереване я пел кавер-версию песни Меладзе. И когда произнес: “Я не могу без тебя”, одна девчонка в зале крикнула: “Я тоже без тебя не могу!”. Причем так громко, что даже музыка не смогла заглушить ее слова… Или же как-то, тоже в Ереване, объявляю песню: “Думаю, вы догадываетесь, какую песню я сейчас исполню”, и голос с конца зала: “Сирум ем кез” (“люблю тебя” по-армянски). Ответил: “Спасибо, я тоже вас люблю…” — говорит Севак.
Ну і песню вы цяпер прыблізна ўявілі.
Швейцарыя. Zibbz. Stones
Швейцарскі дуэт запомніцца нам доўгімі паўзамі паміж музычнымі фразамі. Хаця не, чакайце, не запомніцца. Калі-небудзь прыйдзе час, і формулу “ціхі куплет — гучны прыпеў” забароняць якой-небудзь чарговай Жэнеўскай канвенцыяй як шкодную для музычных калектываў.
Ірландыя. Раян О’Шонэсі. Together
Ірландыя і Еўрабачанне — гэта асобная тэма: калі ў самым пачатку 90-х Ірландыя пачала перамагаць штогод, ірландцы нават самі задумаліся, ці трэба ім тое. Пацярпелі год і выйгралі яшчэ раз.
Сёлета ад Ірландыі мы маем спакойную баладу, якая не выклікае раздражнення, гэта нашмат лепей, чым некалькі папярэдніх нумароў. Сам спявак мае цікавы дыяпазон, хаця што значыць фраза ў ягонай біяграфіі “он грает на гитаре, фортепиано и саксофоне, а также создает и пишет для разных художников”, мы так да канца і не зразумелі.
Кіпр. Элені Фурэйра. Fuego.
Апошні на сёння нумар. Віншуем, вы адслухалі 19 песняў, якія ў іншай сітуацыі слухаць ніколі не сталі б. І вось гэтая апошняя песня — нейкае кіпрскае прывітанне Рыяне, але з чаканым вынікам: моцнае падабенства яшчэ нікому не дапамагала. У астатнім, калі вы раптам прапусцілі песню Fuego, уключыце радыё — там такіх з тузін за гадзіну будзе.
Слухаў і каментаваў Мікалай Левертаў