5 снежня Алесю Сцяпанавічу Разанаву спаўняецца 65 гадоў. Сардэчна віншуем Вас, шаноўны спадар Алесь! Няхай здзяйсняюцца найлепшыя творчыя задумы! Няхай побач з Вамі заўжды будуць блізкія людзі, і каб ніколі не спыняліся крыніцы натхнення, дабрабыту, выдатнага настрою!
Імя Алеся Разанава ў беларускай літаратуры ўжо даўно стала сімвалам нястрымнага творчага пошуку, эксперыментатарства. І сваю славу наватара паэт падмацоўвае кожнай новай кнігай. Уведзеныя ім новыя паэтычныя формы, такія, як квантэма, версэт, пункцір, вершаказ, не толькі зрабілі нашу паэзію больш разнастайнай, але і паўплывалі на характар яе далейшага развіцця, зрабіўшыся візітнай карткай новай генерацыі пісьменнікаў. Аднак рэфарматарства Алеся Разанава выяўляецца не толькі ў аднаўленні літаратурнай формы, у першую чаргу яно звязана з пошукамі новай змястоўнасці, стварэннем новай паэтычнай канцэпцыі свету і чалавека.
З вершамі ў друку выступіў у 1961 годзе, з таго часу выдаў шэраг кніг паэзіі і перакладаў. У 1970 г. пабачыў свет першы зборнік Алеся Разанава пад назвай «Адраджэнне». Нягледзячы на тое, што ў выданне не ўвайшлі некаторыя ўжо вядомыя па ранейшых публікацыях вершы, кніга атрымала шырокі грамадскі рэзананс, выклікаўшы шматлікія водгукі крытыкаў, якія адзначалі не толькі змястоўную глыбіню паэзіі маладога аўтара, але і майстэрскае валоданне вершаванай тэхнікай.
Пазней пабачылі свет зборнікі паэзіі «Назаўжды» (1974), «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях-360» (1981), «Вастрыё стралы» (1988), «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), «Паляванне ў райскай далiне» (1995), «Рэчаiснасць» (1998) і многія іншыя. З апошняга — «З апокрыфа ў канон: гутаркі, выступленні, нататкі» (2010), «І потым нанава пачаць: квантэмы, злёсы, вершы» (2011).
Творы Алеся Разанава перакладзены больш чым на 20 моў, асобнымi выданнямi выйшлi кнiгi ў Грузii, Германii, Балгарыi, Польшчы.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларусi iмя Янкi Купалы.
Алесь Разанаў
На гэтай зямлі
Хто пытаецца ў мяне дарогу на ўсход,
хто — дарогу на захад…
Нiбы раздарожжа, я паказваю ўсiм, куды
iсцi, а сам застаюся на месцы —
на гэтай зямлi, пад гэтым небам,
занадта лёгкi для глыбiнi,
занадта цяжкi для вышынi,
занадта цэласны, каб падавацца
ў якi-небудзь бок…
Вось мая левая рука, вось — правая…
Я кладу зерне ў дол — i яно вырастае
ў дрэва:
на адной галiне ў яго сонца,
на другой — месяц,
рознагалосыя птушкi з усiх канцоў свету
спяваюць на iм свае песнi i ладзяць
гнёзды…
Тут мой захад, i тут – усход.