This movie requires Flash Player 9
22.07.2014 | Калонка Альгерда Бахарэвіча

Альгерд Бахарэвіч: Ганаровая вешалка

Смутна мне, Божа! Куды я ні гляну…

Гэта, калі што, Купала напісаў, а не я. Я б так не змог. Па-першае, таму што ён быў геній, а па-другое, на мне няма цяпер маёй сялянскай кашулі. Яе ў мяне, калі быць шчырым, зусім няма. Сорамна, канечне, у дваццаць першым стагоддзі не мець сялянскай кашулі ў гардэробе. Ці майтак з нацыянальным арнаментам. Можа, хто падорыць на 25 сакавіка… Ці на гадавіну перамогі пад Воршай. Хаця ёсць сумнеў, што яны там пад Воршай менавіта ў вышыванках маскалю прачуханца давалі. Але хто яго ведае, якім было сярэднявечнае хакі…

Але да верасня яшчэ чакаць і чакаць, а мне і без сялянскай кашулі неяк смутна. Бо куды я ні гляну – на мяне пазіраюць разумныя, сучасныя, таленавітыя людзі, якія ў 2014 годзе чамусьці апрануліся ў вышыванкі і так радуюцца, быццам ім толькі што замянілі расстрэл на катаргу. Хаця катарга – гэта, вядома, архаізм. А вышыванка?

А яна акурат у трэндзе. Вось і маё любімае радыё абмяркоўвае, чаму гэта раптам вышыванка зноў у модзе. Этнаграфізм? Выклік нацыяналістаў? Унутраная патрэба? Салідарнасць з Украінай? Добра, калі толькі апошняе.

Здаецца, перадусім трыумф вышыванкі значыць, што ўсё было дарэмна. Мы прапалі. Вышываначная Беларусь зноў перамагла Беларусь еўрапейскую. Мы вярнуліся туды, дзе былі. Да Беларусі льняной, жытнёвай, баравой, а таксама баваўнянай, саматканай, паркалёвай, пладова-ягаднай і сінтэпонавай. Быць беларусамі без вышыванкі не атрымліваецца. Кракадзіл не ловіцца і не расце какос. Нешта не складваецца. Але што?

Проста беларусам, без вышыванкі, быць нецікава. Беларускасць трэба насіць на сабе. І зашпільваць на ўсе гузікі. І пажадана да калена. Каб усе бачылі – вось ідзе беларус. Ці беларусачка. Сама цёмная, вусы белыя, а на грудзёх – узор нацыянальны. Эцюд у белых і чырвоных тонах.

Навошта кніжкі чытаць, калі ёсць вышыванка? На ёй усё напісана, то бок вышыта. Ці намалявана, як тату на скуры. А больш беларусу ведаць неабавязкова. Мудрасці пакаленняў, запісаных беларускімі рунамі, хопіць, каб пражыць жыццё і іншых навучыць. Навошта кірыліца і лацінка, калі ёсць руны? Вышыванка – таксама цывілізацыйны выбар. Адмова ад Захаду і ад Усходу таксама – а замест гэтага рух углыб, у зямлю. Да нібыта глыбокіх – як магілы – народных традыцый. Толькі, на жаль, кожная традыцыя ёсць усяго толькі міфам. Апраўданнем голаду – гэтага вечнага спадарожніка людзей у вышыванках. Традыцыі выдумваюць тады, калі гэта робіцца выгодным. І забываюцца на іх адразу ж, як толькі яны пачынаюць замінаць.

Пакуль што па вуліцах беларускіх гарадоў людзі ў вышыванках яшчэ не бегаюць. Яны ў вышыванках пераважна пазіруюць. Трохі збянтэжаныя, яны пазіраюць у аб’ектыў і думаюць, што выглядаюць вельмі патрыятычна. Патрыятызм наогул – усяго толькі адна з формаў фотагенічнасці. Людзям у вышыванках вельмі важна адчуць, што іх шмат. Толькі тады яны моцныя. І ў гэтым нашае з імі адрозненне. Еўрапейцу важнае крыху іншае – адчуць сваю каштоўнасць і свабоду, застаўшыся самому, без грамады. У гэтым яго моц. А моц вышываначнага чалавека – ва ўзоры пад яго падбароддзем. Таму ён, шукаючы аднадумцаў, пазбягае ўсё ж хадзіць у вышыванцы па людных вуліцах і на публічныя мерапрыемствы. Барані Божа капне хто кетчупам – і сваю сіламоц давядзецца праць парашком “Мара”. А што можа быць прыніжальней…

Неверагодным чынам вышыванка ўвайшла ў моду тады, калі здалося, што беларускія гараджане нарэшце пачалі апранацца як еўрапейцы. Па праспекце пройдзеш – Яўропа: мінчукі выглядаюць гэтаксама, як жыхары іншых еўрапейскіх сталіцаў. Не горш. Гэтак жа разнастайна. Беларусаў цяпер наогул усё цяжэй стала вылучаць за мяжой з натоўпу. Людзі як людзі: такія могуць жыць у Баранавічах, а могуць – у Брандэнбургу. Гэта ісцінна рускіх людзей ні з кім не зблытаеш: іхныя кабеты вандруюць па Еўропах у піжамах (сам бачыў), а мужчыны ў спартовых касцюмах, зусім як пацыенты якога-небудзь мінскага шпіталя. Каб лішні раз не пераадзявацца – ну, і каб падкрэсліць, што рускі чалавек паўсюль у сябе дома: у спальні.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што тыя рускія жанчыны, відаць, не здагадваліся, што яны ў піжамах. Успамінаецца анекдатычная гісторыя пра тое, як жонкі савецкіх акупантаў хадзілі ў тэатр у купленых імі ў Вільні начных сарочках, прыняўшы іх за прыгожыя вечаровыя сукенкі з карункамі. Затое які выклік грамадству…

Вышыванка вось таксама нібыта выклік. На першы погляд. Але ўвогуле ў папулярнасці вышыванак ёсць нешта паўночнакарэйскае. Тысяча абсалютна голых людзей будзе выглядаць больш індывідуальна, чым гэткая самая тысяча ў вышыванках. Спецыфіка жанру…

Знаёмая літоўская літаратарка расказвала неяк пра першага пабачанага ёй у жыцці беларускага паэта. Прозвішча яна не запомніла. Вершаў таксама. І ніхто не запомніў. “Вершы былі такія самыя, як яго вышыванка… – сказала знаёмая. – Такія архаічныя. Вось вышыванку запомнілі ўсе. І з гэтым вы хочаце ў Еўропу?”

Цяпер я думаю, што мы туды ўжо не хочам.

Можна, вядома, сказаць, што вышыванка і не абавязаная падкрэсліваць індывідуальнасць. Наадварот: той, хто надзявае вышыванку, абірае так званыя традыцыйныя каштоўнасці, а іхным прыхільнікам на нейкае асобнае “я” заўжды было напляваць. Ці камянямі закідаць. Традыцыйныя каштоўнасці лёгказасваяльныя, і на іх трымаецца свет: што б мы ўсе рабілі без мілых нашаму сэрцу хатняга гвалту, цемрашальства, рэлігійнага фанатызму, моцнай рукі, ксенафобіі і г.д.!.. І ў шафе гэтых каштоўнасцяў для састарэлай вышыванкі заўжды вісіць пустая, ганаровая вешалка.

Смутна мне, Божа.

Ясная рэч, вышыванка – гэта мода, і яна міне. Але сялянскую кашулю ў гардэробе на ўсялякі выпадак мець варта. Раптам ужо заўтра вышываначныя людзі пачнуць весці рэй у краіне. Трэба мець адну вышыванку для маскіроўкі, каб непрыкметна дабрацца да мяжы. Ці дзве. А лепш дзесяць. І ўсе іх надзець, адразу, адну на адну. Каб ніхто не здагадаўся.

Увага! Меркаванне калумністаў не заўжды супадае з пазіцыяй кампаніі "Будзьма беларусамі!"

32 Каментаў у “Альгерд Бахарэвіч: Ганаровая вешалка”

  1. 1tamerlan1 says:

    Триумф джинс значит, что все было зря. Мы пропали. Ковбойская Америка победила Америку цивилизованную. Мы вернулись туда, где были. К Америке с “правом Кольта”, войнами с индейцами, одеялами с оспой , рабством, бандитизмом на дорогах.

  2. Шло за лухта?

  3. Vik says:

    Канечне, трэба ж прыгожанька апранацца, як яўрапейцы, як усе. У топку нацыянальны стылі і каларыт. Даеш джынсы і магчымасць аб***ацца ад радасці з таго, што нашыя джынсы больш па-еўрапейсці глядзяцца, чым расейскія трэнікі. Мабыць, гэта хацеў сказаць аўтар, які з шэрагу беларускамоўных блогераў-графаманаў не вылучаецца нават вышыванкай.

  4. Канешне, ўсе даўно заўважылі, што спадар Бахарэвіч любіць эпатаж, але напісанае гэтым разам – такая лухта, што няма жаданьня і спрачацца.

  5. Альгердзе, цікава што думаюць пра гэта, напрыклад, немцы ў сваіх нацыянальных строях на Октобэрфэстах? Таксама калхазьня недаэўрапейская? Згадваецца яшчэ Стэфан Эрыксан сустракаў гасьцей ў нацыянальным строі на дзень Швэцыі. Ці ўсе гэтыя немцы-швэды таксама не адбыліся як эўрапейцы? :-)

  6. Basil says:

    Мы былі – і пакуль, на жаль, ёсць, у краіне з савецкім тыпам мыслення.
    З расійскімі сцягамі ў машынах.
    З каларадскімі стужкамі на антэнах.
    З расійскімі каналамі па ТБ.
    З газетамі і часопісамі на чужой мове.
    З пытаннямі, зададзенымі на мове іншай краіны – і трэба сказаць, не самай удалай псіхічна.
    І з блізкасцю Еўропы.

    Дзякуй, што хоць тэкстыль пачалі свой ​​рабіць і любіць.

  7. Paval says:

    Вельмі нагадвае добры троллінг) Бо тут даказваць відавочнае не мае сэнсу, як спрачацца блакітнае неба ці жоўтае, трава зялёная ці белая.

  8. А стаць еўрапейцам – гэта што? Гэта самамэта, гэта найвышэйшая каштоўнасць? Можа больш каштоўным было б быць самабытным? Можа ў самабытнасці і ёсць найбольшае тое, што мы лічым еўрапейскасцю, і ў гэтым была б нашая “фішка” ? Ці лічыць Еўропа і еўрапейскасць аднолькавасць за сваё? Калі так, калі быць еўрапейцам – гэта быць як усе, то нашто нам такая Еўропа? Ці свабода павінна быць свабодай ва ўсім, у тым ліку і ў магчымасці насіць вышыванку, не гледзячы ні на што? Шмат пытанняў, але не шмат адказаў. Чым эстонцы, якія пры мне на Дзень вяртання Незалежнасці сядзелі ў нацыянальных строях у кавярні замка Раквере і спявалі песні, сталі больше еўрапейскімі, чым мы ў тых жа самых строях?
    Пан Альгерд, вельмі паважаю вашыя тэксты, але гэты тэкст спрэчны, як па мне, не згаджуся з ім.

    • Надзея says:

      Як я з вамі згодна! +100000! Усе мае думкі прачыталі.

    • Юля says:

      … Можа больш каштоўным было б быць самабытным? Можа ў самабытнасці і ёсць найбольшае тое, што мы лічым еўрапейскасцю, і ў гэтым была б нашая “фішка” ? …
      ————–

      Так-так! Падтрымліваю каментатара. А вось спадара Бахарэвіча ў гэтым артыкуле зусім не падтрымліваю.

  9. Ina says:

    5 хвілін згубленага часу. нішто так не раздражняе як мужчына, які многа ды без сэнсу гаворыць (

    • Stasya says:

      СУПЕР!!!! Поўнасцю згодна – не толькі раздражняе, а проста брыдка стае

  10. Dzen says:

    А калі мы ўжо будзем любіць нешта сваё? Не “матушку Расію” і не Еўропу, а вось тое, што маем, тут і зараз.
    І навошта так імкнуцца ў тую Еўропу? Адкуль ўзялося гэтае ” еўрапейскае – абавязкова добрае, як мае быць”. І чаму быць еўрапейцам – лепш, чым быць індзейцам, афрыканцам, амерыканцам, расейцам? Лепш, чым быць беларусам?

  11. Jahor says:

    Пан Альгерд альбо троль альбо дурань.

  12. ілля says:

    Здаецца мне, што галоўнай тутай была не ненавісць да вышыванак, а тое, што мы змянілі гардэроб, а погляды свае засатавілі. Не ведаю што хацеў сказаць аўтар, але я заўважыў што шмат беларусаў ў вышыванках нічога не могуць адказаць па беларуску, ці нават кажуць што іх строй аб’ядноўвае іх з братамі “славянамі” з ўсходу. Я не кажу што апрануцца ў вышыванку дрэнна, толькі трэба і розумам быць беларусам, нават не “і”, а ў першую чаргу.

  13. з Еўропы says:

    А чаму гэта на сайце “Будзьма беларусамі” з’яўляецца такі матэрыял, які, са з’едлівай пагардай звыш (ну амаль Месія, блін, вучыць нас, небаракаў, прыйшоў – “правільнай” еўрапейскасці), наўпрост аплёўвае беларусаў і беларускасць? Зваліць да купы вышыванкі. сямейны гвалт і рэлігійнае цемрашальства… ах, і канешне ж, неабходна не забыцца і пра модненькую, звыштрэндавую ксенафобію – гэта трэба ўмець нафігачыць такой лухты. Можа, аўтар ужывае спайсы? Ці даўно падсеў на антыдэпрэсанты, і калі іх няма, дык “сумна мне, Божа…”? А калі сур’ёзна, дык тэкст – абсалютная фігня, а аўтар сам нагадвае тую пустую надламаную вешалку, якую хочацца проста выкінуць на сметнік, каб не займала месца ў шафе грамадскай свядомасці.

  14. migel says:

    Будзьма! Не публікуй больш гэтага Бахарэвіча.

  15. беларуска says:

    А здзеквацца над нацыянальнымі сімваламі гэта што вышэйшая еўрапейскасць. Будзьма вам не сорамна змяшчаць лухту.

  16. Альгерд, дзякуй за артыкул! Вельмі слушны. Пасмяялася ад душы!
    Папярэднія каментатары, а чаму вас так лёгка пакрыўдзіць? Выглядаеце вы смешна, на самрэч.

    • з Еўропы says:

      “Насамрэч” пішацца разам. Гэта па-першае. Па-другое, вельмі хацелася б паглядзець, як Вы будзеце “ад душы” рагатаць, калі нехта пачне падсмейвацца, напрыклад, над вашымі бацькамі, камплекцыяй, манерай хады, колерам вачэй або няздольнасцю апранацца з густам. Артыкул проста неэтычны і пусты. Не ўсё тое золата, што блішчыць. Як і не ўсё тое, што піша Бахарэвіч, варта друкаваць. Часам падаецца, што пэўная цэнзура на сайце не зашкодзіла б. Але тут падчышчаюць каментары па нейкай вельмі хітрай методзе, хутчэй за ўсё, паводле банальнай неадпаведнасці меркаванням рэдакцыі.

      • Як мне шкада, што ваша жаданне так і не здзейсніцца! І вы так і ніколі не ўбачыце, як я “ад душы рагачу”, калі нехта пасмейваецца над маім бацькам, камплекцыяй, манерай хады, колерам вачэй або здольнасцю апранацца з густам. Асабліва, як мне смешна, калі ў каментарах выпраўляюць памылкі! Хаця… Зямля круглая, і можа нам з вамі пашчасціць пазнаёміцца? Калі захочаце – я вас навучу, як глядзець на крытыку з гумарам.
        Усё астатняе бла-бла-бла пра цензуру, падаецца, не мне адрасавана. Адказваць не буду.
        Бывайце! Ну і выбачайце мне мой шчыры смех!

  17. shto za luhta?? Hto skzau, shto pamjatac narodnyja tradycyi i kulturu- geta drenna, a vos byc jak eurapeec- geta duzha dobra. Byc jak use, byc jak eurapeec ci amerykanec, ci jak jashche hto-nebudz – geta jak zgubicca u natoupe sjarod sheraj adnolkavaj masy… Byc jak use zvychajna zhadajuc ljudzi ne nadta dalekija, bo kali u nas esc neshta svae, shto isnavala vjakami, to adrachysja ad getaga i zabycca na geta mozha zzahacec tolki duran. Kozhny narod pavinen adroznivacca ad inshyh, zahouvac svaju kulturu, a asabliva movu… Ganba autaru getaga artykulu. takija jak autar dzelja tago kab byc u europe na use pojduc, napeuna i u sklad inshaj by krainy pajshli, buc to polsha, litva ci germanija, aby u europe.. Luhtu nejkuju njase.

  18. Гигин says:

    Рад, что Олег Бахаревич и кампания “Будзьма беларусами” поняли всю комичность и безперсперспективность белорусского национализма. Коллеги, вы ещё внесёте посильный вклад в построение “русского мира”!

  19. Sotnieks says:

    Карацей кажучы,
    грамаду, супольнасць – у дупу,
    а “Я”, эга – гэта галоўнае ў свеце.
    Грамада = “хатні гвалт”, “цемрашальства”, “ксенафобія”;
    асобнае “я” ў вакууме = святло і шчасце.
    Стандартныя лозунгі хлуслівай культурмарксісцкай дэмагогіі.

    Публікуючы камуняцкую бурду, Будзьма лье лайно сама сабе на галаву. Але ж вам важней колькасць клікаў?

  20. Stasya says:

    “Будзьма”, ад вас такога не чакала… Ці гэта проста прыклад сучансага “халуйства”? Маўляў, роднай мовы я не цураюся (бо гэта зараз не модна), але ад родных каранёў, на ўсялякі выпадак, адракуся. Бо хадзіць у кітайскім “шырпатрэбе” – гэта больш па-еўрапейску, чым у самабытных строях.
    Дарэчы, вышыванку насілі не толькі сяляне (я разумею, што з-пад уласнага сялянства астатняга не бачна, але кнігі па гісторыі можна было б і пачытаць – яны ж не рунамі напісаныя, а кірыліцай ці лацініцай). На Беларусі было каля 12 % шляхты (у Расіі – каля 3%) і нашая шляхта была не менш “моднай” за еўрапейскую.

  21. JK says:

    Цырк.
    Спрэчкі на конт таго, хто еўрапеец, хто беларус, а хто сочыць за модай.

    Поспехаў гэтаму няголенаму эксперту моды ў напісанні чарговага артыкула.

  22. Антось says:

    НейкI вясковы чалавек пIсау. Яны звычайна плёткI плятуць пра тое, хто у чым апрануты пайшоу. Мо яшчэ бюргеры так робяць, халера яго ведае? ХIба гэта I ёсць эурапейскI сьветапогляд?

  23. Valdemar says:

    А ці прыдбаў сабе вышыванку аўтар? Бо неўзабаве яна спатрэбіцца – і не для ўцёкаў, а не ўезд. )))

  24. Танька says:

    Нешта мне падаецца, што артыкул проста высасаны з пальца. Ну зъявилася тэма – вышыванки… Здаецца, людзям падабаецца. А давайце аб**рэм, чым выкликаем абшчэсцьвенны рэзананс!
    Ну и рэзананс зъявиуся. Тонки таки тролинг…
    Пардоньце за расейскую графику.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика