Напэўна, я нейкі тупаваты. Бывае. За амаль сорак гадоў жыцця я так і не здолеў зразумець сэнс некаторых так любімых беларусамі словаў – і не абы-якіх завумна-загранічных, а тых, якія чуеш і бачыш ледзьве не на кожным кроку. Вось, напрыклад, слова “духоўнасць”…
Пабачыў яго нядаўна чарговы раз і зноў задумаўся, што ж гэта такое. Напэўна, быць тупым не так ужо кепска. Лішні раз задумацца над духоўнасцю – ці не гэтага штодня чакае ад цябе грамадства?
Можна, вядома, зазірнуць у даведнікі. Але іх, відаць, пісалі вельмі духоўныя людзі. Магчыма, занадта духоўныя, каб вось так проста ўзяць і прызнацца: духоўнасць – гэта…
Увогуле, духоўнасць – харошае слова. Дарэчы, вельмі добра прыдаецца да гульні ў лексічную расчлянёнку. Тут табе і дух, і ход, і сан, і сад, і суд, і нават хадун (не блытаць са златкай). А яшчэ ад духоўнасці заўжды ідзе дужа спецыфічны пах. Па паху яе і пазнаюць. Часам, наведваючы розныя мерапрыемствы, ты, яшчэ не зайшоўшы ў залу, адчуваеш: сёння тут, як той казаў, пір духу. Свята духоўнасці. Паэты, пісацелі, артысты, дух творчасці такі, што задыхнуцца можна.
Што пра яе дакладна вядома, дык гэта тое, што за яе, духоўнасць, за яе адраджэнне, даюць грашовыя і не грашовыя прэміі. Так што яна – нейкая даволі мёртвая субстанцыя, бо інакш нашто яе адраджаць? І яна мае сваю цану. Зразумела, на Камароўцы духоўнасць не купіш, але наогул па горадзе цэны вар’ююцца ад 7 да 100 у.е. Сам бачыў аб’явы. “Цэнтр духоўнага развіцця запрашае..”, “Духоўнае ўдасканаленне з дапамогай найлепшых спецыялістаў” і г.д.
Духоўнасць – гэта… Ну, нешта такое, не бачнае вокам. Не зусім так, вядома. Скажам так: у духоўных людзей у вачах заўсёды нешта такое, што хочацца дастаць адтуль пінцэтам. Духоўнасць – гэта тое, чаго ў нас няма, але што нам вельмі-вельмі трэба, і хаця мы самі не разумеем, што гэта, нам вельмі карціць гэта атрымаць. Падобна да савецкай чаргі, у якой займалі месца, не цікавячыся, што даюць – калі чарга ёсць, значыць, яно таго вартае. А раптам боты? Італьянскія?
Духоўнасць вось таксама – дэфіцыт. Я чуў, што яе даюць нам дзеячы культуры, за ўмераную плату. І калі ў цябе ёсць знаёмы дзеяч культуры, ці ў знаёмага ёсць такі знаёмы, дык ён можа арганізаваць, падзяліцца, са зніжкай – калі ў яго самога з духоўнасцю перабор і яму трэба тэрмінова пазбавіцца ад лішкаў.
З усяго гэтага вынікае, што да духоўнасці мае нейкае дачыненне і літаратура. Але, наколькі я разумею, не ўся, а толькі тая, якая ёсць носьбітам духоўных каштоўнасцяў. І вось я саджуся і ліхаманкава перабіраю прозвішчы. Здаецца, заслужаныя людзі – а слова “духоўны” ні да кога не прылепіш. Выглядае смешна, а хіба духоўнасць умее ўсміхацца? Не, гэта жэншчына сур’ёзная.
Часам мне здаецца, што ў Беларусі ёсць толькі адзін духоўны пісьменнік, Зміцер Аглаблёвы. І тое, што пра яго ніхто не чуў, яшчэ раз сведчыць, што з духоўнасцю ў нас сапраўды праблемы.
Вось у часы майго дзяцінства, напрыклад, духоўным называлі пераважна тое, што мела дачыненне да рэлігіі. Але сітуацыя хутка змянілася, і духоўным пачалі называць наогул усё добрае, правільнае і прыгожае. Духмяна-патрыярхальнае, дзе ўсе ведаюць сваё месца за сталом і ніхто не лезе паперадзе бацькі.
А для астатняга ў свой час прыдумалі спецыяльны тэрмін “бездухоўнасць”. Яе таксама можна атрымаць у свайго ўчастковага дзеяча культуры, па месцы рэгістрацыі. Але лепш да яго не хадзіць, бо ён можа быць заразны. Бездухоўнасцю можна заразіцца, прачытаўшы кніжку, паглядзеўшы фільм, праслухаўшы песеньку – яна, як язва, раз’ядае грамадства знутры. Як бачым, пра бездухоўнасць мы ведаем значна больш. Добра ведаць пра тое, што ёсць насамрэч.
Страшнае слова – духоўнасць. Лішняе слова, пустое слова, слова, якое нічога не значыць. Кожны раз, калі мы вымаўляем яго або пішам, марнуем секунду жыцця. Што ж, у яго іншыя задачы. Як гэта па-беларуску…
…Нядаўна давялося слухаць Шапэна ў варшаўскім парку. Некалькі сотняў чалавек утульна размясціліся вакол помніка кампазітару, хто на траве, хто на лаўках, хто адно на адным, і ўсе яны цягам гадзіны засяроджана запраўляліся музыкай – і праўда абсалютна геніяльнай. Наогул, духоўныя людзі лічаць Шапэна сваім хлопцам – і хай сабе. Але вось ці важна гэта для самога Шапэна?
Успомніўся Стральцоў:
Вось гэта музыка сама
Сабе гучыць, ёй справы мала,
Што дзесьці водгуку няма,
Што недзе музыкі не стала.
Як бы не ведае мяжы,
Як бы сама сябе люляе
І ўжо на нейкім рубяжы
Сябе самую адмаўляе…
Сама сябе – і ніякай духоўнасці. Як жа гэта ў іх рукі падняліся, у Шапэна са Стральцовым, га?
Адкуль жа яна бярэцца, каму яна патрэбная, тая духоўнасць? Дзе яе тонкія, эфірныя крытэры? Дзе яе каровіны вочы, дзе яе зямное цела, якое павіннае пасвіцца недзе побач з гуманізмам і верай? Чаму Змітрок Аглаблёвы – гэта духоўна, а якія-небудзь Хайдэгер або Жыжак – хм… Чаму пра праваслаўе ў Беларусі кожны скажа, што яно духоўнае, а пра будызм – што гэта проста рэлігія з філасофіяй? Тут мусіць нейкі сакрэт, духоўнасць павінная мець яшчэ нейкі сэнс, апрача пустога страсання паветра. Кажуць, гэтую загадкавую духоўнасць нібыта мусіць несці культура… І мастацтва. Паглядзеўшы на тое, каго ў Беларусі называюць носьбітамі ідэалаў духоўнасці, зусім перастаеш разумець, навошта нам тая духоўнасць. Каб вось гэтыя душыліся ў чарзе па нашы душы?
Слова “духоўнасць” у нас любяць пісаць царкоўнаславянскім шрыфтам, быццам намякаючы на тое, дзе шукаць і з чаго чэрпаць. Готыка, усялякія Arial або Old English тут не пройдуць. Можна спадзявацца, што калі яна, духоўнасць, нарэшце запануе ў Беларусі, дык адмысловым загадам духоўных людзей на клавіятурах усіх камп’ютараў і тэлефонаў з’явіцца спецыяльная кнопка. Клавіша “Духоўнасць”. Націскаючы яе, можна будзе хутка і без асаблівых высілкаў надаваць сваім тэкстам і паведамленням духоўную скіраванасць.
І гэтыя часы ўжо блізка. Па Беларусі скрозь задуху духоўнага смогу гойсаюць, як дзеці лейтэнанта Шміта, духоўныя паэты, расказваючы ўсім пра духоўны Чарнобыль. Мы ўсе ў ім, як высветлілася, жывем. А яны нам хмары развядуць рукамі. Каб пазбегнуць катастрофы, трэба купляць кніжкі духоўных паэтаў і чытаць іх, чытаць, чытаць. Інакш – гамон. Духоўнасць прыйдзе на Беларусь, а мы і не заўважым.
Альгерд Бахарэвіч