“Primum vivere, deinde philosophari”, – раззлавана кінуў некалі адзін старажытны рымлянін у адказ на спробу іншага старажытнага рымляніна затлуміць яму мазгі. Маўляў, ты ў танку гарэў? Не? Падгарыш крыху – тады і прыходзь. Кінуў ён гэтыя горкія словы і пайшоў па сваіх справах, пакінуўшы надакучлівага “філосафа” ў поўнай адзіноце. Магчыма, акурат ад таго маладзёна, які застаўся стаяць на рымскай вуліцы з разяўленым ротам, і пайшлі пазней яны: сучасныя псіхолагі, крытыкі, эксперты, палітолагі, спецыялісты, дыпламаваныя думаннікі, знаўцы, чытачы, якія ўсё ведаюць лепш за цябе і заўжды гатовыя падзяліцца сваёй сакавітай сакральнай ведай…
Ну, і сучасныя пісьменнікі. Можа быць, пісьменнікі, псіхолагі і палітолагі якраз у першую чаргу. Карацей, людзі без біяграфій, але з амбіцыямі. Людзі, якія вучаць жыць іншых – нават калі гэткай мэты не маюць. У іх работа такая, у іх неяк “само выходзіць”, як кажуць дзеці – здаецца, адзіныя ў гэтым свеце, хто нікога не вучыць жыццю і пры гэтым цудоўна сябе пачувае. Разяўлены рот таго рымскага філосафа – чорная дзірка, якая засмоктвае ў сябе ўсё сказанае і напісанае, калі толькі да словаў не прывязаны камень, цяжкі камень досведу. Якім спакойна можна біць іншых па галаве – яны толькі дзякуй скажуць.
Але як забойцу, каб расправіцца з якой-небудзь старой ліхвяркай, патрэбнае алібі – так і чалавеку, які выяўляе сябе праз словы, патрэбная біяграфія.
Алібі забойцы можа быць толькі фальшывае – аднак біяграфію сабе можна прыдумаць. Трэба прыдумаць. Пажыві, а потым філасофствуй – гэта не просьба, гэта ўмова ці, хутчэй, першы пункт інструкцыі па эксплуатацыі сабе падобных. Малады філосаф, малады пісьменнік, малады псіхолаг – усё гэта насамрэч гучыць пачварным аксюмаранам. Што ты наогул у жыцці бачыў? Дзе твой згарэлы танк? Ці ты толькі кніжкі чытаў?
У кожнага, хто спазніўся некалі на божую раздачу і вымушаны быў зрабіцца чалавекам, намаганні вучыць яго правільна жыць і працаваць выклікаюць нязменны пратэст. Спачатку досвед пакажы, лямантуем мы. Паперку з пячаткай. Маральнае права. Некаторыя дастаюць і паказваюць – і тады ўсе супакойваюцца.
Але вучаць нас, як правіла, тыя, у каго патрэбнага досведу няма.
Нешчаслівыя людзі, якія ніколі не жылі з кімсьці ў пары, прафесійна даюць карысныя парады па сямейным жыцці.
Самотныя няўдаліцы з цэлым букетам комплексаў бяруцца развязаць твае псіхалагічныя праблемы.
Людзі, якія горда заяўляюць, што ніколі не каштавалі алкаголю і наркотыкаў, абяцаюць вылечыць цябе ад гэтай небяспечнай заразы.
Істоты, не здольныя напісаць нават аднаго прыгожага сказа, з выглядам знаўцаў абмяркоўваюць вершы і раманы.
Патрыёты, якія ніколі не бывалі далей за бабуліну вёску на Берасцейшчыне, спачуваюць беднаму Еўразвязу і заўжды маюць напагатове рэкамендацыі па яго ўратаванні.
Маладыя філосафы з сур’ёзным выглядам расказваюць, у чым сэнс быцця. Маладыя палітолагі, якія ў войску ніколі не служылі, наракаюць на прыкрую пасіўнасць нечай палітыкі і настойліва раяць сабе падобным, такім самым цеплакроўным, ісці ў атаку і паміраць за ідэю. Маладыя палітыкі наперабой клічуць ісці за імі – “упярод”. Куды ўпярод? На піва? Малако сушыць? Куды наогул можна ісці за чалавекам без біяграфіі?..
Вось і выходзіць, што нас вучаць жыць два сэнсэі, якія адны на свеце ведаюць, у чым яго сэнс. Каваль без сякеры і босы шавец. Людзі, якія ведаюць, як. Іх не пераканаеш. Яны такія ўпэўненыя ў сабе, што свет па швах трашчыць ад натугі. Мо таму яны нас і вучаць? Каб паглядзець, што будзе – і зрабіць высновы з чужых памылак? А выснова адна: ніхто не пражыве твайго жыцця за цябе.
У абсалютнай большасці сучасных беларусаў біяграфія пачынаецца ў пяцьдзясят. І дзякуй богу. Нашыя біяграфіі ўсе збольшага падобныя. Нарадзіўся, вучыўся, служыў, працаваў, нарадзіў, выхоўваў, вучыў – хварэў, памёр. І як з такім убогім запасам яны яшчэ часам наважваюцца нешта пісаць? Гаварыць да іншых?
Не сумняваюся, што сучасныя пісьменнікі ўпотай зайздросцяць тым, хто дзесьці з кімсьці за штосьці ваяваў. На сапраўднай вайне. Хто сядзеў, паміраў або быў на валасок. Адным словам – гарэў у нейкім, хаця б самым захудалым танку. З такім досведам цябе будуць чытаць, нават калі ты поўны няздара. У старыя часы, залаты век залатых біяграфій, калі любая вартая ўвагі курыкулюм віта курылася так, што дым слупом стаяў, ніякі больш-менш сур’ёзны досвед быў немагчымы без вайны – ды яшчэ турмы. Трэба было абавязкова штосьці панюхаць: порах, какаін ці хаця б грошы. Нюхаць уласныя пальцы і рабіць з гэтага філасофію ва ўсе часы ўважалася не больш чым за забаву. Можна, вядома, было яшчэ панюхаць дым айчыны – таксама добры шлях да славы. Але праблема ў тым, што адчуць гэты гаркавы дым можа толькі той, хто надоўга пакідаў яе. Або пакінуў яе назаўжды.
Ёсць некалькі тыпаў пісьменніцкіх біяграфій. Набокаў і Джойс не зрабіліся б Набокавым і Джойсам без іхных гісторый выгнання. Кафка, калі б меў гісторыю выгнання, не быў бы Кафкам. Біяграфія ўнутраная і біяграфія, накіраваная вонкі – ніхто не скажа, якая з іх больш важная для літаратуры. З аднаго боку: нарадзіўся – ужо трагедыя. З іншага – пад пэўным ракурсам няма нічога смяшнейшага за смерць… А выгнанне – і нараджэнне, і смерць, і ніхто не прыйшоў на памінкі-хрэсьбіны.
Вайна, турма, эміграцыя і вялікія грошы – гэта, вядома, біяграфія “навонкі”. Цяпер ужо ні ад кога такіх ахвяраў больш не патрабуецца. Але пажадана ўсё ж скарміць сваёй біяграфіі хаця б некалькі пажыўных рэчываў, без якіх яна і не біяграфія зусім, а так, біякефір.
Ну, на благі канец, кожнаму не зашкодзіць даведацца, што гэта такое: жыць у эпоху вялікіх пераменаў. Што такое зорнае неба над галавой і маральны закон унутры цябе. Што ёсць здрадаю і каханнем, хваробай і болем, шчасцем і нянавісцю, рэўнасцю і прагай. Не зашкодзіць пабываць хаця б раз за марамі і за гарамі, зірнуць на сябе з таго берага. Задыхнуцца ў натоўпе. Адчуць, што такое старэць – удваіх, разам. Што такое выбар – звычайны чалавечы выбар. Што такое быць бацькам або маці, што такое чакаць і не дачакацца, што такое пяшчота, ад якой калоціцца сэрца, і што такое бездань, ад якой нікуды не ўцячы. Для гэтага неабавязкова быць Кафкам або Джойсам. Для гэтага нават кімсьці іншым рабіцца неабавязкова.
Зусім няшмат. Мізер. Але гэта ўсё неабходна перажыць, перад тым як наважыцца адкрываць рот. Простыя рэчы дзеля няпростых словаў. Гэта напраўду вельмі, вельмі няшмат – і ведаць, што такое змрочны трыумф Малевіча і роспач Босха або як пачуваецца Рыбак у галаве Сотнікава, ніхто нікога не прымушае. Усё, што я меў на ўвазе, – гэта толькі трошачкі жадання пажыць моўчкі, пакуль твая віта ўрэшце цябе не насцігне. І ну нахран усе біяграфіі – можна шчасліва жыць і без іх. Як казаў адзін знакаміты швед (а шведы, як вядома, не гараць у танках), не ўсім жа звацца Карлсанамі.
Альгерд Бахарэвіч