Бывае так, што чакаеш Санта Клаўса – а прыходзіць сантэхнік. Не каб наадварот…
Узімку я атрымаў запрашэнне на адну пісьменніцкую канферэнцыю ў Нямеччыне – і на сваю галаву пагадзіўся. Галава не доўга думаючы забалела. Бо пазней высветлілася, што арганізатары прыдумалі для ўдзельнікаў цудоўную забаву: кожны з нас мусіў пісьмова адказаць на пытанне, што такое Еўропа. З адказаў планавалася скласці адмысловы супольны пісьменніцкі Маніфест. Гучыць салідна, але, баюся, у выніку атрымаецца нешта кшталту калекцыі паперак ад забытай і, здаецца, ужо неактуальнай цяпер жуйкі “Love is…” Маўляў, “Еўропа – гэта…” І кожны, хто хоча разжаваць панятак “Еўропа” і адчуць у роце чаканы саладжавы смак, атрымлівае свой адказ.
Еўропа – гэта…
Калі б мяне пабудзілі ўначы і спыталі, не даючы часу на роздум, што такое Еўропа, я б, напэўна, адказаў так: Еўропа – гэта жанчына.
І рэч тут не толькі ў граматыцы. Па-нямецку, калі мне не здраджвае памяць, Еўропа наогул ніякага роду. Такое сабе дас Ойропа. Так бы мовіць, Яўропо, Яўроп’е. І гэта, напэўна, першы адказ на пытанне, чаму Еўропа – гэта жанчына. З пачуцця супярэчнасці. Бо як “дас” – гэта не прысуд, так у Нямеччыне Еўропа не заканчваецца, яна ніколі не заканчваецца і не заканчвалася там, што прынята называць Заходняй Еўропай, – і пра гэта ніколі не лішне яшчэ раз нагадаць, сабе і іншым. Еўропаў шмат: першая, другая, трэцяя, пятая, і да якой належыць твая, часам лягчэй вызначыць па смаку кетчупу, чым па раскладах палітычных экспрэсаў. Або па пашпарце сантэхнікаў і прыбіральніц, якія па доўгу службы наведваюць твой дом. Таму няхай Еўропа будзе жанчынай. Жанчынай, якая нагадвае пра тое, што не ўсё так проста. Урэшце, у тым, што разбурэнне звыклых іерархіяў асацыюецца з жанчынай, заслуга яе – Еўропы.
Еўропа – гэта жанчына. Дзяўчаты сталеюць хутчэй за хлапчукоў. Калі ў нас у галаве яшчэ вецер, яны – ужо ветэраны. Ветэраны змагання за свет. Яны ведаюць больш і больш разумеюць. Калі хлопчыкі яшчэ гуляюць у вайнушку, выціраючы соплі, на тым баку ўжо адбываюцца сапраўдныя ваяжы ў нязведанае. Еўропа першая прайшла выпрабаванне ўласнай жорсткасцю і ўласнай дурасцю. Досвед і сталасць Еўропы – жаночыя. Яна нагулялася – яна хоча жыць. Прышчы зніклі, засталіся прынцыпы.
Еўропа – гэта жанчына. Можа, гэта і не так, але для сустрэчы з намі Еўропа абірае жаночае цела, апранутае ва ўніформу. Літоўскія і польскія, латышскія, нямецкія і чэшскія памежніцы працуюць увасабленнямі Еўропы. Калі-небудзь ім за гэта даплацяць – у раі ўсіх супрацоўнікаў памежных службаў, выдаткі на які дзеляць пароўну бог і Еўразвяз. Бо гэта напраўду нялёгкая праца – у Еўропы ўвесь час змяняецца памер і памяць, і калі яны ўсміхаюцца, збіраючы пашпарты, гэтыя жанчыны, – табе ўсміхаецца сама Еўропа, і калі трасуць кудзерамі з-пад фуражкі – гэта Еўропа, якая ўчора была ў цырульніка, і калі яны строга задаюць пытанні – гэта Еўропа, замёршы па той бок дзвярэй, пытаецца: хто там? Я жыву на беразе ля вады, збудаваўшы хатачку з лебяды. А ты – хто?
Я – мужык-бела…
Еўропа – гэта жанчына. Інакш навошта яе красці?
Еўропа – гэта жанчына. Яна не занятая ўвесь час тым, каб даводзіць іншым сваю прыналежнасць да пэўнага полу, і не пераймаецца 24 гадзіны на суткі, што нехта ў гэтым, не дай божа, можа засумнявацца. Большасць тых, хто жыве ў афіцыйна прызнанай Еўропе, неяк не задумваецца, што яны – нейкія там еўрапейцы. А калі іх запытаешся, яны здзіўляюцца: а й праўда ж… Ну так, еўрапейцы. А якая розніца?
Каб увесь час памятаць пра тое, што ты еўрапеец, Еўропу трэба бачыць у сне, а не наяве. Быць выкінутым на бязлюдную выспу і назваць яе, прачнуўшыся: Еўропа, бо так прасцей чакаць выратавання – ведаючы назву і хаця б прыблізныя каардынаты.
Еўропа ніколі не скажа пра сябе “моцная палова чалавецтва”. Для гэтага яна занадта разумная і далікатная. У чалавецтва насамрэч няма ніякай моцнай паловы – як у ягадзіцаў. І прыгожай паловы няма – чалавек, які падзяляе свае ягадзіцы такім чынам, наўрад ці выседзеў бы на гэтай мулкай парце, на гэтым уроку працягласцю ў некалькі тысяч гадоў.
Еўропа – гэта жанчына. І гэта яе прывілей. Менавіта тут жанчыну ўпершыню нехаця прызналі роўнай, менавіта тут жанчына пачала адваёўваць і адваявала нарэшце свае правы. Еўропай варта ганарыцца – яна расплюшчыла свету вочы на тое, што ён пашляк і цемрашал. Еўропа прынесла свету прагрэс – у тым, што свет прагрыз у ім дзірку, не яе віна.
Паводле адной з версіяў, імя Еўропа паходзіць ад грэцкіх словаў, якія разам азначаюць “тая, што мае шырокія вочы”, “тая, што далёка бачыць”. Як Аленка з дзіцячай расійскай казкі: “высока сяджу, далёка гляджу”. Еўропа сапраўды заўжды была такой, яна бачыць шмат і глядзіць далёка, яна бачыць нас наяве, а мы яе ў сне. Яна не супраць, каб мы называлі яе імем сваю закінутую выспу – але яна плыве далей, а мы застаемся тут. Наступным разам, кажа Еўропа. Занятая дзяўчына Еўропа – студэнтка з самалійскімі каранямі, паэтка, доктарка, паліцыянтка, чыноўніца, інжынерка, вядзьмарка, кіроўца, міністарка, акторка, настаўніца, а калі захоча – нават мужчына.
Еўропа – маці, якая ніколі не ведала, каго яна нараджае. Будучага монстра або манаха з дудачкай, маньяка або проста манюку. Хлопчыка або дзяўчынку. Але і сама Еўропа – гэта набор храмасомаў, які яна перадае ў спадчыну. Можна клясці Еўропу, як дзіця, і вінаваціць яе ў тым, што яна чагосьці недадала, што недапесціла, не дапусціла, не дапісала за цябе – усё роўна ты еўрапеец і Еўропа даруе табе ўсё.
Назваць Еўропу жанчынай можа толькі той, хто ў ёй не жыве. У Еўропы няма полу, як у смерці.
Еўропа – гэта кон.
Выспа, на якой нас пакінулі.
За Еўропу нехта ўсё яшчэ памірае, на выспе, якую ніхто не бачыць.
Альгерд Бахарэвіч