Алесь Ясінскі — пераможца “Бардаўскай восені 2014”, удзельнік гуртоў BosaeSonca, Fratrez, Unlimited trio ды шэрагу іншых беларускіх і замежных музычных праектаў — у якасці анонса свайго першага сольнага канцэрта ў Мінску, які адбудзецца 5 сакавіка ў клубе “ДК” (вул. Талбухіна 4), прэзентуе новы сінгл пад назвай “Хутка вясна”.
Аляксандр Ясінскі на беларускай сцэне найперш вядомы, як яскравы акардэаніст, мульціінструменталіст і кампазітар, аўтар музыкі да тэатральных пастановаў і кінастужак. Апошнія гады музыка жыве ў Празе, дзе супрацоўнічае з вядомымі чэшскімі музычнымі праэктамі, у тым ліку са спявачкамі Радкай Фішаравай і Івай Марэшавай. Упершыню выступіў у якасьці сольнага выканаўцы ўласных песень на леташнім фестывалі “Бардаўская восень”, дзе адразу атрымаў званне лаўрэата конкурснай праграмы.
Як заўважае сам музыка, пасля перамогі на “Бардаўскай восені”, усё больш увагі ён сам надае менавіта сольнай творчасьці. У якасьці анонса свайго першага сольнага канцэрту ў Менску, Алесь Ясінскі прэзентаваў новы сінгл пад назва “Хутка вясна”.
“Заўсёды вельмі чакаю вясну і вельмі радуюсь яе прыходу, – распавядае пра новую песню аўтар, – бадай што гэта мая самая любімая паравіна году. Яна, са сваёй надыходзячай цеплынёй, з гэтымі пахамі і водарамі прыроды, што абуджаецца ад сну, надае сілаў і натхнення. Таму менавіта гэтае песня і паслужыла запрашэннем на мой першы сольны канцэрт. Мне хацелася б пажадаць усім сваім слухачам, каб для кожнага гэтая вясна была натхняльнай!”
Працэс стварэння песні “Хутка вясна”, ад напісання музыкі і тэксту да запісу і звядзення ўсіх інструмантаў, Аляксандр Ясінскі рэалізаваў самастойна. Праца праходзіла ў Празе і ў родным горадзе музыкі – Баранавічах.
На першым сольным выступе Аляксандра Ясінскага ў менскім клубе “ДК”, акрамя новага сінглу “Хутка вясна”, прагучыць шэраг іншых, яшчэ не прэзентаваных песень, а таксама інструментальныя творы маладога кампазітара і выканаўцы.
Канцэрт адбудзецца 5 сакавіка ў менскім клубе “ДК” (вул. Талбухіна 4). Пачатак у 19:00.
Кошт уваходу на дабрачынны канцэрт слухачы будуць вырашаць самі. Спецыяльным госьцем імпрэзы стане саліст гурта “Vyraj”, Сяргей Доўгушаў.