Калі вы ўпершыню збіраецеся ў французскую сталіцу, не разгубіцца і не ап’янець ушчэнт ад парыжскага паветра, насычанага вечным мастацтвам ды прыгажосцю, дапаможа новая кніжка Андрэя Хадановіча “Парыж-Дыснэйлэнд”. Зборнік выйшаў у электронным выдавецтве bybooks, так што яго лёгка запампаваць на кіндл разам з іншымі турыстычнымі даведнікамі.
Амаль месяц Андрэй Хадановіч бадзяўся па Парыжы, як ён сам піша, то з лэптопам, шукаючы вайфая, а то з нататнікам, шукаючы натхнення. Свае ўражанні ад горада і практычныя парады турыстам ён адлюстраваў у паэтычных нататках, якія пераконваюць не “лічыць Парыж чымсьці большым, чым парк дзіцячых атракцыёнаў” — бо гэта небяспечна для жыцця.
Іранічныя літаратурныя развагі, натхнёныя парыжскімі вуліцамі, перамяжоўваюцца ў кнізе яркімі гарадскімі назіраннямі, з якіх можна даведацца, напрыклад, як паводзяцца ў музеях парыжскія снобы, якія насамрэч — замаскаваныя замежныя турысты, ды прайсціся разам з аўтарам невялікай экскурсіяй па могілкай Пэр-Ляшэз. Напісаць верш пра мост Мірабо аўтару таксама не слабо.
Кніга даступная для запампоўкі ў фармаце .epub
bybooks.eu