24.12.2015 | Музыка

Андрэй Апановіч: “Калі з’явіцца нейкі іншы LitvinTroll, сходзім на іх канцэрт, паіржом” (+прэм’ера песні)

Мы сустрэліся з Андрэем Апановічам напярэдадні важнай падзеі для яго новага-старога гурта. З вясны музыкі LitvinTroll – пэўна, галоўнага адкрыцця на беларускай фольк-метал сцэне за апошняе 10-годдзе – узялі паўзу і цяпер урэшце прадстаўляюць новыя песні і даюць першы выступ пад іншай назвай – Trollwald.

– Афіцыйная суполка LitvinTroll з часу паведамлення пра спыненне дзейнасці 10 красавіка не абнаўляецца. Ці былі спробы знайсці паразуменне з таго часу, каб уратаваць гурт?

– Да з’яўлення гэтага паведамлення мы спрабавалі дамовіцца з Васілём Верабейчыкавым (дудар і адміністратар гурта – заўвага С. Б.) наконт мірнага з ім разыходу, бо хацелі працягваць далей без яго. Ён сказаў, што падумае, а праз пару гадзін мы дазналіся з “Кантакту”, што наш гурт распадаецца. Далей ніхто ні з кім не звязваўся, мы проста ўзялі іншую назву.

– У чым быў канфлікт?

– Здарыўся ўнутраны разлад. Чалавек некарэктна сябе паводзіў у дачыненні да іншых удзельнікаў гурта, у выніку музыкі проста пачалі забіваць на творчасць – ад часоў выхаду альбома “Чорная панна” ў 2013-м мы напісалі толькі тры песні. Нават у паездках Васіль трымаўся асобна ад гурта, неяк звысоку на ўсё гэта глядзеў. На апошняй агульнай размове, калі мы прапанавалі яму сысці, ён проста сядзеў і смяяўся з усіх.

– Але чаму менавіта Васіль Верабейчыкаў заявіў пра спыненне дзейнасці LitvinTroll?

– Усе афіцыйныя акаўнты былі на ім. Я, напрыклад, не мог гэтым займацца, бо ў мяне праца не за камп’ютарам – цэлы дзень на гаражы, гайкі круціў, шпаклю цёр. Назва таксама зарэгістраваная на яго імя.

– Асабіста табе не шкада старой назвы?

– Чаго шкадаваць, што зроблена, тое зроблена. Шмат такіх прыкладаў было ў сусветнай музыцы: быў гурт Kyuss, стоўнер гралі, разышоўся, і Джош Хомі зрабіў гурт Queens of the Stone Age. Калі ўдзельнікі Kyuss вырашылі сабрацца разам, ён заявіў, што пад гэтай назвай яны не могуць выступаць, тады яны назваліся Sons of Kyuss, там справа наогул дайшла да суда, ім было забаронена выкарыстоўваць слова Kyuss.

– У вашым выпадку магчымы суд? І што вы будзеце рабіць, калі раптам паўстане гурт LitvinTroll з новымі музыкамі?

– У судзе не бачу сэнсу. Пракансультаваліся на гэты конт, і нам сказалі, што нічога мы не даможамся. Абдумвалі, ці не выступаць як LitvinTroll за мяжой, калі назва зарэгістраваная толькі ў Беларусі, але ўсё ж вырашылі забыць пра гэта. Калі раптам з’явіцца нейкі іншы LitvinTroll, дык на здароўе, абурацца не будзем, сходзім на іх канцэрт, паіржом.

– Інтрыгоўна было, якую ж назву вы возьмеце, калі вы заявілі, што працягваеце дзейнасць. Якія былі варыянты і чаму спыніліся на гэтым?

– Гэтае слова ўсплыло яшчэ калі пісалі “Чорную панну”. Алежка (Алег Клімчанка – басіст гурта, які памёр падчас канцэрта проста на сцэне 2 верасня 2012 года – заўвага С. Б.) прапаноўваў назваць “Трольвальд”, па аналогіі з Грунвальдам, адну з нашых песень, якая ўвайшла ў альбом пад назвай “Крыжак” (“Песня пра троляў – 2”). Тады таксама Вася забракаваў гэтую ідэю. Так што назва чакала свайго часу.

– Што змянілася ў гурце разам з назвай?

– Мы крыху перадумалі канцэпцыю. Не будзе гроўлу, я і раўці нармальна не ўмею. Музыка стане больш рок-н-рольная, трэшавая. Тэксты іншыя. Пішу цяпер больш пра тое, што хвалюе. Тэкстаў шмат назбіралася за час LitvinTroll, але ў працу яны тады не пайшлі, зноў жа Вася ставіўся да іх скептычна.

– Дык аўры такой фэнтэзійнай не будзе больш? Распавядзі пра песню для прыкладу, якая напісаная пра тое, што хвалюе.

– Месцамі аўра ранейшая застанецца. А з новых магу назваць “Легальныя прысмакі”, яна антыспайсавая такая, гэтая тэма мяне надзвычай усхвалявала. Як ні залезу навіны пачытаць – усюды пра спайсы. Зусім новы трэк “У гушчарах” – не блытаць з песняй на словы Наталлі Арсенневай. У нас зусім іншая гісторыя апавядаецца: пра мужыка, які ў выніку канфлікту з жонкай накідаўся ў карчме, а пасля прачнуўся ў лесе і не ведае, як дарогу дадому знайсці. Чым гэта ўсё скончылася, я не ведаю, але люблю чамусьці гісторыі, якія не маюць канца.

– А як са старымі песнямі? Вы іх збіраецеся граць? Належаць яны вам?

– Так, усе песні зарэгістраваныя на мяне. Аўтарства Васі – “Чорная панна”, “Лясун”, “Каралеўская”, “Рок-н-трол”, “Да сябра”, іх мы дакладна не будзем граць, нам чужога не трэба. Штосьці са сваіх, можа, і возьмем, але трэба будзе адаптаваць пад наш новы стыль. Той жа гроўл замяніць чыстым вакалам. Гаворкі пра гэта пакуль не ідзе, бо багата новага матэрыялу, і на яго скіраваная ўся ўвага. Наогул ёсць глабальная задума зрабіць канцэптуальны альбом на словы аднаго беларускага класіка. Больш пакуль нічога пра гэта не скажу. Працай над ім якраз зоймемся ў 2016.

– Чаму, па-твойму, беларускія гурты, як правіла, жывуць нядоўга?

– Таму што людзі не ўмеюць паміж сабою кантактаваць. І хтосьці пачынае сябе вылучаць сярод іншых і адыгрываць такую ролю фюрэра, кіраваць усім, а гэтага рабіць нельга. У якасці станоўчага прыкладу прывяду гурт “Стары Ольса”. Так, там ёсць падзел, але ніхто на сябе коўдру не цягне.

– Але ж ты сышоў з гэтага гурта, якому аддаў больш за 15 гадоў.

– Так, думаю, без мяне ў іх лепш атрымаецца. Разышліся праз звычайную бытавуху, але засталіся сябрамі, і ніхто крыўды не трымае. І я толькі за, калі з’явіцца нагода разам граць. Калі спатрэбіцца дапамога, без праблем.

– Арцемій Троіцкі нахвальваў неяк ваш альбом і канстатаваў, што папулярны ў Еўропе “фольк-метал” Расію не зачапіў. Дзякуючы чаму, па-твойму, гэты кірунак прыжыўся ў Беларусі?

– Мы выдавалі альбом “Чорная панна” якраз у Расіі, на лэйбле Sound Age Production. Дык гаспадар гэтага лэйбла сказаў, што выдае наш дыск толькі таму, што яму асабіста падабаецца наша музыка, і таксама зазначыў, што ў Расіі гэта не пойдзе. Расійская група “Аркона” папулярная ў Еўропе, а там патрэбнае якраз такое “гоп-ца-ца”. 90% такіх гуртоў грае нешта такое, нічога арыгінальнага. А ў нас таксама фольк-метал, але не такі стандартны. Хоць наконт Беларусі я б не сказаў, што, напрыклад, нас добра прымаюць. У Мінску так, а па іншых гарадах ездзілі – дык нас там мала хто ведаў.

– Каго з калегаў па беларускай сцэне ты вылучаеш?

– Магу сказаць пра тых, з кім выступім на адной сцэне на “Калядным фэсце”. Znich, напрыклад, якія толькі што кліп на “Дунаю” паказалі. Народная добрая песня, але цікава паслухаць, што яны новага наваяюць. “Стары Ольса”. Паслухаў іх новыя песні, заўважыў, што яны пайшлі ў кірунку сярэднявечных еўрапейскіх гуртоў. Наогул такія гурты, як “Стары Ольса” і “Палац”, які таксама выступіць 25 снежня, – гэта гранды, яны будуць заўжды.

– Чаго чакаць ад Trollwald у найбліжэйшы час?

– Найперш нашага выступу 25 снежня, вельмі адказнага для нас. Пасля міні-альбома з 4 песень мы выкладзем яшчэ некалькі сінглаў, хочам зняць кліп і маем ужо ідэю. Ён не будзе ў фолькавым стылі і не такі як у “Зніча”, без мілітарызму. Гэта будзе адарваны і трэшовы кліп. Таксама думаем даць сумесныя канцэрты ў Гродне і Брэсце разам са “Знічом”. І палякі ўжо нас непакояць, запрашаюць сыграць у іх. Спадзяюся, зробім у наступным годзе той самы канцэптуальны альбом.

 

 

Размаўляў Сяргей Будкін


9 Каментаў у “Андрэй Апановіч: “Калі з’явіцца нейкі іншы LitvinTroll, сходзім на іх канцэрт, паіржом” (+прэм’ера песні)”

    • sb1 says:

      Гэта не літаратурны твор, а жывая размова, а ў ёй словы могуць набываць дадатковыя сэнсы і адценьні. Дужа сумна было бы, спадар мовазнаўца, каб людзі размаўлялі моваю слоўнікаў ды энцыкляпэдый.

  1. Sotnieks says:

    Litvintroll гралі фольк-кор, фольк-панк. Ну які к чорту метал? Аўтар інтэрв’ю не чуў нічога цяжэйшага за Рамштайн?

    • Sotnieks says:

      Хаця калі журналісты называюць металам нават Relikt, то сапраўды, Litvintroll – гэта ультрабрутальная музыка ў параўнанні.)))

    • sb1 says:

      Пра вызначэньне стылю можна спрачацца доўга і зацята. Што слухаў тут аўтар інтэрвію ў дадзеным выпадку ня важна. Тут істотна найперш самавызначэньне гурта. LitvinTroll падаваў сябе менавіта як фольк-мэтал гурт.

  2. Сяржук says:

    “У Мінску так, а па іншых гарадах ездзілі – дык нас там мала хто ведаў.”
    Андрэй, няма рэкламы… Народ сам па сабе пра вас не даведаецца… Я ўжо вельмі сталы прыхільнік такога стылю і ведаеце, пра ўсіх усё даўно ведаю, а пра ваш гурт даведаўся толькі праз трагічны выпадак з вашым басістам… Дай, думаю, хоць паслухаю, што за гурт такі і адразу палюбіў) На канцэрт у Берасце, калі вы прыехалі да нас, нават з той малой публіцы не ўсе пра вас ведалі… вось такая справа…
    Мала добра іграць… трэба яшчэ дапамагчы слухачу пра вас даведацца.

    З найлепшымі пажаданнямі і з калядамі Вас!

  3. Andy Apanovicz says:

    Litvintroll нiколi не гралi фольк-кор ды iншуюд “шнягу”. Адкуль такая iнфа?

  4. Яуген says:

    Что значит не знают, потому, что мало рекламы?? В 21 веке это не отмазка! Есть интернет, оттуда можно узнать все, что угодно. Я нахожу такие группы, которые в своих-то странах за приделы 1 города не выезжали и отлично знаю их творчество. Так что если в Беларуси ктр-то не знак свои группы, это говорит только о его дремучести или отсутствии интереса к музыке вообще.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика