Лідар гурта “Майтай” у вялікім інтэрв’ю расказаў, чаму ён кінуў тэлекар’еру на БТ і павесіў на аватарку Пагоню, прызнаўся, што яго зусім не цікавяць сатырычныя жанры, і прадставіў новую песню па-беларуску, зробленую з любоўю да Nine Inch Nails.
– Андрэй, ты ж ужо заслужаны і паважаны чалавек, навошта табе дрыгацца на сцэне з электрагітарай? Кажуць табе такое знаёмыя?
– Блізкія людзі не кажуць, бо яны ведаюць, што музыка заўсёды была часткаю майго жыцця. Яшчэ да часоў Клуба вясёлых і знаходлівых. У мяне ў школе ў Баранавічах быў свой гурт – “Ігла”. Рабілі песні ў стылістыцы Цоя, таму назваліся ў гонар фільма, дзе ён зняўся. Пасля, ужо ў студэнцкія часы, мы заснавалі гурт “Чёрный квадрат”. Потым пачаўся КВЗ, і я адышоў ад музыкі, бо амаль уся энергія пайшла туды. Як гэта ўсё скончылася, зноў узяў у рукі інструмент і стаў пісаць новыя песні, так і паўстаў у 2005 годзе праект “Тайланд”.
– Было сапраўды даволі дзіўна пачуць твае песні, даволі змрочныя з настрою. Яны абсалютна не адпавядалі твайму вобразу, сфармаванаму тэлекам.
– Такі кагнітыўны дысананс быў, так?
– Ага.
– Я з гэтым нічога не мог зрабіць, бо ў свядомасці людзей сфармаваўся стэрэатып, які разбурыць вельмі складана. І мэты такой не ставіў. Рабіў тое, што падабалася, дый годзе. Хоць унутраныя асцярогі былі: што скажуць, вось, “кавэзэшнік” пайшоў у музыку…Але я гнаў ад сябе такія думкі, бо рабіў сапраўды тое, пра што марыў усё жыццё.
– Твой гурт зваўся “Тайланд”, потым стаў “Майтаем”, перыядычна знікаў з далягляду, потым зноў з’яўляўся. Можна ўбачыць за гэтым нейкую няўпэўненасць?
– Не, былі проста жыццёвыя моманты. У 2008-м у мяне нарадзіўся сын, калі выйшаў альбом “Бангкок-рок”. Усе казалі: варта працягваць, моцны матэрыял. Але ў мяне змяніўся кірунак унутранага жыцця. Зразумеў, што трэба адкласці музыку, займацца сям’ёй, працай. У 2011-м у мяне нарадзілася дачка. І неяк зноў пачаліся пісацца песні, хоць я і не планаваў гэтага. Ізноў пачаў працу.
А назву змяніў на “Майтай”, бо сэнс, які я ўкладаў у слова “Тайланд”, не быў бачны іншым людзям. Я бачыў сваю творчасць у прасторы ўнутранай свабоды, “Тайланд” літаральна значыць “свабодная зямля”, але не турыстычны рай, дзе стаіць будысцкі храм, а праз дарогу публічны дом. Таму з’явілася гэтае цікавае слова – “Майтай”, ёсць у ім адсылка да месяца мая. Ці можна прыняць як “мая свабода”, як заўгодна. Потым ужо даведаўся пра існаванне алкагольнага кактэйлю пад такой назвай і пра тайскі масаж, як завецца “майтай”. Ну і выдатна (смяецца).
На фота: Андрэй Дзяркоў на Алеі зорак у Лос-Анджэлесе, каля зоркі свайго куміра Бруса Лі. Фота 1998 года.
– Твая цікавасць да ўсходняй філасофіі напраўду сур’ёзная і глыбокая?
– Сур’ёзная. Яшчэ са школы, калі ў праграме “Вокруг света” расказалі пра манастыр Шаолінь. І я захапіўся ўсходнімі адзінаборствамі. У нас у Баранавічах з’явіўся майстар кунг-фу з В’етнама, займаўся ў яго. Зацікавіўся філасофіяй і наогул гісторыяй Усходу. Таму і пайшоў на гістарычны факультэт БДУ, дыплом пісаў па тыбецкіх старажытных вераваннях. Працягваю дагэтуль вывучаць гісторыю Кітая, Японіі, Тыбета і займацца кунг-фу і муай тай, вельмі ўдзячны за заняткі свайму трэнеру Міхаілу Лучыцкаму.
– На Тыбеце пабываў ужо?
– На жаль, яшчэ не. Але быў на Далёкім Усходзе, у Бураціі, Івалгінскім дацане – найбуйнейшым будысцкім цэнтры Расіі. Я пра яго пісаў у сваёй дыпломнай працы, а потым ужо, калі паехалі з гастролямі з камандай, пабываў там. Цяпер у гэтым храме знаходзіцца нятленнае цела знакамiтага цяпер ужо на ўвесь свет хамбо ламы Iцiгэлава, якога дасталi з труны праз некалькi месяцаў пасля таго, як мы былi у дацане. Там мы сустрэлiся з ламам, якi быў беларусам! Ён выкладаў там тыбецкую мову. Я сур’ёзна заняўся будысцкімі медытатыўнымі практыкамі, але цяпер адышоў ад гэтага. У мяне цяпер пераацэнка каштоўнасцяў, таму гляджу на ўсе рэлігійныя духоўныя практыкі неяк збоку. Хачу ўбачыць узаемасувязь у іх, такі экуменістычны погляд маю.
На фота: Андрэй Дзяркоў разам з капітанам каманды КВЗ БДУ Вiталём Шляпо каля галоўнага храма Iвалгiнскага дацана. Фота 2002 года.
– Чарговы раз ты здзівіў, калі паставіў на аватарку Пагоню ды запяяў па-беларуску. Быў нейкі штуршок да гэтага?
– Яшчэ з гадоў пяць таму я наогул не адчуваў сувязі са сваёй краінай, культурай і гісторыяй. Таму што якраз быў пад вялікім уздзеяннем усходняй філасофіі і мне здавалася, што я нарадзіўся не ў той час і не ў тым месцы. Потым прыйшло ўсведамленне, што я сам стварыў сабе такую ілюзію. Штуршком да гэтага быў Уладзімір Караткевіч. Зайшоў у сваю ўлюбёную кнігарню на Маркса і пабачыў першы том з яго збору твораў, 25-томнага, пабачыў, што гэта паэзія. Пра Караткевіча-паэта я не ведаў і зацікавіўся…Вельмі каштоўная для мяне кніга “Гуканне паэзіі Усходу”, выдадзеная накладам усяго ў 500 асобнікаў – пераклады старажытнай паэзii Кiтая, Японii, Карэi й В’етнама, якія зрабіў Рыгор Барадулін.
– Ты ж вучыўся на гістфаку, ды яшчэ ў 90-я!
– У апошніх класах школы я зацікавіўся гісторыяй Беларусі, гэта быў пачатак 90-х. Хадзіў у Баранавічах на мітынг, што ладзіў Беларускі Народны Фронт, глядзеў на бел-чырвона-белыя сцягі і думаў, як гэта прыгожа. Пасля рэферэндуму мой сусед па інтэрнацкім пакоі спаліў чырвона-зялёны сцяг ля адміністрацыі прэзідэнта, быў вялікі скандал. На гістфаку я быў дрэнным студэнтам, амаль не вучыўся, толькі экзамены здаваў, увесь час атрымліваў задавальненне ад вольнага жыцця. Таму гэты інтарэс да Беларусі не развіўся, не было ў ім глыбіні, бо і спецыялізаваўся я на кафедры старажытных вякоў і сярэднявечча, а не гісторыі Беларусі. Хоць мае аднакурснікі сур’ёзна вывучалі, сталі паважанымі навукоўцамі і цяпер выкладаюць на гістфаку.
На фота: Андрэй Дзяркоў з выступам на гістарычным факультэце БДУ з нагоды 20-годдзя беларускамоўнай плыні, пасля якога была створаная песня “Полымя”. 14 снежня 2012 года.
– Ты ў сваю чаргу мог стаць сур’ёзным тэлебосам. Чаму не пайшоў далей па гэтай сцяжыне?
– Так, пэўны час быў выканаўчым прадзюсарам на БТ, але сышоў. Таму што гэта не маё. Адчуваю сябе творчай асобай, аніяк з бюракратыяй не звязанай. Начальнікам, часткай нейкага апарата і сістэмы ніколі не зраблюся, бо гэта не мой шлях і не мая філасофія жыцця.
– Крэатыву сваіх былых калегаў па ТБ радуешся?
– Мне падабаецца тое, што перыядычна паказвае канал “Беларусь-3”. Праграмкі пра мову, архіўныя матэрыялы, якія раней проста ляжалі на паліцах. Не ведаю, што будзе далей.
– Цяпер ты пішаш сцэнары да расійскіх серыялаў, так?
– Так, і гэта ўжо мой кагнітыўны дысананс. Гэта спосаб зарабіць. Тая праца, якая дае мне магчымасць карміць сям’ю і займацца музыкай. Цяпер я сцэнарыст лёгкіх жанраў – сітком (сітуацыйная камедыя), меладраматычная камедыя. І гэтыя жанры, шчыра кажучы, сёння мяне ўжо не цікавяць зусім. Рэальна гэта проста праца, без усялякага натхнення.
– У Расіі ж працуе цэлая брыгада разумных і крэатыўных людзей з Беларусі, з той жа каманды КВЗ БДУ. Ясна, што грошы. Але ці няма жадання закласці тут справу? Зрабіць незалежны прадукт. Першую беларускую індзі-рок радыёстанцыю, ці той жа серыял зняць па Караткевічу, напрыклад.
– Калі мы скончылі гуляць у КВЗ у 2003-м, мяне запрасілі на БТ працаваць над музычным праектамі – “Кліп-абойма”, “Точка”, якія мы вялі з Марынай Грыцук. А частка нашай каманды з’ехала ў Маскву па запрашэнні. У іх там ужо была праца, больш-менш добрыя грошы, яны пайшлі далей, і цяпер там вялікая кампанія YBW-груп, на якую я таксама працую. Пачыналі з серыялу “Папины дочки”, “Кухня”, цяпер прайшла поўнаметражная стужка “Кухня в Париже”… І гэтыя хлопцы, якія з’ехалі ў 2002, ведаюць, што яны беларусы, але яны страцілі працэнтаў на 80 ментальную сувязь з краінай. Падчас чэмпіянату свету па хакеі быў у Маскве, і мы разам заўзелі за Беларусь, калі яна гуляла са шведамі. Але крычаць “Беларусь!” – гэтага мала, цікавіцца гісторыяй, культурай – гэта ўжо іншая справа… Ведаю, што ёсць думкі адкрыць аддзяленне кампаніі тут, у Мінску. Пакуль гэта толькі на ўзроўні размоваў. З’яўляецца шмат маладых крэатыўных людзей, прычым ужо і па-беларуску жартуюць, і гэта радуе.
На фота: Андрэй Дзяркоў з сынам
– Так выйшла, што табе першую песню па-беларуску напісаў Лявон Вольскі. Як табе працавалася з ім у праекце “Такога няма нідзе”?
– З Лявонам мы перасякаліся на студыі, калі ён запісваў “Белую яблыню грому”, а я працаваў тамсама над сваімі песнямі. Там ён і прапанаваў паўдзельнічаць у праекце. Было вельмі весела, здымкі ішлі ўсю ноч. Нам мусілі паставіць нумар, аднак мы з Марынай Грыцук ніяк не знаходзілі часу прыйсці. Прыйшлі ўжо на здымкі, тая дзяўчына, што мусіла ставіць нам нумар, пакрыўдзілася на нас, але мы з Грыцук прафесіяналы, добра адчувалі адно аднаго, таму за тры хвіліны зрабілі ўсё з першага дубля.
– “Полымя”, значыць, – твая першая аўтарская песня па-беларуску, так?
– Так, я ішоў да яе доўга. Думкі зрабіць песню па-беларуску былі яшчэ ў час запісу першага альбома “Бангкок-рок”. Але не было натхнення і ўнутранага настрою. Тут ужо ўсё склалася. І ўжо ёсць напрацоўкі новых твораў. “Полымя” цяпер існуе ў дзвюх версіях. У звыклай стылістыцы “Майтая”. Акрамя класікаў пост-панку мне вельмі падабаецца Nine Inch Nails. І другую версію мы вырашылі з Пашам Трацяком зрабіць у нестандартным рэчышчы, больш электронным, больш дэнсавым і клубным. Гэтую версію я прадстаўляю сёння на сайтах Tuzin.fm i Budzma.by. Нам вельмі спадабалася працаваць у гэтым кірунку, і я думаю, што наступныя песні “Майтай” будуць у такім стылі.
Размаўляў Сяргей Будкін
12 чэрвеня. Клуб Tarantino. 19.00. Майтай. Жывая прэзентацыя сінгла “Полымя” і найлепшыя песні.
Андрэй Дзяркоў. Нарадзіўся 8 жніўня 1976. Скончыў гістарычны факультэт БДУ (1998). Граў у камандзе КВЗ БДУ, у яе складзе стаў чэмпіёнам Вышэйшай лігі ў Маскве (1999, 2001) і на Кіпры (2000), уладальнік “Залатога Ківіна” ў Юрмале (2001), уваходзіў у склад зборнай КВЗ XXI стагоддзя (2001–2002). Працаваў на Першым нацыянальным тэлеканале (2002–2004) у якасці аўтара і вядоўцы музычных тэлепраграмаў “Кліп-абойма” і “Точка”, выканаўчага прадзюсара тэлеканала, у 2004–2006 – на СТВ. Сааўтар сцэнароў да шэрагу расійскіх тэлесэрыялаў: “Папины дочки”, “Игрушки”, “Светофор”, “Последний из могикян” ды інш. Лідар гурта “Тайланд” (з 2011 – “Майтай).