Цягам першай паловы году сайт budzma.org публікаваў рэпартажы праекту “Паганства” фатографа Андрэя Лянкевіча. Аўтар падсумоўвае першыя вынікі і дзеліцца планамі на будучыню ў інтэрв’ю Таццяне Печанко:
— Праз два тыдні з’явіцца новы рэпартаж з праекту “Паганства”. У прынцыпе, па-мойму, гэта праект на ўсё жыццё. Хаця, безумоўна, спадзяюся, што нейкія вынікі можна будзе падвесці ўжо праз год-два. Цяпер акрамя абрадавых святаў я фатаграфую яшчэ і сакральныя для беларусаў месцы, напрыклад, капішчы, камяні. І гэта, у адрозненне ад святаў, патрабуе больш працы і больш часу, таму што не заўсёды атрымліваецца адразу зняць тое, што хочаш. Часам даводзіцца прыязджаць праз некалькі месяцаў. Вось, напрыклад, нядаўна я хацеў сфатаграфаваць адно месца. Гэта капішча, што знаходзіцца прыкладна кіламетраў за 25 ад Полацку, каля вёскі Гомель. Там камяні ляжаць такімі сабе коламі, і гэтае месца вельмі незвычайнае, навукоўцы так да гэтага часу і не высветлілі, што менавіта адбывалася ў гэтым месцы . Дык вось, я гэтага капішча так і не зняў. Трэба будзе прыехаць зімой, калі снег будзе, бо снег лепей падкрэслівае форму.
— Вы зрабілі першы фотарэпартаж для праекту “Паганства” дзесьці ў красавіку 2008 году. Як за гэты час змянілася Вашае ўспрыманне праекту?
— За гэты час адбыўся працэс уваходжання ў атмасферу паганства. Я пачаў шырэй разумець гэтую тэму. Як я ўжо гаварыў, цяпер я апроч святаў пачаў фатаграфаваць капішчы. Акрамя таго, я яшчэ збіраюся фатаграфаваць знакавыя для беларусаў прадметы, а таксама “сакраментальных” для беларусаў жывёлаў, то бок тых, якія найчасцей згадваюцца ў беларускіх народных казках, паданнях, песнях. Мы з Ірынай Мазюк — маім навуковым кіраўніком – ужо склалі спіс жывёлаў і прадметаў, якія, як мне падаецца, трэба сфатаграфаваць, каб поўна раскрыць тэму.
— Ці зрабіў гэты праект нейкі ўплыў на Вас асабіста як на асобу? Ці змянілася Вашае светаўспрыманне?
— Калі я толькі пачынаў, я задаваў сабе пытанні: хто такія беларусы, хто я такі. Цяпер я ужо фактычна назбіраў дакументальнай інфармацыі, якая апавядае пра аўтэнтычныя беларускія традыцыі. Я магу сказаць, што беларусы – унікальная нацыя, адрозная ад сваіх славянскіх суседзяў. Цяпер, калі пасля апошняй вайны прайшло ўжо 65 гадоў і, здаецца, пакуль ніякіх канфліктаў не прадбачыцца, з’явілася шмат людзей, што займаюцца развіццём беларускай культуры, і ў нас з’явілася магчымасць сабраць разам інфармацыю, якая даказвае ўнікальнасць беларусаў як нацыі. І я думаю, усе разам мы цяпер здолеем гэта падсумаваць.
— Як у Вас ўзнікла сама ідэя рабіць фотарэпартажы, прысвечаныя беларускім нехрысціянскім традыцыям? Хто ці што Вас натхніла?
— Першыя здымкі на гэтую тэму я ўбачыў у Анатоля Клешчука, вядомага беларускага фатографа, які працуе ў газеце “Звязда”. Я ўбачыў яго здымкі, зробленыя ў вёсцы Пагост. Там быў зняты абрад, які называецца “Жаніцьба коміна”. У мяне тады валасы дыбарам усталі ад таго, што ў наш час існуюць вялікія гарады, сучаснае жыццё – а на Палессі ў нязменным выглядзе захаваліся абрады, што праводзіліся 500, а, можа, і 1000 гадоў таму. Мне адкрылася таямніца, і тады я пачаў збіраць інфармацыю па гэтай тэме, пачаў ездзіць і фатаграфаваць.
— Вы ездзіце фатаграфаваць толькі ў тыя вёскі, дзе абрады адбываюцца натуральным чынам, незалежна ад таго, прыедзеце Вы ці не? Ці ўсё ж такі прысутнічаюць нейкія моманты пастановачнасці?
— Я езджу ў тыя вёскі (і ў гэтым сэнсе мы з Ірынай Мазюк супадаем у падыходах), дзе ёсць адчуванне сапраўднасці таго, што адбываецца, дзе людзі разумеюць, што яны робяць і для чаго. Я не магу фатаграфаваць тое, што адбываецца толькі дзеля шоў. Для мяне сапраўды важна, каб людзі асэнсоўвалі, што яны робяць і навошта яны гэта робяць.
— А як самі ўдзельнікі абрадаў ставяцца да таго, што Вы прыязджаеце іх здымаць? У большасці сваёй гэта, мабыць, людзі сталага веку, якія не прывыклі, што іх фатаграфуюць.
— Збольшага людзі ў вёсках ставяцца да гэтага з вялікай павагай. Для іх вельмі дзіўна, што з Мінску прыязджае фатограф спецыяльна для таго, каб іх сфатаграфаваць. Для іх гэта вельмі цікава і незвычайна, таму яны вельмі адкрытыя, з ахвотай расказваюць пра сябе, пра абрады. Яны вельмі старанна рыхтуюцца да прыезду. Вось, напрыклад, аднойчы атрымалася такая неспадзеўка. Я збіраўся прыехаць фатаграфаваць гуканне вясны. На гэтае свята пякуць адмысловых вясновых птушак. Цеста для іх замешваюць толькі з солі і вады. Але тут людзі падумалі: прыедзе фатограф, трэба ж падрыхтавацца як мага лепей. Яны вырашылі зрабіць птушачак не са звычайнага цеста, а з дражджавога. Замясілі цеста, але нічога не атрымалася, бо цеста расце, і зляпіць з яго фігуркі проста немагчыма. Гэтая сітуацыя, як мне падаецца, найлепш адлюстроўвае стаўленне людзей.