Бабруйск – 16 і 18 снежня, Гомель – 5 студзеня, Шаркаўшчына – 7 студзеня, Гомель – 9 студзеня, Полацк – 11 студзеня
Бабруйск, дзіцячы інтэрнат, 16 снежня, дзень
Увесну атрымалася спець тут некалькі песень пасля монаспектакля Маляваныча – вядомага персанажа тэлекалыханкі. Таму дамовіцца на выступ пад эгідай “Будзьмы” атрымалася нескладана і хутка. Паспяваў на вершы Сыса ды Караткевіча, расказаў пра іх крыху – прынамсі, ёсць надзея, хоць гэтых добрых паэтаў дзеці пры патрэбе ўспомняць. Прызы ды падарункі інтэрнатаўскія ўспрымаюць як абавязковае і, мабыць, пакрыўдзіліся б, каб, скажам, наборы паштовак “Мы адметныя” я проста не раздаў бы ўсім жадаючым. На развітанне з тымі, каму не карцела бегчы па іншых справах, сфоткаліся ахвочым. Канечне, не без маёй рэкламы, што гэтыя здымкі з’явяцца на сайце “Будзьмы”.
Бабруйск, паўпадвальнае памяшканне, 16 снежня, вечар
Апроч тутэйшых актывістаў падышло крыху краязнаўчай моладзі. І гэта аказалася дарэчы, спадзяюся, для абодвух бакоў. Бабруйскі характар, мыслю, падобны да аршанскага, таму паразумецца аказалася нескладана. А гукі музыкі ды спевы з паўпадвала ўверх амаль не сягаюць, таму сустрэча зацягнулася да ночы.
Бабруйск, прафсаюзны офіс на вуліцы Энгельса. 18 снежня, вечар
Вуліца Энгельса (былая Інвалідная) услаўленая ў творы “Легенды Інваліднай вуліцы” былога бабруйчаніна, сусветна вядомага пад псеўданімам Эфраім Севела. Яна атрымала назву ад ветэранаў вайны 1812 года, але засялялі яе аж да нядаўняга часу пераважна габрэі. З левага боку вуліцы – бедныя, з правага – багатыя. Я выступаў у памяшканні навабуда левага боку Інваліднай.
Бабруйскія свабодныя прафсаюзнікі аказаліся амаль напалову рускамоўнымі, але цікавасць да майго беларускага рэпертуару і прызоў “Будзьмы” выказалі дастатковую. Увага як да паэтычнага, так і празаічнага слова ў гэтым горадзе захоўваецца, фармат кватэрнікаў выглядае перспектыўным. Важна, што тутэйшыя не проста ветліва ці напаўветліва выслухоўваюць, але і самі не супраць праявіць актыўнасць. Карацей, сустрэча атрымалася, але болей на вуліцы Інваліднай у Бабруйску прафсаюзнага офіса няма.
Гомель, Музей гісторыі горада па вул. Пушкіна (Домік паляўнічага). 5 студзеня, вечар
25 гадоў таму ў Гомелі я ўпершыню ў жыцці стварыў песню на ўласны беларускамоўны верш. Верш напісаў паралельна з мелодыяй. З гэтай нагоды мой канцэрт пад уласны гітарны акампанемент у Дамку паляўнічага і адбыўся.
Будынак музея горада налічвае амаль 200 гадоў. Узведзены ў модным тады стылі класіцызм Лісоўскімі – тым самым родам, які паспяхова хадзіў заваёўваць Маскву ў пачатку ХVII стагоддзя, а ў апошнія стагоддзі дбайна Маскве служыць. Пад эгідай “Будзьмы” тут прайшло некалькі культурніцкіх імпрэзаў. І мне выступаць сярод экспанатаў мінулых дзесяці- і стагоддзяў было лёгка ды ўтульна. Спадзяюся, гледачам-слухачам (а іх прыйшло дзесь столькі ж, колькі і было ўказана на афішы (25), таксама.
(Тут можна прачытаць вялікае інтэрв’ю з Андрэем Мельнікавым у дзень канцэрта, – заўв. рэд.)
Шаркаўшчына. Баптысцкая царква “Смирение”. 7 студзеня, раніца
Мясцовых баптыстаў тутэйшыя часам блытаюць з мясцовымі пяцідзясятнікамі: маўляў, і тыя і тыя “сектанты”. Не ведаю наконт сектанцтва мясцовых пяцідзясятнікаў, а баптысцкая абшчына, укленчыўшы з малітвай, выцягнула мяне з вельмі нездаровага стану. Адразу з пачаткам малітвы боль лакалізаваўся, а калі малітва скончылася, я здолеў і ўзяць гітару, і спець пару адпаведных месцу і сітуацыі песень.
Папярэдняя размова з пастарам Германам выключыла з майго выступу ў драўляным малітоўным доме аповед пра “Будзьму”, але кватэрнікам, які адбыўся ў Шаркаўшчыне, пастар з жонкай, былой гамяльчанкай, неўзабаве зацікавіліся і на яго завіталі.
Шаркаўшчына. Завулак Кірава. 7 студзеня, дзень. Кватэрнік
Сядзелі мы разам за святочным сталом (бо Раство!), елі, пілі, размаўлялі ды спявалі. Так у нязмушанай атмасферы і прайшла чарговая “будзьмаўская” і не толькі сустрэча. Шаркаўшчына – жывая. Нейкае нармальнае жыццё тут адбываецца з нармальнымі працэсамі, а таму і размовы за сталом былі далёка не толькі пра банальнасці.
Гомель. Гатэль “Замкавы”. 9 студзеня, вечар. Сустрэча па гарадской ідэнтычнасці
Аб’ёмны фотарэпартаж і змястоўны тэкст пра сустрэчу на сайце “Будзьмы” даўно ёсць, таму пастараюся дадаць адно пра тое, чаго там няма. Адыёзны “блогер “Рэха Масквы”, які так і не назваў нават свайго ніка, сядзіць у першым шэрагу крайнім справа (калі глядзець з боку гледачоў). Упэўнены, што гэткіх “герояў”, якія спрабуюць спляжыць пазітыўную творчасць (а яе, трэба сказаць, на сустрэчы было шмат) ды нацкаваць людзей на штось з горкімі наступствамі, а самім бяспечна зваліць (як мясакамбінатаўскім “козлікам-зазывалам”), варта ведаць і памятаць у твар. Хаця і маю надзею, што гэты пакуль ананім у будучыні зможа стаць самаахвярным чалавекам.
Полацк. 11 студзеня, вечар. Р-н Грамы, вул. Невельская (яна ж Старая Невельская). Кватэрнік
Так сталася, што ў гэтым раёне Полацка я апынуўся ўпершыню. І ўпершыню ўсвядоміў, што Полацк насамрэч – буйны чыгуначны вузел. З усімі наступствамі. Факт, які разам з даўняй гісторыяй злучае Полацк з Оршай і Лідай. Чыгуначны Полацк, які многія тутэйшыя лічаць праклёнам (адзін з “аргументаў” праклёну я адчуў на ўласным аўтобусным вопыце па дарозе да чыгуначнага вакзала (чаканне цягнікоў на кожным з трох пераездаў праз шляхі), мне ўбачыўся досыць жывым, каб мець жывую перспектыву. Чыгуначны Полацк не нішчылі войскі Жахлівага, у ім не гвалцілі Рагнеду, не забівалі ў святыні манахаў, не зачынялі манастыроў і калегіумаў. Чыгуначны Полацк выглядае такім небанальным гопнікам з карыснымі для жыцця ўменнямі. У параўнанні са шматкроць прыніжаным, зняважаным ды пакалечаным Полацкам гістарычным, якому “залатыя купала на грудзі наколаты” супраць ягонай волі. Як чыгуначная Орша пераўзышла ў многіх адносінах Оршу гістарычную і дазволіла самой назве “Орша” “заставацца ў трэндзе”, так Полацк Чыгуначны мае добрыя шанцы ўзняць назву Полацк з таго сумнага іміджу які ёсць у яе цяпер. Полацкі раён Грамы падобны да Расіі, але ўсё ж не Расія. Бо ў ім жывуць людзі, якія ўсведамляюць сябе беларусамі.
Кватэрнік сабраў моладзь у раёне ±20 – кантынгент, з якім я даўно ў гэтым фармаце не перасякаўся. Нават найстарэйшы са слухачоў быў маладзейшы за мяне ўдвая. Але, прынамсі, гэтыя людзі прыйшлі таму, што ім было цікава на мяне глянуць ды штось пачуць, а не з ветлівасці. Таму выступаць аказалася проста і досыць лёгка. Нечакана хутка разышліся будзьмаўскія прызы, бо, як высветлілася, гэтыя маладыя палачане пра “невядомую Беларусь” ведаюць шмат, а пры няведанні з версіямі не лянуюцца. Ашчаслівіў кватэрнік сваёй прысутнасцю і своеасаблівай паэтычнай творчасцю, якая працягвае разбуральныя матывы “полацкай школы”, але мае ўсё ж пазітыўнае вырашэнне, самаабвешчаны навагоднім відэазваротам да суайчыннікаў бургамістр Полацка і Наваполацка Алесь Круткін.
Андрэй Мельнікаў