У першыя травеньскія выходныя магілёўцы змаглі паслухаць музыку вядомага і любімага многімі гурта Animal ДжаZ. Канцэрт гэтага калектыву прайшоў 5 траўня ў клубе «Метро». У многіх з музыкай групы звязана нямала ўспамінаў, а для кагосьці яна сапраўды культавая. Таму на канцэрце сабралася нямала прыхільнікаў, якія з радасцю сустрэлі любімых музыкаў.
Перад пачаткам канцэрту гурт правёў невялікую аўтограф-сесію ў кавярні «Offline», дзе прыхільнікі маглі пагутарыць з музыкамі, атрымаць аўтографы і сфатаграфавацца са сваімі кумірамі. А затым гурт пайшоў рыхтавацца да канцэрту, які пачаўся ў клубе «Метро» з невялікім спазненнем.
Animal ДжаZ у Магілёве не выступалі ўжо вельмі даўно: як адзначыў сам саліст, Аляксандр «Міхалыч» Красавiцкi, яны апошні раз былі тут тры гады таму. Пры гэтым піцерскі гурт тут ведаюць і любяць, і паслухаць «звярыны джаз» прыйшло нямала народу. Гурт выступаў у межах тура ў падтрымку свайго новага сінгла. Песні, якія ўвайшлі ў яго, магілёўцы і змаглі паслухаць у той вечар.
Апроч новых песняў Animal Джaz выканалі свае залатыя хіты, якія разам з імі праспявалі і ўсе прысутныя. «Думать дважды», «Ответ нет», «Три полоски» і іншыя песні Міхалычу можна было нават не спяваць – публіка выдатна спраўлялася сама.
Па заканчэнні канцэрту задаволеная публіка разышлася, а самі музыкі працягнулі свой канцэртны тур і адправіліся ў Іркуцк і далей па гарадах Расіі.
Марыя Гілёва