13-14 ліпеня ў польскім мястэчку Гарадок на Беласточчыне прайшоў фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча-2012». Гэта найстарэйшы фестываль беларускай рок-музыкі, які праводзіцца з 1990 г., але сёлета “Басы” прайшлі ў даволі нетрадыцыйным фармаце.
Па-першае, гэта ўжо не зусім рок-фестываль: сёлета ў спіс выступоўцаў трапілі нават выканаўцы этна-электронікі, а таксама, што не менш дзіўна, рэперы. Па-другое, праз пэўныя праблемы з фінансаваннем праграма была сціснутая ў два дні замест звычайных трох. Былі і іншыя праблемныя моманты, пачынаючы з Адборышча, якое прайшло ў Беларусі, і заканчваючы небясплатнымі візамі, зборам сродкаў, каб пакрыць выдаткі на харчаванне музыкам, і г.д.
Але вернемся да самога фестывалю. Першы канцэртны дзень пачаўся з выступу польскага гурта Dead Courier, якім у нейкім сэнсе не пашанцавала, як і гурту TerraKod, бо граць музыкам даводзілася перад амаль пустой пляцоўкай. Але варта адзначыць, што паступова людзей рабілася больш. І ўжо да таго, як на сцэну выйшлі :B:N:, “Басы” сапраўды ператварыліся ў паўнавартасны open-air. А цвіком праграмы сталі ILO&friends і Raggafaya, якія проста запалілі гэты вечар.
Тут можна было б сказаць, што ў канцы выступілі Rima і Sciana, але «Басовішча-2012» не абмяжоўвалася выключна канцэртамі на галоўнай сцэне, да самай раніцы працавала пляцоўка, дзе гучалі дыджэйскія сэты.
Другі дзень пачаўся ўжо з самай раніцы ў Барыку, дзе працавала выстава “Басовішча — miłość, tożsamość, fascynacja”, а таксама былі арганізаваныя дыджэй-майстроўня і прагляд фільмаў акцыі Filmowe Podlasie Atakuje. Тым не менш, з пачаткам выступаў на галоўнай сцэне адбылася тая ж гісторыя, што і ў першы дзень.
Канцэрт распачаўся з выступу адзіных удзельнікаў і пераможцаў Адборышча, якімі сталі рэперы з PANaNieba і этна-электроншчыкі Pawa. Дарэчы, лічбу 2 можна назваць сімвалічнай для “Басовішча-2012”. Два дні фестывалю, два ўдзельнікі і пераможцы, якія выступалі ў другі дзень два разы. Без траблаў проста нічога не адбывалася, згодна з праграмай пасля выступу IQ 48 павінныя былі выступаць Кальмары, але з тэхнічных прычынаў (удзельнікі гурта згубілі ключы ад машыны, у якой былі музычныя інструменты, так што давялося высадзіць шыбу), яны не маглі выступіць у запланаваны час, таму, каб не пакрыўдзіць доўгай паўзай слухачоў, PANaNieba і Pawa выступілі другі раз. І гэтым разам “пракачалі” публіку, што не паспела трапіць на канцэрт у самым пачатку. А Кальмары адыгралі свой сэт пасля заслужаных хэдлайнераў Farben Lehre, якіх як нікога ў гэты вечар падтрымлівала польская частка слухачоў, а такіх было пераканаўча больш. Невялікая колькасць прысутных беларусаў — магчыма, больш значная праблема сёлетніх “Басоў”, чым невялікае фінансаванне, і за гэта можна смела папракнуць арганізатараў, што не здолелі своечасова вырашыць пытанне з візамі.
Тым не менш, выступ Znich не абышоўся без выхаду на біс. А разынкай фестывалю сталі Neuro Dubel, якія з добра вядомых прычынаў не маюць магчымасці выступаць на фестывалях такога кшталту ў Беларусі. Відаць, таму вядоўца Аляксандр Памідораў і заклікаў усіх прысутных падыходзіць бліжэй да сцэны так, што добра сарваў голас.
Увогуле, якія б ні ўзнікалі праблемы, “Басовішча” — сапраўдны легендарны фестываль, у яго ёсць свой пульс, які ўсё яшчэ б’ецца. Мяркуем, што гэта дакладна не апошнія “Басы”: кажуць, што сродкі ад продажу фірмовых цішотак фестывалю, ежы і нават напояў стануць падмуркам фінансаў на наступны год.
Андрусь Дударэвіч
Фота: Юрый Строк