Больш за тысячу байкераў з Беларусі, Літвы, Латвіі, Германіі, Эстоніі, Польшчы, Расіі, Украіны з’ехаліся на Пяты міжнародны рок-байк фестываль “Хавайся ў бульбу”. Злёт байкераў адбыўся 25 і 26 красавіка на тэрыторыі базы адпачынку “Купалінка” (побач з Гродна). Арганізатарамі фэсту выступілі тры вядомых байк-клубы: міжнародны Rolling Anarchy, гродзенскія “Насарогі” (Nashorn Free Riders) і Grizzly, а таксама прадпрыемства “Арт-Медиа Сервис”.
Падчас фэсту дэманстраваліся класічныя мадэлі матацыклаў, сучасныя спартыўныя байкі, трыцыклы, квадрацыклы. Былі прадстаўленыя ўсе вядучыя фірмы: Suzuki, Harley Davidson, Kawasaki, Honda, Yamaha. Выстаўляліся і сапраўдныя рарытэты: “Харлей” 40-х гадоў мінулага стагоддзя, што прывезлі польскія байкеры, рэтраматацыкл EMW, некалькі брытанскіх машын Triumph, савецкі “Иж” пяцідзесятых гадоў выпуску, турыстычная мадэль Honda Gold Wind. Матацыклісты з задавальненнем дапамагалі ўсім жадаючым праехацца на “металічным кані”. Музычную частку фестывалю склалі выступы такіх вядомых беларускіх гуртоў, як “Крама”, “Без билета”, “Neuro Dubel”, “NaKa”, “Аддис Абеба”.
Каля ўваходу ў “Купалінку” знаходзіўся адмысловы кошык для збору дабрачыннай дапамогі. Па словах кіраўніка “Арт-Медиа Сервис” Віктара Барысевіча, атрыманыя ад дабрачыннасці грошы пойдуць у Лідскі дзіцячы дом.
На другі дзень байкерамі быў арганізаваны выезд калоны матацыклаў на Савецкую плошчу Гродна.
У 2008 годзе рок-байк фестываль “Хавайся ў бульбу” быў прызнаны лепшым байк-злётам рэспублікі. Па словах саміх байкераў, падобныя фестывалі – выдатная нагода пабачыць аднадумцаў, абмеркаваць сваіх “жалезных сяброў” і проста пагаварыць “за жыццё”.
Пры падрыхтоўцы выкарыстаныя матэрыялы газеты “Вечерний Гродно”.
Фота з рок-байк фестывалю:
http://prosto-free.livejournal.com/80630.html
http://prosto-free.livejournal.com/80220.html
http://banifacyj.livejournal.com/126446.html