Нягледзячы на тое, што дзяржаўных моваў у нашай краіне дзве — руская і беларуская, — навучанне ў школах і ўніверсітэтах вядзецца толькі на расійскай. І вельмі рэдка бацькі наважваюцца аддаць сваё дзіця ў беларускамоўны клас. Ды і класаў такіх у нашай краіне практычна няма. Так, у Магілёве існуе толькі адзін такі клас пры сярэдняй школе №1. Клас працуе ў горадзе ўжо 2 гады, але ў канцы мінулага навучальнага года ў ім засталася ўсяго адна вучаніца.
Абмеркаванне гэтай праблемы прайшло ў Магілёве 31 ліпеня. Бацькі дзяўчынкі, якая вучыцца цяпер у беларускамоўным класе адна, вельмі хочуць пакінуць там дзіця, але калі ў клас не паступяць новыя вучні, яго давядзецца зачыніць.
Пераваг у навучання на беларускай мове нямала. Гэта не толькі навучанне на роднай мове, веданне гісторыі сваёй краіны і яе традыцый, як мяркуюць многія бацькі. Білінгвізм — уменне спакойна размаўляць на дзвюх мовах, «пераключаючыся» паміж імі, — дазваляе дзіцяці развівацца ў розных напрамках, засвойваць матэрыял лепш за аднагодкаў. Бацькі гатовыя аддаваць велізарныя грошы, навучаючы сваё дзіця ангельскай ці нямецкай мове, хоць можна вучыцца на беларускай і атрымаць больш прыкметныя вынікі ў агульным развіцці дзіцяці. Пасля яму будуць лепш давацца і іншыя мовы. Так, дзяўчынка, якая навучаецца на беларускай мове, ужо паказвае нашмат лепшыя вынікі ў навучанні, чым яе аднагодкі, і нават удзельнічае ў алімпіядах па матэматыцы разам са старэйшымі дзецьмі.
Каб зацікавіць бацькоў, у беларускім класе арганізуюць і бясплатныя ўрокі ангельскай пачынаючы з першага класа — цяпер практычна ні ў адной школе не выкладаюць замежную мову ў такім раннім узросце, а калі і выкладаюць, то толькі ў якасці платнага факультатыву.
Яшчэ адна праблема, з якой сутыкнуліся настаўнікі, — гэта складанасць куплі падручнікаў на беларускай мове. Цяпер падручнікі па фізіцы або хіміі друкуюцца толькі па-руску, а знайсці беларускія версіі некаторых падручнікаў вельмі няпроста. Пры гэтым кнігі ёсць — іх проста не завозяць у крамы.
Нягледзячы на ўсе складанасці, настаўнікі і бацькі не збіраюцца здавацца і робяць усё магчымае, каб набраць новых вучняў — займаюцца рэкламай у грамадскім транспарце і на тэлебачанні, расклейваюць аб’явы і спадзяюцца, што змогуць працягнуць працаваць з дзецьмі і вучыць іх на роднай мове.
Марыя Гілёва