Вядомы купалаўскі акцёр паставіў спектакль пра Вялікае Княства Літоўскае сярэдзіны ХVІ стагоддзя.
У 1551 годзе Мікалай Радзівіл Чорны, “некаранаваны кароль” ВКЛ і канцлер гэтай дзяржавы, знаходзіцца на піку сваёй кар’еры. Але раптоўна памірае яго малодшы брат Ян, з якім Мікалай так і не паспеў замірыцца, крыху раней – яго стрыечная сястра, прыгажуня Барбара Радзівіл, жонка вялікага князя Жыгімонта Аўгуста (хадзілі чуткі, што яе атруціла свякроў Бона Сфорца). Калі ўжыць сучасную тэрміналогію, у князя тыповы крызіс сярэдняга ўзросту (на той момант Мікалаю Радзівілу споўнілася 36 гадоў). Радзівіл вырашае, што дагэтуль жыў і працаваў не дзеля дзяржавы, а выключна дзеля ўзвышэння і ўзбагачэння ўласнага роду. І тут князю Мікалаю перадаюць асобнік “Бібліі” Скарыны, якую завяшчаў яму Ян…
Вось завязка сюжэта п’есы, якую паставіў на сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады купалавец Павел Харланчук. П’есу “Біблія князя Радзівіла” напісаў Андрэй Унучак. Не прафесійны драматург, а гісторык, кандыдат навук, адзін з аўтарытэтных спецыялістаў па гісторыі легендарнай газеты “Наша ніва” (той, што выходзіла ў пачатку ХХ стагоддзя). Праўда, пры ўсёй павазе да дэбютанта, пра паўнавартасную п’есу казаць не даводзіцца. Перад намі хутчэй сцэнар дакументальнага фільма, увасоблены на сцэне.
Сцэнаграфія спектакля досыць сціплая (на жаль, праз адсутнасць праграмак яе аўтар, як і іншыя прадстаўнікі пастановачнай групы, засталіся невядомымі; магчыма, гэтая “дробязь” будзе выпраўленая падчас наступных паказаў). Канструкцыі белага колеру ператвараюцца ў калоны, што аздабляюць палацы ў Нясвіжы або Вільні, або робяцца слупамі на дзяржаўнай мяжы паміж ВКЛ і Польшчай. Стыльныя касцюмы добра перадаюць моду сярэдзіны ХVІ стагоддзя (арганізатары расказвалі, што для стварэння адзення выкарыстоўвалі гістарычныя партрэты таго часу). Дадам, у пастаноўцы гучыць еўрапейская інструментальная музыка ХVІ стагоддзя. У тым ліку, творы нашых суайчыннікаў – Цыпрыяна Базыліка, Вацлава з Шамотул і Войцеха Длугарая.
Зрэшты Павел Харланчук, як падаецца, наўмысна не імкнуўся заняць у спектаклі прадстаўнікоў вядомага яму тэатральнага асяроддзя. Бо ў пастаноўцы ўдзельнічаюць усяго тры прафесійныя акцёры: сам Харланчук (Мікалай Радзівіл), яго жонка Ганна Харланчук-Южакова (Альжбета Радзівіл, жонка Мікалая), а таксама Максім Брагінец, акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (прапаведнік Сымон). Астатнія выканаўцы – вернікі-евангелісты, якія іграюць у тэатрах пры цэрквах. Зразумела, да іх нельга выстаўляць тыя ж патрабаванні, што да акцёраў прафесійных тэатраў. Але песімістычныя настроі не апраўдаліся. Харланчук прачытаў падзеі п’есы як канфлікт ідэй. Як супрацьстаянне паміж нясвіжскім князем, які імкнецца да сапраўднай веры і ў выніку прыходзіць да пратэстантызму, і кансерватыўным каталіцкім асяроддзем. Яно моцнае ў сваёй згуртаванасці і маналітнасці, але ягоныя прадстаўнікі слабыя паасобку. Пры такой трактоўцы вылучэнне з яго шэрагаў яркіх прадстаўнікоў зусім не абавязковае. Задачай акцёраў было прадэманстраваць пазіцыю тагачаснага насельніцтва ВКЛ, і яны з ёй справіліся.
Асноўны цяжар спектакля лёг на плечы Харланчука. Успрыманню “Бібліі князя Радзівіла” спрыяе і жыццёвая пазіцыя самога Паўла. Разам з жонкай ён гадуе чатырох дзяцей (двух родных, двух усыноўленых), прытрымліваецца пратэстанцкага веравызнання і мае выразную сацыяльную пазіцыю (большасць акцёраў яе не афішуюць). Напрыклад, некалькі гадоў таму Харланчук разам з жонкай граў у спектаклі “Маё сэрца б’ецца”, накіраваным супраць абортаў. Мяркую, разважанні князя Радзівіла вельмі блізкія Харланчуку, бо адлюстроўваюць яго ўласныя погляды і каштоўнасці. Таму вобраз князя Мікалая выглядае вельмі пераканаўча.
Праўда, у спектаклі ёсць супярэчнасць. Большасць астатніх акцёраў, якія ўвасабляюць прававерных каталікоў, у рэальным жыцці застаюцца шчырымі евангелістамі. Пераканаўча ўвасобіць носьбітаў таго веравызнання, якое супярэчыць уласнаму, у іх не заўжды атрымліваецца. Таму канфлікт выглядае больш вонкавым, чым унутраным. Адчуваецца, што на тым гістарычным этапе Радзівіл Чорны абавязаны перамагчы (хоць пазней, як вядома, рух Рэфармацыі пацерпіць паражэнне). Можа, таму паводзіны княгіні Альжбеты, якая ўрэшце пачынае разумець свайго мужа, належным чынам не абгрунтаваныя і падаюцца досыць фармальна, як канстатацыя факта. Дарэчы, калі мы ўжо згадалі прафесійных выканаўцаў, хочацца адзначыць працу Максіма Брагінца. У РТБД любяць выкарыстоўваць яго візуальную брутальнасць і нават злоўжываць ёй. У двух эпізодах “Бібліі” герой Брагінца прадэманстраваў нечаканую мяккасць і адухоўленасць. Нават шкада, што яго герою Сымону было адведзена так мала часу.
Варта выказаць вялікую ўдзячнасць Паўлу Харланчуку за яго асветніцтва. Згадка пра “Біблію” Францыска Скарыны і “Берасцейскую Біблію”, вялікага князя літоўскага, род Радзівілаў і самога князя Мікалая ніколі не будзе лішняй у нашым грамадстве. Але яшчэ больш каштоўнае асветніцтва вернікаў. Сапраўды, Мікалай Радзівіл Чорны прыняў кальвінізм і ўсяляк спрыяў яго распаўсюджванню ў ВКЛ. Са сцэны гучыць, што князь стаў евангелістам. Згаджуся, евангелісцкая царква, як і кальвінісцкая, з’яўляецца пратэстанцкай. Аднак атрымліваецца нібыта падмена паняццяў.
Але мяркуйце самі: вернікі-евангелісты, якія прыйдуць на спектакль, непазбежна ўбачаць у галоўным героі свайго аднаверца. Яны могуць зацікавіцца лёсам Радзівіла, прыняць яго беларускамоўнасць і любоў да сваёй зямлі. Ужо дзеля гэтага “Біблію князя Радзівіла” варта было паставіць.
Дзяніс Марціновіч,
фота Барыса Гарэцкага