Шпацыраваў я сёння з дзецьмі каля рынку, дык гандляркі нас піражкамі пачаставалі. Ну, гэта ясна, чаму ― вось спасылка вам на ўводны допіс. Але ж не ўсім бурмістрам магілёўскім з любоўю народнай шчасціла. Калі мяне і ў праекце не было, у магістраце толькі шляхта ды заможнікі сядзелі, дык народ іх люта ненавідзеў як класавых ворагаў. У выпадку чаго і конскім гноем маглі ў кіраўніка шпурнуць. Папраўдзе сказаць, некаторым кіраўнікам і цяпер гэта не зашкодзіць.
Аднаго разу вось тут жа, ля ратушы, стараста цэху саладоўнікаў Стахор Мітковіч мітынг распачаў, выказаў усё, што думаў пра Васіля Якімовіча з тагачасных мясцовых узурпатараў. Як у актавых кнігах напісана (я вось тут павыпісаў сабе на паперчыну) «словы неучтивыми лаял, соромотил и пофалки на здоровье его чинил», бо багаценькія, што ўладу прысабечылі, зусім сумленне страцілі і з падаткамі махлявалі.
Урэшце Стахор і паплечнікі ягоныя ― Мікіта ды Іван шабельнікі, кравец Фёдар Ісаковіч, ганчар Міхал Юрковіч, кравец Харапон, чабатар Сазон, каваль Пётра, Мялешка Пузынін ды іншыя рамеснікі — у ратушу рушылі ды і кажуць магістрату: “А ці не спыніце вы махлярствы свае і здзек з людзей паспалітых?” (Ну, я, вядома, толькі змест перадаю, а так, думаю, рамеснікі больш даходліва сказалі). А тыя, замест таго каб вывады зрабіць, загадалі падбухторшчыкаў жэстачайшэ арыштаваць. Ды дзе там ― народ гарой за сваіх!
Разагналі карумпаваны магістрат і пераабралі новы, з людзей прыстойных…
От, халера, супружніца мая каханая ідзе! Мушу кампутар хаваць, каб не спужалася, што з чарнакніжнікам жыве!
Пісаў вам я, Язэп Пара-Леановіч, бурмістр магілёўскі.
Канец гісторыі наступным разам дапішу!