Напярэдадні прэзэнтацыі свайго трэцяга студыйнага альбому музыкі з :B:N: распавялі пра сваю шматпакутную працу ды прадставілі наведнікам Tuzin.fm поўную вэрсію новага гіта каманды «Нас няма», запісанага з былой салісткай Ірыны Дарафеевай.
Новы альбом бярозаўскай каманды завецца «Крок за крокам» і выйшаў ён ажно праз шэсьць год пасьля папярэдняга дыску «Жыве рок-н-рол». І справа тут зусім ня ў творчым крызісе. Гэты дыск мог пабачыць сьвет яшчэ як мінімум два гады таму, але ў музыкаў банальна не ставала сродкаў, каб давесьці задуманую справу да канца.Алесь Лютыч апавядае, што запіс быў пачаты пры канцы 2011 году і яны паступова прасоўваліся: спачатку запісалі бубны і бас, пасьля Калядаў запісалі гітары, увесну вакалы, а далей з матэрыялам працаваў гукарэжысэр. Да ўсяго, дзьве кампазіцыі даводзіліся да ладу ў беластоцкай студыі W.19-65. Якраз у Польшчы былі запісаныя партыі скрыпкі і клявішаў для песень «Іншы» і «Нас няма». Іх выканаў Лукаш «Стэп» Сьцепанюк. А вось клявішы ў песьнях «Праз туманы», «На ростанях», «Выраю няма», «Сэнс» прапісаў яшчэ адзін знаны музыкант – Макс Івашын.
«Кола людзей, якія спрычыніліся на нашых песень істотна паболела, – заўважае Алесь Лютыч. – На гэтым альбоме ў нас, напрыклад, не адзін тэкставік, а тры – акром Сяргея Машковіча, гэта Алесь Зайцаў і Яўген Бузоўскі».Разважаючы пра тэматыку сваіх песень, адзін з аўтараў Алесь Зайцаў кажа, што яны не бяруцца адкрываць слухачам нейкую новую ісьціну: «Мы проста кажам з дапамогай сваіх песень: калі ты маеш мары, то не сядзі на месцы, а рабі ўсё, каб іх дасягнуць, бо час ідзе». «Наша творчасьць найперш для тых людзей, якія лічаць сябе ня проста жыхарамі краіны, а пачуваюцца менавіта Беларусамі», – дадае Алесь. Ён мяркуе, што трэці дыск атрымаўся больш асэнсаваным, чым папярэднія альбомы, як у пляне тэкстаў, так і музыкі.
У якасьці прыкладу прыводзіцца песьня «Нас няма», запісаная ў дуэце з Кацярынай Муратавай. Музыкі завуць яе «Радыстка Кэт», а прыхільнікам каманды яна добравядомая з канцэртнага выкананьня гіта «Дажджамі» (на запісе там сьпявае іншая дзяўчына – Яўгенія Хіло). Кацярына навучалася на эстрадным аддзяленьні ва ўніверсітэце культуры і падчас вучобы была бэк-вакалісткай Ірыны Дарафеевай. Яна таксама паходзіць зь Бярозы, таму добра знаёмая з «бээнаўцамі». «Песьня «Нас няма» істотна адрозьніваецца ад астатніх нашых твораў. Музыку да яе я напісаў яшчэ год сем таму і ўжо тады вырашыў, што тут мусіць быць дуэт з жаночым вакалам. Дамовіліся паспрабаваць запісацца разам з Радысткай Кэт. Мне здаецца, што атрымалася вельмі прыгожа і кранальна».
Mp3-прэм’ера!
:B:N: і Радыстка Кэт – Нас няма
(музыка – Алесь Лютыч, словы – Сяржук Машковіч)
Жывая прэзэнтацыя новага альбому :B:N: пройдзе 10 кастрычніка ў менскім клюбе Re:Public.
Пазнаёміцца з альбомам можна тут.
Тацяна Баранава, «Тузін Гітоў». Фота: Анастасія Карповіч