Бортніцтва — старажытны лясны промысел славян — некалі шырока бытаваў на ўсёй тэрыторыі Беларусі. А ўзнік яшчэ ў першым стагоддзі нашай эры, пра што сведчаць лінгвісты: словы “мёд”, “матка”, “труцень”, “воск” узыходзяць да агульнаславянскага моўнага адзінства. Гістарычна бортніцтва развілося са збіральніцтва, калі чалавек знаходзіў у дуплах дрэў пчол і збіраў мёд. Пры гэтым пчолы знішчаліся, што было нерацыянальна. Тады збіральнікі пачалі спецыяльна рабіць борці з дуплістых дрэў, разводзіць і ўтрымліваць раі пчол. Калі з’явіліся жалезныя прылады працы, іх прыстасавалі для выдзёўбвання борцяў у сырых ствалах дрэў. Мёд і воск ішлі не толькі на ўнутраныя патрэбы, падаткі, але і на абмен за прывазныя тавары замежным купцам. У X—XII стагоддзях гэты промысел дасягнуў росквіту, а ў XIV стагоддзі ўжо існавалі прафесійныя аб’яднанні бортнікаў — цэхі — з правамі самакіравання. Кожны цэх меў свой статут, пячатку, харугву з выявай патрона пчалярства Яна Златавуста і пчол. Узаемаадносіны бортнікаў кіраваліся Статутам Вялікага Княства Літоўскага, тагачаснай канстытуцыяй дзяржавы.
Беларускія бортнікі выпрацавалі сваю тэхналогію ўтрымання пчол, вырабу борцяў, прылад і прыстасаванняў для бортніцтва. Цікава, што на Палессі яшчэ захаваліся гэтыя старадаўнія прылады з іх першапачатковымі назвамі. Мы завіталі ў вёску Глушкавічы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, дзе пазнаёміліся з некаторымі пчалярамі-бортнікамі, паназіралі за іх працай. Найперш гэта прадстаўнікі старэйшага пакалення. Самы знакаміты з іх на ўсю краіну — Іван Емяльянавіч Бурлевіч. Пчоламі займаецца з 12 гадоў. Мае сімвалічную мянушку Корч і з’яўляецца настаўнікам многіх маладых пчаляроў. Самы знакаміты яго наказ гучыць так: “Хочаш мэду есці, май калод дзвесце, і не ў адном месце”. У яго вуллі ля хаты, як і ў многіх старых бортнікаў. І яшчэ робіць на заказ борці, жэнь, калі хто папросіць.
Павел Іванавіч Кавалевіч, як і многія пажылыя пчаляры, ужо не ў стане ўзлезці на дрэва, перадаў сакрэты промыслу сваім сынам, якія займаюцца бортніцтвам. Гады бяруць сваё. Добра яшчэ, што ў стане трымаць каня, займацца гаспадаркай. У вольны час робіць кашалі для розных патрэб сабе і сынам, якія маюць свае сем’і і жывуць асобна. А жэнь з ласёвай скуры ўсё ж захоўвае як памяць пра старажытны занятак, дае сынам пакарыстацца. Лёня асабліва ахвотна займаецца пчалярствам і трох сыноў да гэтага занятку далучыў. Жонкі маладых пчаляроў задаволеныя: мужыкі не п’юць, не кураць, акуратныя — пчолы прывучаюць бортнікаў да прыстойнага жыцця. Лёня гаворыць, што гэты занятак, можа, і не дае асаблівага прыбытку, але вельмі цікавы. Хто заняўся — не можа кінуць. Ды і сям’я заўсёды з мёдам. Для сямейных урачыстасцяў гатуецца лёгкі хмельны напой — медавуха, у мёд мачаюць пампушкі ў пост, выкарыстоўваюць яго на памінальны стол, на Дзяды і Бабы, памінаючы продкаў. Пасля пахавання на другі дзень вараць коліва — рысавую кашу, запраўляючы яе мёдам. Нясуць у царкву, дзе пасля памінальнай малітвы частуюць аднавяскоўцаў. Каб працягвалася жыццё, нягледзячы на гора страты.
Сям’я Дубравец у Глушкавічах — асаблівая. Маці, Ева Сцяпанаўна, пасля смерці мужа стала рабіць свечкі для царквы, пераняўшы ад яго сакрэты рамяства. Яна ведае, як прыгатаваць воск, каб свечкі захавалі прыемны мядовы водар. Сын Васіль жыве побач. Ад бацькі навучыўся пчалярству, мае ў лесе шмат калод. Фізічная падрыхтоўка з дзяцінства ад догляду пчол у лесе спатрэбілася на службе ў арміі. Былы дэсантнік і сёння лёгка і хутка ўзбіраецца на дрэвы, нягледзячы на тое, што апошнія гады прыбавіў у вазе. Пра пчол і бортніцтва можа расказваць бясконца, бо і дзяды, і прадзеды гэтым займаліся. Як пераемнік даўняга рамяства і промыслу хвалюецца, каб яно не затухла, працягвалася ў Глушкавічах. Жонка Наталля — яго памочніца ў лесе. Новаму чалавеку ў гэтай сям’і ўсё раскажуць пра пчол. Здаўна чалавек шанаваў гэтае незвычайнае насякомае. Пчала, як і чалавек, выжывае без харчавання 12 дзён. Пра яе, як і пра чалавека, кажуць: памерла. Дарэчы, памерлых пчол не выкідаюць, а робяць з іх націранне ад болю ў суставах. Для нябожчыка робяць свечку з сотаў той борці, у якой загінулі пчолы. Для жывых — мёд ад жывых пчол, а для мёртвых — ад мёртвых. Пчолка, як і чалавек, працуе, каб пракарміць сям’ю, яна працаўніца. І ўсе пчолкі звязаныя паміж сабой работай. Працавітага чалавека параўноўваюць з пчалой. Раней судзілі за знішчэнне рою пчол, як за забойства людзей. Васіль і Наталля маюць траіх дзяцей, узгадавалі іх з мёдам, які на стале штодзённа — з блінамі, тварагом, кашай, з чаем. Салодкі і пахучы лясны мёд мае асаблівы водар, бо сабраны з усіх кветак, кустоў і дрэў за лета.
Лельчыцкі раён унікальны па захаванасці калоднага пчалярства, сакрэты якога перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Адметна тое, што бортніцтвам тут займаецца шмат маладых мужчын. Яны беражліва захоўваюць прылады, што дасталіся ім у спадчыну ад дзядоў і прадзедаў або падараваныя старэйшымі бортнікамі. Шмат старых калод, якія вісяць у лесе на дрэвах, ужо згнілі, бо іх гаспадары пастарэлі і не могуць іх даглядаць, таму маладыя вырабляюць новыя калоды, выкарыстоўваючы не толькі старыя інструменты, але і бензапілы — гэта паскарае працэс. Цяпер добрыя майстры могуць зрабіць борць за адзін дзень.
Традыцыйна борць вырабляюць з дапамогай сякеры, пешні, зубеля з калоды тоўстага дрэва. На ёй рабілі вузкую прамавугольную адтуліну — доўжню, праз якую пешняй высякалі камору борці. Доўжню закрывалі дубовым бруском і дадаткова прыкрывалі дубовай дошкай (снет), якая мацавалася да дрэва двума штырамі з правушынамі для затычак. Побач са снетам свідравалі адтуліну для ўваходу і выхаду пчол. Унутры калоду зачышчаюць круглай жалезнай склобкай, робяць сошку. Верх борці называюць “галава” або “шапка” — тут размяшчаецца пчаліная сям’я. Для прываблівання дзікіх пчол-баровак рабілі тварбу. Тварылі вуллі вясной: націралі ўнутры багонам, апырсквалі сытой, на дно клалі белы мох, па жмені крушынкі і маладой лазінкі. Борць можа быць спецыяльна зробленая або прыстасаваная з калоды, у якой ёсць натуральнае дупло. Для борці часцей выкарыстоўваюць дуб або хвою, зрэдку — ліпу або асіну.
Бортнікі глядзяць пчолы раз на год у кастрычніку: забіраюць мёд у сотах, пакідаючы пчалінай сям’і дастатковую колькасць на зімоўку, рамантуюць борць, зверху пакрываюць ад дажджу і снегу, прыбіраюць стойла (высякаюць вакол бортнага дрэва парослыя дрэвы і кусты). Адны пчаляры-бортнікі прынцыпова змяшчаюць на дрэвах толькі борці-стаякі. Кажуць, што так лепш зберагаюцца пчолы. Некаторыя змяшчаюць борці гарызантальна — іх называюць лежакамі. З лежакамі зручней даглядаць пчол. Існуе абавязковае правіла: перад тым як узлезці на дрэва глядзець мёду, трэба пад ім пакласці хлеб на ручніку. А калі сустрэў некага ў лесе, абавязкова пачаставаць мёдам і хлебам.
Каб узлезці на невысокае дрэва, існуе астрова — сукаваты ствол дуба, які прыстаўляюць да бортнага і ўзлазяць, як па драбіне. Каб падымаць сябе на дрэва і, замацаваўшыся на ім, даглядаць пчол, ёсць спецыяльнае прыстасаванне — жэнь (або лязіва). Гэта плець, якую плятуць касічкай з 5 скураных палосак (палоскі са скуры лася або каровы шырынёй 1 сантыметр). Даўжыня плеці — 25—30 метраў, на ёй замацаванае крэсла для сядзення. Да жэні дадаецца плець даўжынёй каля 5 метраў, якая пляцецца ўкругавую з 4 палосак скуры, — лежая. Лежаю закідаюць на тоўсты сук вышэй борці. На адным канцы зробленыя два вузлы і дзве пятлі, на другім — крук, да якога яны мацуюцца. Жэнь, на якой сядзіць бортнік, свабодна рухаецца праз гэты моцны крук, зроблены з дуба, з яе дапамогай знізу падаюцца прылады для догляду пчол: дымар (раней выкарыстоўвалі зубель — галінку крушыны даўжынёй каля 1 метра расколвалі на канцы і запальвалі, яна курыла, разганяючы пчол), нож-медарэз, лазьбень — лубяны посуд з векам і почапкай для збору мёду ў сотах падчас медазбору (каб мёд не працякаў, унізе лазьбень залівалі воскам).
Бортніцтва, або калоднае пчалярства ў лесе — этнічная адметнасць жыхароў Тураўшчыны, да якой адносяцца і жыхары Лельчыцкага раёна. Гэтая тэрыторыя ў этнічным плане выдзяляецца як Убарцкае Палессе — ад ракі Убарць, якая мае той жа корань “борць”, што і бортніцтва. Яно цудам захавалася і існуе ў нязменным выглядзе. Ворыўнай зямлі тут мала, і тая бедная, таму бортніцтва заўсёды было дадатковай падмогай у сялянскай гаспадарцы. А цяпер захоўваецца як памяць продкаў і цікавы занятак з глыбокімі гістарычнымі каранямі.
Рэгіна Гамзовіч
Кастрычніцкі фотарэпартаж Аляксея Сталярова