Украінская каманда “Бумбокс” дала яркі, запамінальны і відовішчны канцэрт у мінскім клубе Re:Public пры абсалютна запоўненай зале. Музыкі прывезлі ў Беларусь жывую прэзентацыю свайго новага альбома “Середнiй Вiк”, але не забылі ані слова з даўніх і любімых хітоў.
Ахвочых трапіць на канцэрт “Бумбокса” ў Re:Public было вельмі шмат. Каб зайсці ў клуб у гэты вечар, гледачам давялося з гадзіну правесці ў чарзе. І было дзеля чаго: украінцы прадстаўлялі ў Мінску новы альбом “Середнiй Вiк” – свой чацверты студыйнік, які ўвабраў у сябе ўсе найлепшыя напрацоўкі музыкаў за апошні час. Самі яны лічаць, што на ім удалося сумясціць гучанне іх першых альбомаў з новымі задумамі. Пасля рэлізу лідар каманды Андрэй Хлыўнюк зазначыў, што праца выйшла вельмі разнастайнай, у ёй ёсць над чым падумаць, калі хочацца думаць, і ёсць пад што адпачыць. Цікава, што ў “Середнiй Вiк” было ўключана, па старой добрай завядзёнцы, 11 трэкаў – лічба, якой “Бумбокс” заўжды трымаецца.
Андрэй прывітаў “місто Мінськ”, дзе даўненька ўжо не бываў, ды зазначыў, што выканае найперш новыя песні, “а таксама тое, што прыйдзе ў галаву”. Сваю тыраду ён тут жа вырашыў паўтарыць яшчэ і па-руску – “для тых, хто не разумее ўкраінскай”. Мяркуючы з рэакцыі залы, такіх у гэты вечар там не было. Пад задаволены гул гледачоў прагучала навюткая “Neverthless”, якая імгненна давяла, што “Бумбокс” у канцэртным варыянце змяніўся ў лепшы бок і пачаў гучаць яшчэ больш драйвова.
Гледачы наогул з аднолькавай прыязнасцю прымалі, як новыя творы, так і рэчы з ранейшых альбомаў каманды. Была гэта ўсім вядомая песенька пра “спецназ на крыше” альбо спецыфічны кавер на “Братоў Гадзюкіных” “Звёздочка”, жартаўлівы нумар, заспяваны на суржыку. Акрамя яе ў “Середнiй Вiк” увайшоў яшчэ адзін кавер – на групу “Віягра”, як гэта ні дзіўна. Ну, а адным з галоўных хітоў з дыска стала кампазіцыя “За буйкі”, на які быў зняты мілы і кранальны кліп. Відэаролікі гурта, дарэчы, дэманстраваліся на вялікім экране ў Re:Public, узмацняючы ўражанне ад спеваў Хлыўнюка. Натуральна, што “Вахцёраў” ды бісавую “Поліну” гарланілі ўсе хорам.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч