Вялікі святочны канцэрт украінскага гурта “Бумбокс” абыўся ў клубе “Рэактар” 7 сакавіка. “Андруша, выходзь!”, – так любоўна клікалі на сцэну Андрэя Хлыўнюка яго мінскія прыхільніцы. Іх чаканні спраўдзіліся праз паўгадзіны. Лідар “Бумбокса” узняўся на сцэну з шклянкай (гарбаты?), узняў яе ды павітаўся з публікай: “Цэ чай за Вас!”.
Андрэй Хлыўнюк
Аўтограф на паштоўцы да 8 сакавіка
Украінцы прыехалі ў Мінск пасля вялікага тура па Амерыцы і Канадзе, каб паказаць сваю новую праграму “Всё включено” ды сыграць усімі любімыя рэчы, прычым у пашырыным складзе. Недзе пасярод канцэрту, акурат падчас выканання “Вахтёрам”, да трыё далучыліся яшчэ бас-гітарыст Дзяніс Леўчанка і бубнач Аляксандр Люлякін, якія дадалі сакавітасці ў гучанне каманды. У пэўны момант, калі гукалі вясну песняй “Холода нет”, у клубе стала настолькі горача, што спрацаваў адзін з пажарных ізвяшчальнікаў.
На мінскім канцэрце адбылася прэзентацыя новага праекту “Бумбокса” з клавішнікам Дзмітрыем Шуравым, які колісь граў у складзе “Акеана Эльзы”, а потым працаваў з Земфірай. Андрэй Хлыўнюк вырашыў падтрымаць сольны праект таленавітага музыкі Pianoboy і запісаў сумесную песню “Этажи”, якая была прынята публікай вельмі прыязна. “Хутка Pianoboy выступіць у вас, абавязкова прыходзьце!”, – запрасіў ён слухачоў.
прэмьера песні – “Этажи”
Мінская публіка аднолькава цёпла прымала, як украінскія, так і расійскамоўныя песні гурта, сам Андрэй размаўляў са сцэны пераважна па-украінску і не было ў залі чалавека, які бы перапытаў: “Што ён сказаў?”. Атмасфера была настолькі прыязная, што лідэр “Бумбокса” назваў выступ ў “Рэактары” вялікім кватэрнікам.
Свой рэспект музыка выказаў нашым “Ляпісам” падчас выканання песні “Трымай”, якая была дапоўнена цытатамі з вядомых хітоў – разам з “Сome together”, “Personal Jesus” і “Smells like teen spirit” музыка ўзгадаў і даўнішні хіт Міхалка “Ты кінула”.
Па сканчэнню выступа музыкаў так проста не адпусцілі са сцэны і тыя з задавальннем сыгралі яшчэ некалькі рэчаў, скончыўшы сет на песеньцы “Звёзды не ездят в метро” гурта “Машина времени”, змененай да непазнавальнасці.