Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску, кнігарня “логвінаЎ” запрашаюць 22 кастрычніка на прэзентацыю новага зборніка перакладаў п’ес Аляксандра Фрэдры “Помста”.
Акцёры Купалаўскага тэатра сыграюць некалькі ўрыўкаў з дзвюх п’ес вядомага польскага камедыёграфа XIX стагоддзя: “Помста” і “Дзявочыя зарокі”.
– Мы выбіралі кавалкі, якія лепш за ўсё выражаюць п’есу, – гаворыць рэжысёр Ігар Пятроў. – Напрыклад, для мяне “Дзявочыя зарокі” – гэта матэрыял пра тое, што часам чалавек праходзіць міма свайго кахання. Таму мы пакажам эпізоды, дзе маладыя дзяўчаты, якія баяцца кахання і лічаць яго злом, дамаўляюцца адна з адной не выходзіць замуж. Што тычыцца “Помсты”, то чым большую пастку рыхтуюць яе героі для сваіх ворагаў, тым у большую пастку трапляюць самі. Але ў выніку толькі тыя, хто можа па-сапраўднаму кахаць, схіляцца да міру, будуць узнагароджаныя перамогай.
У тэатралізаванай прэзентацыі задзейнічаны заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рагаўцоў, артысты Тамара Нікалаева-Апіёк, Вольга Няфёдава, Павел Астравух, Аляксей Яравенка, Кацярына Алейнікава і Крысціна Казак. У эпоху пазамінулага стагоддзя гледачоў перанясе аркестр. Музыкі з філармоніі будуць граць проста ў рэпетыцыйнай зале.
Весці імпрэзу запрошаны Лявон Баршчэўскі. Са зместам зборніка можна будзе пазнаёміцца падчас размовы з аўтарамі перакладаў Андрэем Хадановічам і Марыяй Мартысевіч.
Пачатак мерапрыемства 22 кастрычніка 2013 года а 18-й у рэпетыцыйнай зале Купалаўскага тэатра (вуліца Энгельса, 7, службовы ўваход з боку Александраўскага сквера). Уваход вольны.