З 12 па 14 снежня на Беласточчыне ў вёсцы Новае Ляўкова (гміна Нараўка) адбудзецца XII польска-беларускі літаратурны семінар “Бязмежжа-2008”. Традыцыйна прыканцы года збяруцца разам пісьменнікі з Беларусі і Падляшша – абмяркуюць свае літаратурныя праблемы, агучаць найбольш значныя культурніцкія падзеі, пазнаёмяцца з культурным жыццём Беласточчыны.
У “Бязмежжы-2008” возьмуць удзел Уладзімер Някляеў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла, Міхась Андрасюк, Віктар Стахвюк, Тадэуш Кжыжанскі і іншыя пісьменнікі. У першы дзень семінару адбудзецца вечарына з нагоды 50-годдзя вядомай беластоцкай паэткі Міры Лукшы, якая завершыцца канцэртам Зміцера Бартосіка.
У другі дзень “Бязмежжа” удзельнікі сустрэчы наведаюць агратурыстычную гаспадарку сям’і Казлоўскіх. Гэта мае адбыцца з раніцы. А затым да самага вечара пісьменнікі будуць выступаць з дакладамі і літаратурнымі чытаннямі.
Завершыцца семінар у нядзелю, 14 снежня, паказам фільма Тамары Саланевіч “Ці чуеш як плача зямля?” і выступам старшынкі грамадзкага аб’яднання “Згуртаванне свету “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай, якая распавядзе пра грамадскую кампанію “Будзьма!” На развітанне ўдзельнікі семінару наведаюць нараўчанскі музей слыннай кінарэжысёркі, якая паходзіць з Падляшша, Тамары Саланевіч.
Арганізатары літаратурнага семінару “Бязмежжа-2008”: праграмная рада беластоцкага тыднёвіка “Ніва”, Беларускі саюз у Польшчы, пры медыйнай падтрымцы Радыё Рацыя.