Спарадычна, час ад часу, Палессе і палешукі становяцца ў Беларусі аб’ектам асаблівай увагі навуковых, грамадскіх і палітычных колаў. Бадай што не выпадкова ўздым гэтай зацікаўленасці звычайна супадае ў нас з часамі, у якія перажывае крызіс сама ідэя беларускасці. Палескасць у беларускім варыянце становіцца родам рэгіянальнасці, калі пра апошнюю ўвогуле можна ў нашых умовах гаварыць. Не складаючы цяпер аніякай нацыянальнай праблемы, палескасць гэтая аказваецца вельмі прывабнай як для інтэлектуальнага дыскурсу, так і для палітычнай рыторыкі, бо выступае ў вельмі зручнай форме, з’яўляючыся як чорт з табакеркі толькі ў такіх абставінах і такім чынам, каб не засмучаць уласнага адчування добранадзейнасці і спакою. Усе праблемы, звязаныя з нацыянальнай ідэнтычнасцю, праходзяць як бы побач, у нацыянальных дыскурсах беларусаў і ўкраінцаў, не закранаючы і не ўцягваючы ў свой вір гэтую палескасць.
Спецыфічнасць палескасці вынікае як з аб’ектыўных умоў яе фармавання, так і з асаблівасцяў інтэлектуальных спрэчак, што вядуцца вакол Палесся. Адным з дзейсных інструментаў тут заўсёды была і ёсць адукацыйная сістэма. Любая з іх — ці то імперская расійская, ці то польская, ці то савецкая — імкнулася паўплываць, а то і наўпрост сфармаваць погляды і імкненні новага пакалення згодна з дзяржаўнымі ўзорамі. Падчас фармавання мадэрных нацый напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стст. Палессе ўяўляла з сябе адзін з рэгіёнаў, дзе на фоне стракатага грамадска-палітычнага жыцця асноўная частка вясковага насельніцтва трымалася гэтак званай «тутэйшасці». Спецыфічным быў і вопыт, які вынес паляшук з Першай сусветнай вайны, бальшавіцкага перавароту і польска-савецкай вайны — перыяду, выключна важнага для нацыянальнага будаўніцтва ўцягнутых у падзеі народаў. Датычыў ён не ўсведамлення сябе ў палітычных катэгорыях, а своеасаблівага ўключэння ваеннага вопыту палешука — учарашняга селяніна, гарызонты якога, па вялікім рахунку, не сягалі далей уласнага асяродку, абмежаванага сялянскім грамадскім светам, сутыкаючыся з панам-уласнікам і яўрэем-гандляром. Вайна і прымусовыя перасяленні пашырылі гэтыя гарызонты, прынеслі новыя ўзоры паводзін, але не выпрацавалі ў свядомасці людзей нацыянальна-дзяржаўных каштоўнасцяў.
Нацыянальныя праекты першай паловы ХХ ст., хоць і атрымалі на гэтай тэрыторыі пэўны водгук, не мелі тут закаранёнасці, бо нараджаліся не на Палессі, а разглядалі рэгіён у найлепшым выпадку ў якасці перыферыі нацыянальнага будаўніцтва, як у выпадку з беларускім і ўкраінскім праектамі, а то і наўпрост у якасці каланіяльнай тэрыторыі, як у варыянце польскага праекта.
Другая сусветная вайна цалкам перавярнула сітуацыю. Cыходзяць ранейшыя палітычныя эліты, змяняецца эканоміка. Са сцэны знікае цэлы свет палескага яўрэйства, што ўяўляў з сябе адзін з чатырох найзначнейшых складнікаў ягонага традыцыйнага жыцця. Яно прэзентавала не толькі этнакультурную плынь, але таксама і сацыяльна-эканамічную супольнасць. Разам з распадам традыцыйных адносін у сялянскім асяроддзі і рэарганізацыяй эканомікі гэта спрычынілася да стварэння тых асаблівых умоў, у якіх праходзілі працэсы ўрбанізацыі (рыса, зрэшты, характэрная для ўсіх рэгіёнаў, дзе да вайны яўрэі складалі значны працэнт насельніцтва).
Новая рэчаіснасць стварыла фармальныя падставы для пашырэння на Палессі беларускасці і ўкраінскасці. Чарговыя змены, што адбыліся падчас і пасля распаду Савецкага Саюза, хоць і выклікалі да жыцця палескі аўтанамісцкі рух канца 80-х — пачатку 90-х гадоў ХХ ст., у рэшце рэшт стварылі ўмовы для складвання своеасаблівага тыпу рэгіянальнасці. У беларускім варыянце яна набывае рысы каланіяльнасці, прыпраўленай традыцыйным замілаваннем да былой архаічнасці, якая разам з прадпрымальнасцю палешукоў у новых умовах разглядаецца як адна з крыніц эканамічнага развіцця.
Відавочна, прайшоўшы ўсе гэтыя трансфармацыі, апалітычнасць урэшце сталася адной з вызначальных характарыстык самой «палескасці». Магчыма, той палескі аўтанамісцкі рух часоў перабудовы і пацярпеў няўдачу менавіта таму, што ён быў наўмысна і штучна ці проста самой логікай развіцця падзей пераведзены ў палітычнае рэчышча, пасля чаго стаў незапатрабаваны перш за ўсё самімі палешукамі.
Умовы, у якіх фармавалася «палескасць», — асноўная тэма гэтага нумара. У ім разглядаюцца тыя абставіны і падзеі, што спрычыніліся да «стварэння» палешука, вынеслі яго на хвалі гісторыі, адначасова разбурыўшы свет, у якім паляшук быў адным з элементаў са сталым усведамленнем сваёй ролі і месца. У рэшце рэшт, ён стаўся адзіным фігурантам той старой сістэмы, які ператрываў гвалтоўныя змены і ў другой палове ХХ стагоддзя стаўся чынным удзельнікам, а не проста «этнаграфічным фонам» для далейшых падзей.
Нягледзячы на тое, што Палессе належыць, згодна з цяперашнімі ўяўленнямі, да розных этнічных масіваў, а тэрытарыяльна ўтварае складовую частку розных дзяржаў, паняцце «палескасці» — з’ява пераважна беларускай рэчаіснасці. Цяжка акрэсліваная, амаль няўлоўная і дакладна не палітычная ды нацыянальная, яна часам дамінуе і над беларускасцю. Ва ўсялякім выпадку, беларуская ідэя выкарыстоўвае яе дзеля акрэслення ўласнай самастойнасці і паўнавартаснасці. Далібог, калі б палешука не існавала, то беларусы мусілі б яго вынайсці.