2015 год для 26-гадовага піяніста Арсенія Садыкава прайшоў надзвычай удала. Да яго шматлікіх узнагародаў дадалася прэмія на міжнародным конкурсе “Franz Liszt Piano Competition” у Нямеччыне.
Арсеній нарадзіўся ў музычнай сям’і. Ягоны бацька Раіль Садыкаў – дырыжор і выкладчык у дзіцячай школе мастацтваў, а маці – арганістка Полацкай Сафіі Ксенія Пагарэлая, якая гэтай восенню выступіла ў Нотр-Даме. Арсеній атрымаў бліскучую музычную адукацыю. Ён паспяхова скончыў Полацкую школу мастацтваў і Наваполацкі музычны каледж. А далей вучыўся ў Беларускай акадэміі музыкі, ў брусэльскай Musica Mundi, кансерваторыі ў італьянскім Бальцана, музычнай акадэміі Юрыя Башмета. Цяпер Арсеній працягвае навучанне ў Вышэйшай школе музыкі імя Фэрэнца Ліста ў Веймары (Нямеччына). Менавіта ў гэтым горадзе праходзіў конкурс, дзе беларускі піяніст стаў лаўрэатам. “Гэта дастаткова важная падзея для музычнага “піяністычнага” свету. Конкурс праходзіў у два этапы – першы тур быў у горадзе Байройт, а другі тур і фінал непасрэдна ў Веймары. Скажу шчыра, што не разлічваў на высокі вынік, усё ж конкурсы – справа непрадказальная”, – распавядае Арсені і згадвае самы хвалюючы момант – у фінале, калі да яго далучыўся аркестр. На конкурсе піяніст выконваў перадусім творы Ліста, а таксама Баха, Бетховена, Шапэна, Лігеці. “Мне складана сказаць, як журы абірала найлепшых піяністаў. Музыка вельмі абстрактная, і ўсе выканаўцы настолькі розныя, што часам вельмі складана зрабіць выбар. Думаю, што ўсё ж кіраваліся такімі параметрамі, як музычнасць, адчуванне ў музыцы і пераканаўчасць у падачы”, – разважае Арсеній.
Поспех на “Franz Liszt Piano Competition” для яго не першы. Сёлета Садыкаў атрымаў прэмію на яшчэ адным аўтарытэтным міжнародным конкурсе піяністаў, “Lagny-sur-Marne” у Францыі. Летась беларус здабыў прэмію на конкурсе “Новыя зоркі” у Нямеччыне, быў лаўрэатам італьянскага конкурсу “Giuliano Pecar” (2012) і французскага “Epinal” (2013). Ужо некалькі год беларускі артыст ездзіць з сольнымі праграмамі па Еўропе, выступае разам з сімфанічным аркестрамі і камернымі ансамблямі, хоць на Радзіме яго імя практычна невядомае.
Калі ёсць час – Арсеній піша музыку. Кажа, што ў гэтай дзеі цэніць перадусім элемент свабоды. Ён з задавальненнем імправізуе на джэм-сейшнах і наогул імкнецца быць адкрытым да якой заўгодна музыкі, таму яго можна пабачыць не толькі на конкурсе класічнай музыкі. “Вельмі люблю слухаць музыку розных стыляў – ад барочнай класікі да сучаснай электроннай музыкі. З задавальненнем бяру ўдзел у поп-рок праектах і граю з ды-джэямі”, – распавядае музыкант.
У свой рэпертуар на канцэртах і конкурсах Арсеній уключае і творы беларускіх кампазітараў. Ён выконвае музыку Галіны Гарэлавай, Ганны Кароткінай, Дзмітрыя Смольскага, Сяргея Бельцюкова і кажа, што для яго гонар прадстаўляць нашу музыку за мяжою.
Сяргей Будкін