У часы Старажытнай Русі тут знаходзілася адна з крывіцкіх сталіц, у бытнасць Вялікага Княства Літоўскага – фарпост на ўсходніх межах дзяржавы, у найноўшы час тут была абвешчаная беларуская савецкая дзяржаўнасць. Смаленск захаваў мноства помнікаў, што нагадваюць нам пра яго лучнасць з Беларуссю.
Царква Святой Варвары
Царква Святой Варвары ўзнікла з перабудаванай рэзідэнцыі смаленскага ўніяцкага архіепіскапа, выхадца з беларускага Падляшша Льва Крэўзы. Гэта адзін з нешматлікіх будынкаў Смаленска, які, няхай і часткова, захаваўся з часоў, калі горад належаў да Рэчы Паспалітай.
Яшчэ больш цікавай падаецца размешчаная за метр ад храма Петрапаўлаўская царква, якая захавалася ажно з сярэдзіны ХІІ стагоддзя.
Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі
Пяціалтарны неагатычны касцёл са спічастымі вокнамі быў пабудаваны ў 1896 годзе. Кіраваў яго ўзвядзеннем выхадзец з Мсціслаўшчыны, свядомы беларус Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Адукацыю інжынера і архітэктара Лявон здабываў у Санкт-Пецярбургу і Парыжы. На яго біяграфію прыпадае аднаўленне касцёлаў у Магілёве, Крычаве, Оршы, Мсціславе, Смалянах і Свіслачы, праектаванне храмаў у Манастыршчыне, Дрысвятах, Друі. Дарэчы, Лявону так палюбіўся выгляд смаленскага касцёла, што праз 18 гадоў у беларускіх Відзах ён пабудаваў яго двайніка.
Сёння ў будынку касцёла захоўваецца Дзяржаўны архіў Смаленскай вобласці.
Былы Дом саветаў
У дакастрычніцкі час вакол будынка Дваранскага сходу (вул. Глінкі, 3) разгортвалася культурнае жыццё губернскага цэнтра. Тут у розны час выступалі Міхаіл Глінка, Максім Горкі, Фёдар Шаляпін, Сяргей Рахманінаў. З прыходам бальшавікоў будынак перадалі пад Дом саветаў, а з часоў перабудовы – пад філармонію.
Менавіта ў гэтым архітэктурным помніку эпохі класіцызму ў канцы 1918 года вырашаўся лёс беларускай дзяржаўнасці. Ваенны час патрабаваў аўральных рашэнняў: за два тыдні стварылі Кампартыю бальшавікоў Беларусі, склікалі партыйны з’езд у Смаленску, вылучылі Часовы ўрад… і абвясцілі самастойнасць Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь “з тэрыторыяй Мінскай, Гарадзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губерняў”. Новаўтвораная буферная дзяржава не праіснавала і двух месяцаў, але прэцэдэнт меў месца.
Пазней, калі ў будынку ўсталяваўся Выканаўчы камітэт губернскага савета, пры аддзеле народнай адукацыі тут дзейнічала Беларуская секцыя (1922–1923; 1925–1927). У яе задачу найперш уваходзіла арганізацыя на тэрыторыі Смаленскай губерні беларускамоўнай адукацыі. У год ліквідацыі секцыі на Смаленшчыне працавала 37 беларускамоўных школ, у якіх навучалася каля тысячы вучняў.
Смаленскі дзяржаўны ўніверсітэт
Найбольш аўтарытэтны ўніверсітэт Смаленшчыны з часу свайго заснавання вабіў студэнтаў-беларусаў. Нават цяпер істотная частка студэнцтва мае беларускі пашпарт.
Аднак у адрозненне ад сучаснасці, раней беларускія студэнты гуртаваліся. З 1924 і да 1929 г. тут дзейнічала беларускае студэнцкае зямляцтва. Яно старалася забяспечыць усіх ахвотных падручнікамі на беларускай мове, займалася культурнай адукацыяй землякоў (існавалі драматычны, харавы, струнны гурткі, а таксама секцыя беларусазнаўства). Да таго ж на педагагічным факультэце ўніверсітэта з 1926 г. чытаўся курс беларусазнаўства. У будынку таксама размяшчаўся педрабфак, дзе існавала асобнае беларускае аддзяленне.
Цікава, што непадалёк ад увахода ў “стары” корпус універсітэта ўсталяваная памятная шыльда з нагоды выступу Янкі Купала ва ўстанове ў далёкім 1934 г.
Дом Янкі Купалы
Для Янкі Купалы Смаленск не быў чужым горадам: тут ён правёў паўтара года свайго жыцця. З восені 1917 да 21 студзеня 1919 года беларускі паэт жыў разам з жонкай Уладзіславай Станкевіч на Малой Багаслоўскай, 5 (цяпер гэта вул. Пушкіна). Працаваў у Смаленску агентам аддзела забеспячэння харчовага камітэта Заходняй вобласці.
Абставіны жыцця прывялі да таго, што Купала кінуў пісаць: з сярэдзіны 1915 да канца 1918 у паэтавых сшытках не з’явілася ні радка вершаў. Толькі ў кастрычніку 1918 г. былі напісаныя поўныя трывогі за будучыню народа смаленскія вершы “Для Бацькаўшчыны”, “У дарозе”, “Песня”, “Свайму народу”, “На сход!”.
Археалагічны інстытут
Восенню 1918 г. Янка Купала падаў заяву з просьбай залічыць яго слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. Гэта была першая вышэйшая навучальная ўстанова ў горадзе. І з той прычыны, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі такія ўстановы адсутнічалі, сюды імкнуліся трапіць многія.
Годам раней сюды паступіў Максім Гарэцкі. У Смаленску ён працаваў камендантам жыллёвага аддзела ў мясцовым савеце, а таксама актыўна друкаваўся ў смаленскай прэсе.
Будынак інстытута не перажыў вайны – сёння на яго месцы стаіць помнік Міхаілу Мікешыну.
Помнік Міхаілу Мікешыну
Помнікі, узведзеныя Міхаілам Мікешыным, маюць самую шырокую геаграфію. Дастаткова прыгадаць велічны манумент “Тысячагоддзе Расіі” ў Ноўгарадзе, помнік Хмяльніцкаму ў Кіеве, Кацярыне ІІ у Санкт-Пецярбургу, Карагеоргію і Міхаілу Абрэнавічу – у Бялградзе.
Аднак малавядомым застаецца факт, што адзін з найбольш яскравых скульптараў Расійскай імперыі ХІХ стагоддзя сваёй радзімай называў Беларусь. Нават спрабаваў размаўляць на мове, што, калі верыць сведкам, у яго не вельмі выходзіла.
Нарадзіўся Міхаіл на Смаленшчыне. Некалькі разоў бываў у Клімавічах, дзе жыла яго сястра. Дарэчы, усходнебеларускі павятовы цэнтр ён называў не іначай як “самым нешчаслівым горадам найбяднейшай Беларускай губерні”.
Нацыянальная свядомасць Міхаіла раскрылася яшчэ ў дзяцінстве, калі нянька напявала беларускія песні, а дзядуля расказваў мясцовыя паданні, і замацавалася пасля блізкага знаёмства з Тарасам Шаўчэнкам.
Помнік Мікешыну ў Смаленску быў усталяваны ў 1985 годзе ў гонар 150-годдзя скульптара.
Смаленская абласная ўніверсальная бібліятэка
Бібліятэка (вул. Вялікая Савецкая, 25/19) была заснаваная смаленскім губернатарам у 1831 годзе. Для нас яна цікавая тым, што тут прайшла першая вядомая выстава на Смаленшчыне, якая мела беларускі ўхіл. Адбылася яна ў жніўні-верасні 1923 г. і складалася з кніг і часопісаў, якія сабрала Беларуская губернская секцыя.
Алесь Лапо
Глядзі таксама: