Паэты і мастакі з Беларусі, Грузіі і Украіны перакладалі вершы ды малявалі на працягу тыдня з нагоды паэтычна-мастацкага пленэра, які праходзіў у літоўскім курортным гарадку Паланга і завяршыўся ў нядзелю 6 верасня.
Пра пленэр апавядае яго ўдзельнік, вядомы беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч:
– Пленэр доўжыцца каля тыдня. Збіраюцца мастакі і паэты чатырох краінаў. Мастакі малююць краявіды. Задача паэтаў – перакласці вершы прадстаўнікоў трох іншых краінаў на сваю мову. Ад пачатку пленэр перадугледжваў чатырохбаковую творчую сустрэчу. Мусілі ўдзельнічаць прадстаўнікі з Літвы, Беларусі, Украіны і Польшы. Сёлета не было польскіх удзельнікаў, затое пленэр пашырыўся на Грузію. Ён адбываецца дзякуючы намаганням літоўскага боку пры дапамозе Еўрапейскага саюзу.
Творчыя сустрэчы паэтаў ды мастакоў пачаліся ў 2007 годзе ў Нідзе. У мінулым годзе пленэр прайшоў у Друскеніках, а яго вынікам паўстаў альманах на чатырох мовах і “Анталогія беларускай паэзіі” на літоўскай і беларускай мовах.
Па словах Андрэя Хадановіча, адпачываць паэтам падчас пленэру не даводзілася:
– Нашай задачай было патлумачыць калегам, што яны павінны зрабіць у перакладзе, а іх задачай – што яны мелі на ўвазе ў сваіх творах, як гучалі арыгіналы. Чынам узаемнай дапамогі трэба было скласці тэксты. Вынік намаганняў культурніцкай сустрэчы звычайна друкуецца ў альманаху, які прысвечаны пленэру, і ў прэсе ды друку краінаў-удзельнікаў.
У гэтым годзе беларускі бок на пленэры быў прадстаўлены досыць маладым пакаленнем.
Андрэй Хадановіч:
– Сёлета беларускі бок удзельнікаў быў нязвыкла малады. Разам са мной удзел у творчай сустрэчы бралі Валярына Кустава і Глеб Лабадзенка, Наста Манцэвіч ды Віталь Рыжкоў.
Таксама ў пленэры удзельнічалі: з літоўскага боку – Алекса Гаспарас і Віялета Шаблінскайтэ, з украінскага – Сяргей Цушко, Наталля Трахім, Уладзь Журба.
Мастакоў з Беларусі прадстаўлялі Марыя Ісаёнак, Віталь Гурада ды інш.
У творчасці ды пошуку натхнення паэтам ды мастакам дапамагалі краявіды балтыйскага ўзбярэжжа ды грукат марскіх хваляў.
Андрэй Хадановіч пра пленэр у Паланзе:
– Калі паэт трапляе ў такія ўмовы, зразумела, што ён загадзя ўдзячны, бо арганізатары бяруць на сябе бытавыя клопаты, а ён апынаецца сам насам з морам, з лагодным, вельмі вераснёўскім надвор’ем, з таленавітымі, разумнымі калегамі. Нішто яму не перашкаджае. Але больш важна тое, што такія сустрэчы дазваляюць адкрываць новыя далягляды, перакрочваць умоўныя межы культур.