Сорак шосты па ліку міжнародны фестываль паэзіі праходзіў 23–28 верасня ў Бялградзе. Сёлета фестываль сабраў каля пяцідзесяці паэтаў з 17 краінаў свету, у тым ліку з Кітая, Індыі, Аўстраліі, Італіі, Турцыі, Іраку, Іспаніі, Балгарыі, Кіпру, Польшчы, Расіі, Чэхіі, Румыніі, Македоніі, Чарнагорыі. Беларусь на прэстыжным форуме ў Сербіі прадстаўляў паэт і бард Эдуард Акулін.
Праграма фестывалю была насычанай і разнастайнай. Паэтычныя сустрэчы ў Бялградзе, Бранкавым Коле, Лозніцы, Зайчары, Новым Пазары і Гамзіградскіх лазнях сабралі пад сцяг фестывалю тысячы прыхільнікаў высокага паэтычнага слова. Акрамя таго ў рамках імпрэзы адбылося адкрыццё мастацкай выставы “Двухбаковасць”, а таксама пленарнае паседжанне на тэму “Мова – нашае мінулае і прышласць…”, на якім абмяркоўваліся праблемы існавання нацыянальных моваў у кантэксце працэсаў эканамічнай і культурнай глабалізацыі. Найбольшую колькасць слухачоў сабраў Земунскі летні амфітэатр, які месціцца над крутым берагам магутнага Дуная, а таксама паэтычны “мітынг” у бялградскім Каларчакавым універсітэце.
Форум шырока асвятляўся сербскімі СМІ. Фестывальныя падзеі штодзённа з’яўляліся ў тэле- і радыёэфіры, а таксама на старонках цэнтральных газет. Паклапаціліся арганізатары і пра адпачынак для гасцей. У першы ж дзень форуму было арганізавана паэтычнае плаванне на цеплаходзе па вечаровым Дунаі з творчымі прэзентацыямі ўдзельнікаў. Пры канцы бялградскіх сустрэч госці наведалі гістарычную перліну Сербіі: народны музей “Ромуліну” – летнюю рэзідэнцыю рымскіх імператараў, унікальны помнік архітэктуры ІІІ стагоддзя да н.э. Па выніках фестывалю да канца году выйдзе паэтычная анталогія з вершамі яго ўдзельнікаў у перакладзе на сербскую мову.