“Свабодны тэатр” з Брэста адзначыў сваё дзесяцігоддзе 7 сакавіка ў клубе, дзе ён нарадзіўся і пасталеў. Свае віншаванні юбілярам сказалі паэты, музыкі і проста сябры тэатра.
“Свабодны тэатр” узнік у сакавіку 2001 года. За дзесяць гадоў было створана 8 спектакляў: “Елизавета Бам” і “Звонитьлететь” па творах Данііла Хармса, “Процесс” па творах Франца Кафкі, “Бандароўна” па паэме Янкі Купалы, антываенная пастаноўка “20 000 000”, казка-падарожжа для дзяцей “Як каза за Сонцам хадзіла”, тэатралізаванае шэсце “Мелифациум” і спектакль “Товар-Деньги-Товар”. “Свабодны тэатр” браў удзел у тэатральных фестывалях у Польшчы, Расіі, Беларусі і Украіне. Апроч акторскай дзейнасці ўдзельнікі тэатра наведваюць дзіцячыя дамы, каб падараваць радасць маленькім дзеткам, а таксама штогод ладзяць свята для жыхароў ваколіц. Варта адзначыць, што ўсе тэатральныя касцюмы і дэкарацыі да пастановак створаныя рукамі саміх актораў.
У першай частцы імпрэзы ўдзельнікі тэатра парадавалі гасцей сцэнамі з пастановак “Елизавета Бам” і “Товар-Деньги-Товар”, а таксама згадалі свае першыя крокі да гледача і часы ўласнага сталення. Затым у адрас юбіляраў пасыпаліся віншаванні ад паэтаў Уладзіміра Глазава і Дзмітрыя Рыбака, музыкаў Лёхі Чыканаса і Аляксандра Будзько, а таксама ад дырэктара клуба.
“Калі я ўпершыню пабачыў тое, што робіць тэатр, – кажа дырэктар клуба Павел, – я проста закахаўся ў яго. Я хачу, каб тэатр жыў і квітнеў далей, а я буду рабіць усё магчымае, каб іх новыя творы пабачыла як мага больш гледачоў”.
Першая частка свята скончылася вулічным агнявым шоу ад эксперыментальнага тэатра “ETERE”. Затым музыкі з гуртоў “Рациональная диета”, “Plumbum” і “Los perdidos” зладзілі канцэрт-імправізацыю, таксама на сцэне клуба выступіў бард Лёха Чыканас.
Падчас невялічкага перапынку мы вырашылі даведацца ў гледачоў, як яны ставяцца да творчасці “Свабоднага тэатра”.
“Гэта адны з нямногіх вальнадумных людзей у нашай краіне, – кажа паэт Уладзімір Глазаў, – праз уласнае змяненне “Свабодны тэатр” спрабуе змяніць навакольны свет”.
“Першы раз, калі я пабачыў іх “Бандароўну”, – кажа сталы наведнік спектакляў “Свабоднага тэатра” спадар Яўген Бяласін, – яна мяне вельмі ўразіла. Я рэдка пішу тэксты, але тады я сеў і напісаў артыкул для газеты “Наша ніва”. Гэта значыць, што ў чалавека душа гучыць у адказ на іх творчасць”.
Пры канцы імпрэзы ўдзельнікі “Свабоднага тэатра” падзякавалі ўсім, хто дапамагаў ім цягам дзесяці гадоў, а рэжысёр тэатра Аксана Гайко спецыяльна для budzma.org расказала пра далейшыя творчыя планы.
“Апошнія нашыя спектаклі вельмі складаныя. Не ўсе здольныя ўспрымаць іх адразу і цалкам. Таму мы хочам зрабіць нешта вельмі простае і зразумелае, каб адразу было бачна, што людзей гэта кранае. Гэта будзе спектакль, які апісвае тое, што адбываецца ў нашай краіне тут і цяпер. Спектакль пра тое, што цяпер хвалюе людзей”, – кажа Аксана Гайко.