Неяк не шанцуе брытанскаму сімфа-блэк-метал гурту Cradle Of Filth з арганізацыяй іх канцэртаў у Беларусі. Калі яны спрабавалі выступіць у нас некалькі гадоў таму, усё скончылася адменай канцэрту і тысячамі квіткоў у людзей на руках, па якіх арганізатар так і не вярнуў грошы, а пусціўся замест гэтага ў інтэрнацыянальныя ўцёкі (дзе ты там, Міша?). Таму зразумела, чаму да наступнага канцэрту зорак большасць паставілася скептычна: да апошняга хадзілі чуткі, што РПЦ “жэстачайшэ” забараніла музыкантам псаваць розумы маладых людзей. Тым не менш, Cradle Of Filth усё ж даехалі да нас.
Канцэрт меў пачацца ў 19.00. Пра гэта я не раз успомніў, калі стаяў у вельмі доўгай чарзе перад уваходам і глядзеў на цыферблат свайго гадзінніка, які паказваў 19.50. Ужо наблізіўшыся да дзвярэй клуба, я змог прачытаць аб’яву: аказваецца, у “Крэдлаў” з’явіўся разагрэў! Цікава, колькі чалавек атрымалі асалоду ад поўнага выступу гурта The Long Dark Side? Хаця, здаецца, на віноўнікаў вечара трапілі ўсе.
Ну, што сказаць пра сам канцэрт? Усё псаваў гук, які быў зусім не такі, які павінен быць у “Рэпабліку”. Знаёмыя песні можна было яшчэ неяк разабраць, а астатнія гучалі аднароднай кашай. Праўда, праз некалькі нумароў сітуацыя палепшылася, хаця і не так радыкальна, як хацелася б. Вечар выратавалі самі музыканты. Вось што значыць сапраўдныя прафесіяналы! Ім, здаецца, зусім не замінала малая сцэна, праблемы з апаратам ці не зусім запоўненая зала клуба (рэклама канцэрту была, мякка кажучы, не на вышыні, таму пра імпрэзу ведалі яўна не ўсе, хто хацеў бы прыйсці). Але Cradle Of Filth гралі так, нібыта сабралі стадыён Уэмблі! Гурт выканаў усе свае хіты, чым прымусіў многіх амаль пусціць настальгічную слязу: дзе тыя касматыя нулявыя, дзе чорныя балахоны са Ждановічаў і метал, запісаны на балванкі? Канечне, не абышлося і без Nyphetamine – тут настала чарга плакаць ад шчасця дзяўчатам у вялікіх чорных ботах і карункавых сукенках. Словам, збольшага публіка была задаволеная. Асабліва стойкія нават здолелі дачакацца музыкантаў на выхадзе і сфатаграфавацца з імі. Зоркі вельмі талерантна да гэтага паставіліся і раздалі ўсім ахвотным аўтографы на паперках і розных частках цела. Выступленне майстроў сваёй справы не сапсуеш ніякай арганізацыяй!
Андрэй Мухамор
Фота: Яўген Ерчак