Адкрыццё новай станцыі метро ў Мінску гэта заўжды падзея, калі не роўная якому-небудзь міжанроднаму чэмпіянату, дык не далёка ад яго адышоўшая. Пакуль сацыяльныя сеткі запаўняюцца фота “свежай” станцыі “Малінаўка”, “Будзьма” разам з архітэктарам Аляксандрай Баярынай адправілася на новую станцыю і папрасіла спадарыню Аляксандру ацаніць яе дызайн і архітэктурныя рашэнні.
“Агулам, станцыя светлая па колерах і гэта добра, – кажа спадарыня Баярына. – У грамадскіх інтэр’ерах, асабліва пабудаваных на бюджэтныя грошы, заказчыкі вельмі баяцца выкарыстоўваць белы колер. А тут удалая знаходка, колер у станцыі не белы, аднак ствараецца адчуванне белізны”.
Аднак на думку спадарыні Баярынай “Малінаўка” мае і шэраг недахопаў.
“Глядзіце, мы маем па сем калонаў звычайных з кожнага боку, і па тры “аформленыя пад дрэвы” у сярэдзіне. Гэта рашэнне відавочна не выпадкова: заўважце, “упрыгожанныя” калоны стаяць на чорных чатырохкутніках з другога колеру камня. Выглядае на тое, што спачатку збіраліся аздабляць усе калоны, аднак па грашовых ці іншых прычынах не атрымалася. У такім выпадку ў нас зазвычай нешта “нязвыклае” ставяць на невялікія “выспы” ці выдзеляюць іншым колерам, як і ў выпадку гэтых чатырохвугольнікаў. Ад гэтага губляецца цэласнасць. Што тычыцца упрыгожаных калонаў, то кругі з падсветкай не версе таксама выглядаюць крыху недарэчна: кропкавая падсветка мусіць быць схаваная, а тут яна навідавоку”.
Аднак з большага “Малінаўка” выглядае мінімалістычнаю.
“Удалая цэнтральная частка станцыі, – кажа спадарыня Баярына. – Тут ёсць імкненні да пэўнага мінімалізму. У нашай краіне сваеасаблівыя эстэтычныя патрабаванні да метро: мы прывыклі да таго, што яно мусіць быць прыгожым, як тыя станцыі, якія былі пабудаваны ў савецкія часы. Аднак метро цяпер, у наш час, у нашай сітуацыі гэта проста транспарт. Трэба дадаць, што на “Малінаўцы” шмат святла, гэта плюс. Добрае рашэнне – натуральны камень на падлозе, маглі б палажыць плітку і было б як на рынку. Ёсць пытанні да шрыфтоў, якімі аформлена назва станцыі, аднак гэта таксама традыцыйная праблема: калі ў нас пішуць, напрыклад, “мікрараён”, то такімі “лапцямі”, вось і тут шрыфты вялікія і не адпавядаюць дызайну станцыі. Маліны на сценах – вельмі проста, самае відавочнае рашэнне: на “Грушаўцы” – грушы, тут маліны. Прасцейшы ход, не самы ўдалы, хоць я далёка не супраць простага падыходу. Вестыбюль станцыі атрымаўся зусім просты і зроблены з самых танных матэрыялаў. І, дарэчы, зялёны колер, які на “Малінаўцы” выкарыстоўваецца, на першы полгляд, дастаткова млосны, але і жыцясцвярджальны ”.
Юрась Ускоў