Сёлета цырымоніі «Даём рады» вырашана было надаць моцны панк-рок прысмак. У адрозненне ад музычнай прэміі, што чамусьці ўзяла права звацца «нацыянальнай», тут няма дзіўных патрабаванняў і крытэраў, самацэнзуры і кепскага густу, а ўвага звяртаецца найперш на жывую альтэрнатыву. Лайн-ап вечара падабралі такім чынам, каб кожны прыхільнік такой музыкі застаўся задаволеным.
На першых выступоўцах – гурце «Тлушч», якіх вядоўца Ілля Маліноўскі назваў «шчаўлікамі беларускага панку», – гледачоў яшчэ было не так і шмат, але ў сярэдзіне вечара ў Re:Publc не было дзе праціснуцца. Уручэнне сур’ёзных намінацый рэдакцыя «Еўрарадыё» чаргавала з жартаўлівымі. Так, напрыклад, кіраўніку студыі «Осмас» Паўлу Юрцэвічу ўручылі чорныя крылы ды назвалі «Няспраўджанай надзеяй – 2013», якую даюць вядомым асобам, што спрабуюць сябе ў справе стэйдждайвінгу. Паўла на 10-годдзі «Осмасу» ў «Мулен Ружы» не надта ўдала кінулі ў натоўп ягоныя паплечнікі. Летась такую прэмію атрымаў Аляксандр Памідораў за скок са сцэны падчас канцэрта Gods Tower. N.R.M. далі прэмію са слоганам «Непатанаючая легенда ці давай Д.П.Б.Ч.», праўда, па прыз ніхто з трыа не прыйшоў.
Што да сур’ёзных намінацыяў, то акрамя статуэткі і дыплома практычна да кожнай з іх быў прымацаваны сур’ёзны салідны прыз. Гурт TonqiXod, прызнаны «Дэбютам», атрымаў у давесак да статусу яшчэ 50 гадзінаў запісу ў студыі. Асобна вылучылі гурт Harotnica, які раптам заспяваў па-ангельску. Яны атрымалі прыз ад літоўца з kvitki.by. Праўда, было няясна, за што менавіта. Уладальнікам «Найлепшага сінглу года», гурту Nizkiz, далі магчымасць скарыстацца сістэмай 3plet, сеткай распаўсюду музыкі па ўсім свеце, якая дапамагае гуртам у тым ліку зарабляць і даносіць сваю творчасць да вялікай аўдыторыі. Nizkiz у дадатак атрымаў права на бясплатнае саўндпрадзюсаванне будучага сінглу ад Яўгена Сухавея.
Клуб Re:Public у межах прэміі таксама даў свой прыз – за «Самы шалёны канцэрт года», які атрымаў Enter Shikari. Гэта, дарэчы, была не адзіная замежная зорка, што атрымала ўзнагароду на беларускай музычнай прэміі. У новай намінацыі «Найлепшы еўрапейскі альбом года» пераможцай прызналі працу «Right Thoughts, Right Words, Right Action» гурта Franz Ferdinand. Алекс Капранас з гэтай нагоды нават відэазварот падрыхтаваў з падзякамі, праўда, публіка яго належным чынам не ацаніла, бо ёй карцела слухаць «Дай дарогу!».
«Прывітанне, шаноўныя гаспадары!» – звярнуўся да публікі па-беларуску Юры Стыльскі, і зала выбухнула. Лідар «ДД» пакрысе беларусізуецца, яго ўжо хапае на цэлую фразу. У канцэрце ўдзельнічала яшчэ адна яскравая каманда з Берасця – Sciana, якая забегла на «Даём рады» проста з цягніка, адыграла моцны экспрэсіўны сэт, перадала прывітанне ўкраінскім сябрам ды хутка знікла.
Адразу дзве намінацыі ўзяў гурт “Ляпіс Трубяцкі” – “Кліп года” за ролік на песню “Месяц” і фактычна Гран-пры фэсту-прэміі – “Гурт года”. Ні Міхалка, ні Булатнікава, ні Калмыкова ў зале не было – гурт у чарговым туры па Расіі, таму прызы атрымліваў прадстаўнік “Ляпісаў” Зміцер Безкаравайны. “Вартая ўзнагарода вартым людзям”, – зазначыў Стыльскі, якому даверылі перадаць статуэтку. Вядоўцы трохі пасумавалі з той нагоды, што “Ляпісам” не даюць афіцыйна выступаць на Радзіме, але потым знайшлі падставу для радасці: чорныя спісы ж збольшага адмененыя! Гэтую радасную падзею ў культурным жыцці краіны мелі сімвалізаваць хэдлайнеры вечара Neuro Dubel. Не дачакаўся ўручэння ўзнагароды “Найлепшы сольны выканаўца” яшчэ адзін музыка, якога разам з Міхалком люта ненавідзяць ідэолагі, – Зміцер Вайцюшкевіч. Між іншым, узнагароду гэтую ён атрымаў другі раз запар.
Канцэрт заканчваецца харавым спевам даўніх хітоў Кулінковіча. “Еўрарадыё” годна ўвасобіла сваю ідэю, якая, безумоўна, вартая далейшага працягу.
Сяргей Будкін, фота – Аляксандр Ждановіч