“Лістапад” змяніўся: за апошнія тры гады каманда фестывалю зрушыла яго статус ад “славянскага кінабазару” да прэстыжнага еўрапейскага форуму і любімай культурнай падзеі тых беларусаў, для якіх “уся ісціна ў кіно”.
Дакументальныя праграмы фестывалю заўжды былі на перыферыі і праходзілі ў напаўпустых залах. Анонсам найлепшых дакументалак “Лістапада-2013” паспрабуем падправіць дысбаланс, тым больш што на гэта ёсць важкія прычыны.
За апошні год дакументальнае кіно рашуча адваёўвае фестывальныя пазіцыі. Мастацкая ілюстрацыя рэальнасці — у трэндзе, і гэта відавочны факт, які не меў прэцэдэнтаў у гісторыі. “Палітычныя выбухі” Майкла Мура пачатку ХХ ст. у разлік не бяром — гэта ўжо хутчэй тэрыторыя паліттэхналогій, а не мастацтва.
Прыклады змены кінапарадыгмы на паверхні: сёлетнія Венецыя і Каны. Упершыню за 65-гадовае існаванне венецыянскага конкурсу “Залатога льва” атрымлівае дакументальная стужка — “Святая рымская кальцавая”. А ў другой па рангу конкурснай праграме Канаў “Асаблівы позірк” (тут цэняць наватарства і смеласць) перамагае камбаджыйска-французская “Зніклы вобраз”. Яе варта бачыць!
“Зніклы вобраз” (Францыя — Камбоджа, 2013 )
(кінатэатр “Мір”; 3 лістапада 19:15)
Камбаджыйскі рэжысёр Рытхі Пань у дзяцінстве страціў бацькоў і родзічаў у працоўных лагерах “чырвоных кхмераў”. Сам цудам застаўся ў жывых… і цяпер генацыд камбаджыйскіх камуністаў і яго наступствы — галоўныя тэмы аўтара.
Рытхі Пань беспаспяхова спрабуе знайсці праўдзівыя фотадакументы таго часу — нічога не захавалася, апроч афіцыйнай відэахронікі. Аўтар здавальняецца афіцыёзам, дадае лялечнай анімацыі, уласных дзіцячых уражанняў і — мікс спрацоўвае!
“Зімовыя качэўнікі” (Швейцарыя, 2012)
(кінатэатр “Мір”; 4 лістапада 18:00)
Гісторыя перагону вялізнага статка авечак двума пастухамі, Паскалем і Керэлем: за чатыры месяцы яны мусяць пераадолець адлегласць у 600 кіламетраў у Францыі і Швейцарыі, вытрымаць нечалавечыя выпрабаванні і расказаць пра сябе.
Прыгожы прыгодніцкі фільм, роўд-муві і дакумент часу ў адным флаконе. Сапраўдны гімн прыродзе і свабодзе. Фільм-лаўрэат Еўрапейскай кінаакадэміі — 2012.
“Забойныя сёрферы 3D” (Аўстралія, 2012)
(кінатэатр “Мір”; 2 лістапада 18:00)
У гэтым фільме тэма чалавека і прыроды разглядаецца ў крыху іншым ракурсе. Найлепшыя сёрферы планеты кідаюць выклік штармавой стыхіі і не спыняюцца перад перасцярогай метэаролага, што наступную хвалю перамагчы немагчыма…
Узрушальны 3D-экшн-дакумент. Прыхільнікі драйву і экстрыму будуць у захапленні, астатнія абыякавымі не застануцца!
“Міхаэль Х.: прафесія — рэжысёр” (Аўстрыя — Францыя, 2013)
(кінатэатр “Цэнтральны”; 2 лістапада 12:00)
Летась на “Лістападзе” стартавала новая пазаконкурсная праграма фільмаў пра рэжысёраў і акцёраў кіно — “Кіно пра кіно”. Сёлета яна мае працяг, ды яшчэ які!
Першы дакументальны фільм пра жывую легенду кіно Міхаэля Ханэке здымаўся больш за 15 гадоў. Яго рабіў сябар і паплечнік канскага трыумфатара Іў Манмеяр — праз яго пасярэдніцтва мы ўваходзім у святая святых творцы: Ханэке на здымачнай пляцоўцы, фестывальных прэзентацыях і падчас нязмушаных інтэрв’ю паўстае перад гледачом у новым ракурсе. І прыадкрывае творчую таямніцу.
“Бацька і сын” (Польшча, 2013)
(кінатэатр “Мір”; 6 лістапада 21:00)
Сямейны кінапартрэт двух яскравых прадстаўнікоў польскага дакументальнага кіно, бацькі і сына, Марцэля і Паўла Лазіньскіх. Каб дазнацца больш адзін пра аднаго, яны выпраўляюцца ў падарожжа па Еўропе, дзеляцца самым патаемным і фіксуюць усё гэта на кінакамеры.
Ідэя фільма нарадзілася ў малодшага з дуэта — Паўла, аднак бацька не ўпадабаў сынаву мантажную версію і зрабіў свой кінадакумент “Бацька і сын падчас падарожжа”. На “Лістападзе-2013” прадстаўленая версія малодшага Лазіньскага.
Фільм перамагаў на дакументальных фестывалях у Кракаве і Маскве.
“Андрэй Такінданг. Спынюся ў сярэдзіне” (Беларусь, 2013)
(кінатэатр “Мір”; 2 лістапада 20:00)
У пазаконкурсных паказах знайшлося месца і беларускаму кіно. Пераважаюць тут фільмы-партрэты прадстаўнікоў беларускага мастацтва — Андрэя Мдзівані, Уладзіміра Цэслера, Леаніда Дранько-Майсюка і нарэшце — Андруся Такінданга!
Фільм пра музыку і мастака Андруся пераносіць нас на канцэрты гурта “Рэха” ў беларускай глыбінцы, у мастацкую майстэрню, на здымкі тэлевізійнай перадачы — паказвае дзейнага і паспяховага творцу. Аднак з жыццёвых развагаў і спрэчак з бабуляй мы дазнаемся, які няпросты шлях да творчасці.
Фільм прадстаўляе рэжысёр праектаў “КРАЙ.BY” і “Бульбокс” Ігар Чышчэня.
З поўнай праграмай ХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, які пройдзе з 1 па 8 лістапада, можна пазнаёміцца тут: http://www.listapad.com/programm.
Фота: http://www.listapad.com/
Алесь Лапо