Юбілейны фэст музыкі маладой Беларусі “Басовішча”, што адбыўся 18-19 ліпеня у польскім Гарадку, меў свае адметнасці. Паляна Борык, дзе ўжо дваццаць пяты раз граюць музыкі, была запоўненая цалкам толькі двойчы. Гэта стала нечаканасцю як для выступоўцаў, так і для наведнікаў. І два гэтыя разы былі ў другі дзень фэсту. Першы раз – калі на сцэну выбеглі 25 дзетак з «АББА-аркестра». Дзеці, якія вывучаюць беларускую мову ў Беластоку, заспявалі з вядомымі беларускімі музыкамі хіты «Басовішча». Разам з імі выступілі Лявон Вольскі і Ігар Варашкевіч, Аляксандр Памідораў і Юрка Асеннік і Хрыстафор Сяськевіч з легендарнага “Кардону”.
“Дым” Памідорава, “Песня пра каханне” ад Вольскага, “Не быць скотам” і яшчэ больш чым дзясятак хітоў дзеці выканалі так, нібы ведалі словы гэтых песень з самага дзяцінства.
Украінскія “Гайдамакі”, гурт, што ўжо сёння едзе спяваць перад украінскімі вайскоўцамі, якія ваююць на ўсходзе Украіне з сепаратыстамі, яшчэ ў суботу стаў нечаканасцю для слухачоў “Басоў”. Гурту хутка таксама споўніцца 25 гадоў, і іх выступ прыцягнуў да сцэны не толькі жыхароў намётавага лагеру, але і мясцовых. Хітом выступу ўкраінцаў стала песня, прысвечаная героям Майдану, “Драўляны шчыт”. Зразумела, што жарты лідара гурта пра тое, што “Пуцін і тут нацыянальны герой” беларуская і польская публіка ўспрымала на фэсце на “ўра”, таму першыя акорды і словы ”Ла-лала” некалькі сотняў прысутных падхапілі словамі пра Пуціна.
Дванаццаць гуртоў змянялі адзін аднаго, нібы карты ў калодзе. Расказвае Аляксандр Памідораў, былы вядоўца і ўдзельнік фэсту:
“На жаль, генеральна на “Басовішчы” не мяняецца нічога. На жаль, гэты самы буйны ў свае часы беларускі фестываль актуальнай беларускай музыкі і рок-музыкі закукліваецца ў фармаце студэнцкай маёўкі ў выходныя дні. Пакуль гэта маё бачанне. “Басовішча” не мяняецца. Яно доўгі час было адзіным беларускім фестывалем. Асабліва пасля закрыцця “Рок-кола”, але нават цяпер на Беларусі шмат опен-эйраў, яны праходзяць досыць рэгулярна і ўзровень арганізацыі там значна вышэйшы. Да таго ж межы сталі больш празрыстымі, і людзі выбіраюць, куды і ім ехаць. І людзі едуць міма “Басовішча”. Хацелася б, каб яны спыняліся тут” .
Пра фестываль кажа журналіст Радаслаў Дамброўскі, адзін з былых арганізатараў фэсту:
“Гэта перш за ўсё ўспаміны і нейкае сяброўства, знаёмства з беларускай музыкай і людзьмі. Можа, і цікавасць да “Басовішча” пачалася таму, што тут я сустракаў новых людзей і даведваўся пра розныя плыні. Мы як арганізатары ўжо ў 2008 годзе ламалі праграму рок-фестывалю. З’яўляўся фольк. З’явіўся нейкі рэп яшчэ ў 2005-м годзе. Галоўным фундаментам было некалькі гуртоў, якія выраслі на “Басовішчы”. Яны пачыналі граць у конкурсе, пасля выступалі. А цяпер пачалі з’яўляцца новыя музычныя кірункі. У галоўным, думаю, няшмат змяняецца і нямногія чакаюць зменаў, бо калі змены з’яўляюцца, пачынаецца крытыка. А калі іх няма – з’яўляецца крытыка, што фэст патрабуе зменаў. Адзінае, што не мяняецца, – гэта магчымасць сустрэць новых людзей”.
Наведнікі канстатуюць, што для большасці з іх мерапрыемства сталася традыцыяй, ці, як любяць казаць на тэрыторыі Польшчы, “кліматы”. Таму сярод прысутных можна было ўбачыць і людзей старэйшага пакалення, і іх дзяцей, якія ў гэтым годзе сталі арганізатарамі фэсту.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі