Новы выпуск на канале CHADANOVIČ пра найпапулярнейшую сярод беларусаў і самую актуальную для нас тут і цяпер кнігу — аповесць Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха».
У новым выпуску:
— якія паралелі ёсць паміж «Дзікім паляваннем караля Стаха» і «Сабакам Баскервіляў»;
— чым падобнае «дзікае паляванне» на сучасных беларускіх сілавікоў;
— як стваралася аповесць і прычым тут украінская свядомасць;
— навошта Караткевіч паказаў заняпад беларускай шляхты;
— якія прыёмы выкарыстоўвае класік, каб заблытаць чытача;
— ці спадабалася Караткевічу экранізацыя «Дзікага палявання караля Стаха» і дзе Андрэй Хадановіч паглядзеў гэты фільм;
— што за скандал здарыўся з лібрэта па аповесці класіка і прычым тут Раман Пратасевіч.
Бонус. Прыклады ўкраінізмаў ў кнізе «Дзікае паляванне караля Стаха».
Некалькі думак з відэа:
Аўтар займае месца на трыбуне і пачынае казанне на карысць Беларусі — здратаванаму, занядбанаму, прыгнечанаму краю, падымаючы на паверхню яго таямнічасць, магічнасць, самабытнасць і непадобнасць да суседзяў, да ўсходніх суседзяў, што істотна. Аповесць гучыць выразна антыімперскі, але гэтая антыімперскасць выражаецца эзопавай мовай савецкага часу. Сякія-такія ахвяры і саступкі цэнзуры, пануючай ідэалогіі, аўтар мусіць зрабіць. Гэта раз-пораз інтэрнацыяналісцкія ноткі і раз-пораз знявага беларускай шляхты, да якой аўтар ставіцца з усёй магчымай сімпатыяй, але тут у сваёй ранняй аповесці ён гуляе па правілах гульні, у якую ўвязваецца.
Што робіць аповесць найбольш актуальнай тут і цяпер? Гэта сітуацыя, на першы позірк, безнадзейнай рэакцыі, у якой пры наяўнасці цярплівасці, адвагі і розуму можна перамагчы. Аналагам нашых жахлівых сілавікоў выступае «дзікае паляванне», якое аказваецца такой дэнацыянальнай здэградаванай элітай. Ці не такія нашыя афіцэры са зброяй, у чорных масках са шлемамі і дубінкамі? Эскадрон смерці караля Стаха тэрарызуе беларусаў, але не толькі дзеля сваіх, але і дзеля імперскіх інтарэсаў. Пісьменнік як бы даследуе межы нашай цярплівасці, але ўрэшце паказвае, як пралітая кроў перапаўняе берагі, і мы бачым стыхійнае паўстанне. Так бы мовіць «сілавікі» выяўляюцца так бы мовіць «слабавікамі», як толькі сутыкаюцца з годным адлупам, як толькі ім супрацьстаяць не бяссільныя людзі, а арганізаваная маса, хай нават горш чым яны ўзброеная.
Самы актуальны на сёння персанаж — малады і гарачы праўдашукальнік Андрэй Свеціловіч. Актуальны сваімі ўкраінскімі сімпатыямі. Гэта чалавек, які разумее, што Беларусь і Украіна абсалютна адзіныя ў сваім антыімперскім змаганні, бо маюць агульнага ворага. Самі разумееце, якога ворага.
Уладзімір Караткевіч стварыў аповесць з добрым фіналам, дзе «дзікае паляванне», як і ўсякая бязлітасная цемра, знікае, таму верым у святло, верым у саміх сябе, верым у Беларусь і беларусаў, як гэта рабіў наш легендарны класік.