У гэтай літаратурнай прэміі можна колькі заўгодна накручваць галасаванку ў інтэрнеце ды наракаць на несумленнасць журы. Усё адно выбар пераможцы вызначаецца толькі яе заснавальнікам. Адам Глобус уручыў сваю «Залатую літару» на «Кніжным нулявым кіламетры” ля кнігарні «логвінаЎ».
Як гаспадар прэміі Глобус паводзіўся вельмі гасцінна і па-хатняму, магло падацца, што вы трапілі на невялікую сямейную ўрачыстасць. Жонка пісьменніка Алена Адамчык штосьці падказвала мужу, дачка Ядзвіга размаўляла з гасцямі, брат Міраслаў перасоўваўся з фотаапаратам. Сам Глобус быў нетыпова лагодны, хваляваўся, ці ўсе ў зборы, і кожнаму казаў нешта прыемнае. Упершыню за 10 гадоў існавання прэміі ўзнагароджанне адбываецца публічна – з успышкамі фотакамер ды ўдзячнымі словамі. Раней заснавальнік проста сустракаўся з пераможцам за кубачкам кавы. Атрымаць узнагароду можа любы аўтар і нават некалькі разоў, адзіная ўмова – гэта павінная быць папяровая кніга на беларускай мове.
Дарэчы, сям’я мела сваё меркаванне пра тое, хто варты ўзнагароды. Жонка заўзела за Насту Манцэвіч, а мама пісьменніка перажывала за Календу. Калі ля ганку сабралася троху людзей, Глобус сказаў пару словаў пра кожнага намінанта: «Я ўсіх іх вельмі люблю. Валодзя Арлоў – сімвал нашай традыцыі, у ім сумяшчаецца рамантызм Караткевіча, лірызм Стральцова, разанаўскі інтэлект. Наста Манцэвіч, якая, як бы яна ні адракалася ад свайго наватарства і мужнасці, стала сапраўдным класным літаратарам. Сяргея Календу паважаю за тое, што ён стваральнік і арганізатар літаратурнага працэсу, нашая надзея. А самы мужны і самаахвярны чалавек – Алесь Бяляцкі, які сядзіць за нас усіх”. Адам Глобус патлумачыў, чаму не ўручыў прэмію яму, нягледзячы на перамогу паводле інтэрнет-галасаванкі: “Лічу, што гэта няправільна, свята без іменінніка – гэта не свята”. Ну а традыцыйныя 100 еўра і сваё прызнанне Глобус аддаў Валянціну Акудовічу – “чалавеку, якога заўжды няма, цудоўнаму, як нуль у матэматыцы”.
Акудовіч, разняволена запаліўшы, пусціўся ў разважанні пра непрадказальнасць глобусавага выбару: “Скажыце, як можна знайсці нейкую агульную меру для двацаццітомнага акадэмічнага збору твораў Якуба Коласа і малюпасенькай кніжачкай Насты Манцэвіч? Ды няма ў прыродзе такой меры, і быць не можа! Хіба акрамя рулеткі”, – і высунуў каспіралагічную версію, што ў адной з кватэраў Адама Глобуса знаходзіцца хатняе казіно, у якім ён і вызначае лёс сваіх намінантаў. “Але ўсе мы ведаем, што радасць ад выігрышу ў казіно нашмат прыемнейшая за радасць ад таго, што зароблена мазалём. І я яе сёння нікому не аддам”, – сказаў Акудовіч, і ўсе перамясціліся ўглыб кнігарні ў кулуарныя размовы ды сціплыя выступы, да якіх заклікаў Глобус маладых аўтараў, зноў жа быццам на сямейным застоллі: “Настачка, ну скажы што-небудзь старэйшым таварышам”.
І па тым, як перажывалі некаторыя намінанты, было ясна, што нават такая камерная асабістая прэмія, якую па сутнасці пры жаданні можа заснаваць кожны чытач для свайго ўлюбёнага аўтара, мае сваю вагу. А тым больш, калі гэты чытач – Адам Глобус.
Аляксандра Дорская
Фота Зарына Кандрацьева