Сёлета ў Любанскім раёне зноў прайшоў моладзевы этнаграфічны летнік “Пятровіца”. Ён ладзіцца з 2011 г. і прымеркаваны да дня святых Пятра і Паўла, які праваслаўныя вернікі адзначаюць 12 ліпеня.
Час ад Купалля да Пятра, на які прыпадае летнік, у беларускай традыцыйнай свядомасці пазначае самы росквіт прыроды, пасля якога і лета ўжо не лета, хоць і да восені яшчэ далёка. Кажуць: “Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілля – апала два”. У традыцыйных песнях сустракаюцца радкі:
Ой ты, зязюля,
Нядоўга ж табе кукаваці,
Ад Вялікадня да Пятра
Вядома, што з кукаваннем зязюлі звязвалі “сапраўдны” прыход вясны, цёплых дзён. Таму тое, што зязюля пераставала кукаваць, сімвалізавала завяршэнне вяснова-летняга перыяду. І праўда, неўзабаве пасля Пятра пачынаецца жніво, якое ў традыцыйным календары прымыкае хутчэй да восені, чым да лета.
“Пятровіцай” на Любаншчыне завуць Пятроўскі пост, які завяршаецца 12 ліпеня, у дзень святых Пятра і Паўла. Гэтую назву абралі для летніка, які спачатку задумваўся як школа традыцыйнага танцу. Аднак з кожным годам удзельнікі маюць усё больш магчымасцяў пазнаёміцца з рознымі аспектамі традыцыйнай культуры Любаншчыны. І не проста пазнаёміцца, а паўдзельнічаць у майстар-класах, павучыцца, так бы мовіць, з першых рук. Сёлета і лапці плялі, і каравай пяклі, і, канечне ж, танчылі.
Завяршаецца летнік штогод 12 ліпеня святкаваннем Петрака ў вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна. Тут нарадзіўся Павел Шпілеўскі, найбольш вядомы як вандроўнік і этнограф. На аснове сабраных матэрыялаў па беларускай традыцыйнай культуры ён пісаў не толькі навуковыя працы, але і драматычныя творы.
У Шыпілавічах даўней на Петрака быў кірмаш – да жыхароў з’язджаліся родныя і сваякі. Летнік “Пятровіца” – своеасаблівы працяг гэтай традыцыі. Шыпілаўцы вельмі чакаюць гасцей, штогод хвалююцца: ці прыедуць? Арганізатары летніка – сям’я Кухарэнкаў і работнікі культуры Любанскага раёна – супакойваюць: прыедуць! І праўда – прыязджаюць. З усёй Беларусі, з Расіі, Літвы. Некаторыя – кожны год.
Гарадская моладзь – удзельнікі летніка – аднаўляе даўнейшыя святкаванні па аповедах носьбітаў традыцый. Дзяўчаты ўюць вянкі, ідуць па вуліцы з пятроўскімі песнямі, ля жылых хат водзяць карагоды. Шыпілаўцы і госці вёскі збіраюцца на лузе, там гуляюць, парамі скачуць праз вогнішча. Дзяўчына аддае хлапцу свой вянок, яны пераскокваюць агонь, цалуюцца, і тады хлапец вянок вяртае. Так пары кумяцца і павінныя разам гуляць цэлую ноч. Шкада, што пятрова ночка малюсенька! На лузе водзяць карагоды, асабліва цікавыя карагоды жаночыя, падчас якіх незамужнія дзяўчаты стаяць адна за адной, а замужнія жанчыны, узяўшыся за рукі, змейкай абыходзяць іх, пяюць, такім чынам бласлаўляючы дзяўчат на шчаслівае сямейнае жыццё. Пасля карагодаў і скокаў гатуюць юшку (па біблейскім паданні, Пётра быў рыбаком). Удзельнікі летніка дэманструюць сваё танцавальнае майстэрства, якое за час Пятровіцы значна ўдасканалілася. Танчаць, бывае, і да раніцы. Налета далучайцеся!
Алена Ляшкевіч
Фота: Аляксей Сталяроў